Іхняя наіўнасць стаяла побач са святасцю.
2
Маленні, спяванне псалмоў і трапараў на вечарах у Грыбоўшчыне зблізілі паклоннікаў «новага вучэння» і сцэментавалі іх у дружную абшчыну.
Альяшова эліта жыла бесклапотна, прыпяваючы. Каб не трапіць «во искушение дьявольское», каб заглушыць у сабе плоць, змагары за «чысціню веры» ва ўсім свеце прыдумалі розныя схімніцтвы, адмысловыя пасты, накладвалі на сябе жалезныя вярыгі, да ног прывязвалі ды валачылі за сабой пудовыя гіры, цэлую зіму хадзілі босымі, а то — замыкаліся на гады ў сырыя пячоры.
«Трэція свяшчэннікі» і не думалі іх паўтараць.
Тэкля нават прывезла да Альяша з Празнікаў свой сіні, размаляваны белымі ўзорамі куфар з кофтамі ды сукенкамі і клапацілася аб старым, як самая верная жонка.
Непрыкметна ля кожнага апостала з'явілася «святая сястра». Апосталы ад гэтага нібы памаладзелі і не вельмі цяпер спяшаліся з вёскі, каб «прыдбаць новыя душы».
Альяш меў ужо пад семдзесят. Ён быў няздольны, каб зразумець, якая навісла над яго абшчынай пагроза і куды ўсё гэта вядзе. Ніхто не заўважыў, калі ў Грыбоўшчыне ўсё пайшло перакосам.
Каля гуранскай дарогі на пагорку стаялі спарахнелыя крыжы ды расло з дзесятак рыжабокіх ядлоўчыкаў — стройных, бытта кіпарысы. Між копчыкаў і ядлоўцу слалася па пяску, і ўпарта выстойвала супроць ветра, гарачыні, сушы, і нават замацоўвала сваё існаванне нейкая зялёная і сакавітая раслінка-ўюнок. Тут спрадвеку хавалі дзяцей, якія нараджаліся нежывымі.
Аднаго разу ў Грыбоўшчыну брыло аднекуль чалавек сорак багамолаў ды багамолак, яны спыніліся пад спарахнелай крыжавінай. Пілігрымы на копчыках памаліліся, папалуднава-лі. Тады жанчыны расплялі косы, схадзілі да калодзежа і ў бутэльках з-пад малака прынеслі вады. Затым мужчыны паклаліся, а багамолкі сталі мыць ім ногі. Выцершы кавалерам ступакі распушчанымі валасамі, багамолкі дружна пазнімалі сукенкі...
Хутаранскія цёткі падышлі і аслупянелі ад таго, што ўбачылі: на багамолках іх напарнікі ехалі ў рай! Прыйшоўшы ў сябе ад жаху і абурэння, гуранскія бабы выпусцілі з рук кошыкі ды з віскам кінуліся назад.
— Што яны робяць там, распутнікі, дзеці ж глядзяць! — уляцелі цёткі са скаргай у вёску.
Хапіўшы, што трапіла ў рукі — калы, пугі,— мужчыны рынуліся да могілак. Сяляне потым дзівіліся,— як іх ні дубасілі, ні кідалі аб зямлю, пілігрымы толькі непрытомна нешта мармыталі ды хрысціліся.
За Бераставіцай у Рамуцеўцах сектанты, якія адкалоліся ад Альяша, таксама выкінулі лозунг: «Далоў сорам!»
Ноччу зборышча рамуцеўцаў клала ў балейку раздзетага мужыка ці жанчыну ды пад ліхаманкавыя малітвы і завыванні чэрпалі з балейкі ваду і пілі.
Раптам адкалоліся ад Альяша самыя верныя яго багамолы ў Цялушках пад Гайнаўкай. Цялушкінцы аб'явілі сябе анёламі. Яны складчынай купілі аж шэсць царкоўных званоў, пачапілі пасярэдзіне вёскі на дубовыя перакладзіны і па іхняму перазвону збягаліся на сустрэчу са святым духам у хату, празваную чамусьці «каўчэгам».
Потым голыя маршыравалі па вуліцы. Ад незвычайнага карнавалу шалелі цялушкінскія сабакі. Жучкі ды Тузікі не пазнавалі сваіх гаспадароў. Са ўздыбленай на спінах поўсцю наравілі яны ўхапіць іх за ягадзіцы, што выклікала надта ж вялікую весялосць у вясковае дзетвары.
Зрэшты, так было не толькі на Гродзеншчыне. Здушаныя сацыяльным і нацыянальным прыгнётам людзі спарадзілі выбух рэлігійнага псіхозу, якога не было даўно. Захлынула хваля дзікага сектанцтва!
На Валыні мужык Іван Мурашка адкрыў секту «сіяністаў». Пару гадоў ён хадзіў па вёсках з грыфельнай дошкай на шыі і з надпісам: «Я — нямко, але хутка бог мне адкрые вусны і на сямі мовах скажа праз іх вам, што рабіць!»
Нарэшце дошку ён адкінуў ды аб'явіў:
— Усе ў грахах! Набліжаецца канец! Усё ператворыцца ў пыл і попел, людзі счэзнуць з твару зямнога, застануцца толькі мае вучні!
Для сустрэчы на небе з Ісусам Хрыстом сваіх аднадумцаў Мурашка намерваўся перасяліць на гару Сіон, таму сектанты самі сябе назвалі «сіяністамі».
Збіраліся мурашкінцы таксама вечарамі. Новы прарок занавешваў вокны, укручваў лямпу і ў паўзмроку раздзяваў «жонку па духу» — Кавальчук Вольгу — і клаў яе на «святую плашчаніцу». Тады перад застылымі ў містычным жаху людзьмі браў абцугі, адцягваў скуру на грудзях жанчыны і брытвай рабіў надрэзы: у «сіяністаў» гэта называлася — «здымаць пячаці». Кроў маладзіцы прарок пускаў у бутэльку з вадой. Ма-лінавай вадкасцю пэцкаў усім прысутным «сіяністам» ілбы, шчокі і даваў прычашчацца.
Читать дальше