Тады зборышча распраналася да бялізны, людзі ўтваралі кола, клалі сабе рукі на плечы і пачыналі выбіваць чачотку ды ў такт выкрыкваць.
Святую вадкасць з дамешкай крыві валынскія сектанты адмервалі напарсткамі ды прадавалі як рэліквію і сродак ад усіх хвароб: запораў, Антонавага агню, сляпой кішкі, уроку, загавораў, ламаты ў спіне, сухотаў і белай гарачкі. Ёю мачылі хусцінкі, якія ўручалі місіянерам, калі тыя накіроўваліся ў вёскі прапаведаваць вучэнне галоўнага «сіяніста». Мачылі анучы і кідалі іх пад ложак, каб вывеліся блашчыцы ці прусакі.
У тыя самыя дні, калі сяляне Косаўшчыны падаставалі з-пад стрэх вінтоўкі, пабралі сякеры і вілы ды пайшлі граміць пастарункі, сектанты Піншчыны стварылі духавы аркестр, абыходзілі вёскі, хутары і рабочыя пасёлкі. Пачуўшы здалёк бравурную музыку, людзі кідалі работу, збягаліся паўзірацца на дзіўнае воінства, а ў гэты час «лаўцы душ» — прапаведнікі — узлазілі на складныя табурэткі і заклікалі слухачоў уступаць у «Вінаграднік Хрыстовы» прарока з Кобрына — Кастуся Ярашэвіча.
На аркестр і хор Ярашэвічу баптысцкі цэнтр са Злучаных Штатаў прыслаў долары, і гэты прарок са сваёй капэлай выязджаў на гастролі нават за акіян. Кобрынскія дзяўкі з эмігранцкіх сцэн і эстрад Ныо-Йорка, Чыкага, Філадэльфіі восем месяцаў давалі канцэрты, славілі ў песнях Хрыста і Егову ды побач з гэтым спявалі «Зязюленьку». «Ой, лянок», «Ні аддай жа міне, маці!».
Неўзабаве дзяўкі ў забітыя паляшуцкія вёскі прывезлі нябачныя дагэтуль бюстгальтары, трусы, стракатыя, як дзятлы, кофты ды апавяданні пра заморскія дзівы, чым выклікалі ў сябровак зайздрасць і прыток новых людзей да Ярашэвіча.
Але, напэўна, усіх пераплюнуў прарок з-пад Маладзечна, які стварыў секту «планетнікаў».
Падобны на Клімовіча дзядзька пачаў прапаведваць навіну, бытта людзі пасля смерці пасяляюцца на другія сусветы, што бог яму даручыў пачэсную місію— выдзеліць на небе кожнаму мужыку па цэлай планеце: з палямі з чыстага чарназёму, з лесам і выганам, сенакосам ды рэчкай!
I знайшліся сяляне, каторыя гэтаксама сталі нагвалт прадаваць свае гнілыя будынкі, камяністыя вузенькія палосачкі, на якіх нават нельга было павярнуцца і каню, каб не патаптаць поле суседу. Усе яны з сем'ямі пабеглі да маладзечанца, каб там прагна чакаць смерці і нарэшце разжыцца абшарам ды стаць сапраўдным гаспадаром, багатым і незалежным, на ўсю планету!..
А гэтым часам у Альяша пад бокам з'явіўся небяспечны сапернік, чорнабароды айцец Мікалай.
3
Мікалай Рэгіс быў родам з Жабінкі, а ў Грыбоўшчыну з'явіўся пасля прыгоды ў Падзалуках. Над мужыкамі з гэтай вёсачкі надта ў маім Страшаве пацяшаліся. Што ж, смяяцца сапраўды было з-за чаго.
Адмірал Калчак побач з кавалерыяй, кулямётнымі і сапёрнымі ротамі завёў сабе яшчэ «Ісусавы палкі». Такіх салдат апранаў у мундзіры з крыжамі, наперадзе такога палка крочылі папы. Пасля грамадзякскай вайны будзёнаўцы і чырвоныя матросы засталіся ў СССР, затое ў вёскі Прынёманшчыны прыбегла шмат салдат белай арміі.
У Падзалуках якраз і асела цэлае аддзяленне «Ісусавага палка».
I вось аднаго зімовага вечара завітаў да іх абарваны і ледзьве не босы барадач. Солтыс, як рабіў гэта заўсёды ў падобных выпадках, праверыў у вандроўніка дакументы і павёў яго да Валодзькі Каваля начаваць.
Мікалай Аляксандравіч! — па-інтэлігентнаму прадставіўся госць, назваўшы сваё прозвішча, ды сціпла прысеў на лаве чакаць, калі гаспадыня пакорміць бульбай з расолам.
Далікатныя манеры, чыстая руская мова вандроўніка ўзбударажылі вёску. Слухаць яго збеглася поўная хата прагных да навін сялян.
У той вечар у халупе падзалукскага Каваля доўга гарэла газовачка. Барадач столькі ведаў пецярбургскіх гісторый ды падрабязнасцей пра жыццё архірэяў і двара, што мужыкі пачалі насцярожана да незнаёмага прыглядацца.
— Мужчыны, я так думаю: ці не пераадзеты цар гэто? — выказаў здагадку адзін селянін, калі позняй ноччу мужчыны пакінулі Кавалёву хату.— З паўгода, пэўне, ужэ не чуваць, каб дзе-небудзь з'явіўсо на людзях![ 8 8 Нейкі Восіп Вахлінскі з-пад Гайнаўкі, паляк па нацыянальнасці, з жонкай немкай у 1931 г. аб'явіў сябе Мікалаем II. Ён то хадзіў абарваны па хатах Гродзеншчыны, то ездзіў тройкай гнядых. Ахвотна прымаў запрашэнні на банкеты ў свой гонар. У пе-рапоўненых цэрквах выстойваў з «царыцай» малебен, які заканчваўся агульнай песняй «Божа, цара храні». Калі «цар» потым з'яўляўся на цвінтары, гучала каманда — смірна! — і некаторыя мужыкі па-вайсковаму аддавалі яму чэсць. У доме, дзе «цар» начаваў, выстаўлялі ганаровую варту.
]
Читать дальше