Калі маладзіца з перадачай выбегла на вуліцу, Давідзюк быў яшчэ недалёка, бо перад канём подбегам ішла рыжая карова са збітым рогам ды ніяк не здагадвалася сысці з дарогі. З-за платоў сачылі насцярожаныя грыбоўшчынцы — крыкнуць апосталу Тэкля не адважвалася.
Ужо маладзіца даганяла фурманку, але раззлаваны Давідзюк рагулю аб'ехаў і папёр буланчыка наўскач, Яна ціха заплакала ды паплялася дамоў.
2
Атрымаўшы падрабязныя рэляцыі ад епіскапаў і ксяндзоў пра тое, якія страсці разгарэліся па беларускіх вёсках, кардынал Польшчы, ксёндз, доктар Аўгуст Хлёнд даўно зразумеў, што настае момант, калі сам усявышні падае яму магчымасць узяць рэванш. Цяпер гэтае самае ненавіснае праваслаўе ён без вялікіх намаганняў аслабляў іншым спосабам. Павятоваму і ваяводскаму начальніку кардынал строга загадаў — не спускаць вока з абшчыны і трымаць яго ў курсе грыбоўшчынскіх падзей.
Выязджаючы ў Грыбоўшчыну па сігналу з гміны, сакольскія следчыя чамусьці старосце нічога не сказалі. Даведаўся павятовы начальнік, што за вязень сядзіць у яго турме, і перапалохаўся.
Староста адразу памчаў у Беласток. З ваяводам Генрыкам Асташэўскім пазванілі ў Варшаву. Кардынал спатрабаваў начальнікаў да сябе.
Прымас Польшчы ў пурпуровай мантыі ўважліва ваяводу са старостай выслухаў і першым чынам надта здзівіўся.
— Панове, то гэты мужык з такім хара-актарам?.. Але ж — выдатна! Ён і праўда — той, хто нам патрэбен!.. Не будзем, мае дарагія, суровы лішне к людзям! I ў саміх ёсць эканомкі! Ды і віна яго не вялікая — з такім жа поспехам мог старога прыкончыць і сапернік, але лёс выпаў зрабіць гэта яму! Тым лепей, што гэтаму мужыку палец у рот не кладзі, а ўсявышні не пазбавіў яго і ў семдзесят гадоў удачы!
Кардынал ад захаплення не знаходзіў слоў.
— Што ж, вакол талкавання святых кніжак русіны распалялі фанатызм і не такі! — стаў успамінаць ён гістарычныя паралелі.— Пры цары Аляксею Міхайлавічу тысяч з дваццапь клікуш спалілі сябе толькі ў адным Пашахонскім уездзе!.. О! як гэта мудра, што наш касцёл не дазваляе сваім міранам талкаваць святое пісанне!.. I гэтыя мужыкі Біблію наталкавалі — яшчэ адну секту адкрылі, ды якую магутную, хто б спадзяваўся!.. Панове, вы самі бачыце, што за апусташэнне ён нанёс праваслаўнай царкве, як на фоне гэтага вар'яцтва русінскіх тлумаў выглядаюць нашыя касцёлы на Крэсах!
— Маеце слушнасць, ваша экселенцыя! — пачціва падтакнуў ваявода.— Ды і ў грыбоўшчынскім бедламе столькі нашага! Царква прарока больш на касцёл падобная, у цэнтры вісіць абраз маці божай з Чэнстаховы!
— Я ўсё гэта ведаю!.. Панове, і на мінуту не маеце права забываць, што Ватыкан аб'явіў вашы землі «тэрыторыяй місіянераў». Трэба нам канчаткова выпіхнуць адтуль праваслаўе і наблізіцца да граніц Савецкага Саюза! Гэты волат на гліняных нагах вось-вось пачне рассыпацца! Грузіны, татары, башкіры, украінцы — даўно ўжо чакаюць, каб узняць разню, якой яшчэ свет не бачыў! Тады ваша ваяводства стане для каталіцкіх місіянераў базай для паходу на Усход! Не забывайце, панове, вялікага католіка Стэфана Баторыя... Такой спрыяльнай атмасферы сталіца апастольская не мела на Крэсах Усходніх гадоў трыста!
Староста і ваявода пачціва падтакнулі.
— Такім чынам, мы не зацікаўлены, каб глушыць гэтую секту. Інтарэсы святой веры патрабуюць, каб захаваць яе. Пра вашага мужыка ведаюць нават у Ватыкане!.. Так, так, вашыя рэляцыі ўжо запатрабавалі туды! Гэтага арыгінала зараз жа выпусціць!
— Справа ўжо атрымала такое гучанне...— выказаў заклапочанасць ваявода.
— Трэба было заглушыць яе ў зародышы! Цяпер — думайце самі, панове, як арганізаваць усё, вы людзі вопытныя, і вам на месцы відней. Канфлікту з паліцыяй мець не будзеце. Міністэрства ўнутраных справаў таксама вашага Эльяша падтрымлівае! Клімовіч глушыць работу камуністаў, і генерал Славой-Складкоўскі выдасць заўтра ж дадатковыя распара-джэнні паліцыі! Захавайце, прашу вас, асцярожнасць. Барані божа чым-небудзь выдаць сябе: рабіце ўсё так, каб ніякая вестка не пранікла ў левыя газеты, а тым болей — за граніцу!
— Будзе выканана, ваша экселенцыя!
— Я са свайго боку падтрымаю вас таксама. Папрашу прэзідэнта, каб узнагародзіў гэтага хлопа яшчэ раз. Еніскап Ялбжыхоўскі ў тыя вёскі, дзе праваслаўе найбольш пахіснулася, пашле «Жывыя Ружанцы» — гэтых гарачых сэрцаў у нас дзесяткі тысяч, і ўсе яны прагныя да дзеяння ва славу Хрыста! Духоўныя па прыходах атрымаюць інструкцыі, як тлумачыць з амбона грыбоўшчынскае цячэнне! Больш ласкі гэтаму мужыку! Запрасіце яго, пане староста, на імяніны жонкі ці дачкі, а то проста — на абед!
Читать дальше