— Айцец Ілья, прыехаў я да вас, каб усе думкі і помыслы, што гасподзь бог будзе глаголіць вашымі вуснамі, упісываць у Біблію!
Дзядзька Альяш ад разгубленасці нават хмыкнуў, але нічога не адказаў. Адразу паслаў у вёску Майсака шукаць для госця кватэру.
Рэгіс, мабыць, дасканала вывучыў натуру падобных людзей. А мо завочна добра ведаў Альяша — у часы бадзяння наслухаўся пра яго дастаткова. Так ці інакш, з таго часу стары нібы падрос, нават горбіцца стаў як бы менш, а да госця адносіўся з пашанай.
Новы апостал неўзабаве Альяшовых багамолак узяў не толькі сваёй мажнасцю. Калі былы харыст у грыбоўшчынскай цэркаўцы зацягваў псалм, людзі адны адным паказвалі дзіва — дрыжалі лямпы, а на свечках і лампадах трымцелі агеньчыкі!
У крынкаўскім рэстаране, падвыпіўшы, Мікалай дэманстраваў фокус: яму падносілі фужэр, дзячок «пускаў ноту» ў посуд, і фужэр разлятаўся ўшчэнт!
Пасяліўся ён на кватэры ў Міхала Лапуця, абставіў пакой абразамі, сярод якіх была ікона святой тройцы нябачных дагэтуль на вёсцы памераў — два на тры метры!
У грыбоўшчынскую цэркаўку Рэгіс хадзіў толькі пад настрой. Часцей за ўсё Мікалай прывалакаў кошычак гарэлкі з закускай, закрываўся ў пакоі і не выходзіў да багамолаў, покуль не канчаліся запасы. Такім чынам, былы дзячок усё, што зносілі яму людзі, прамантачваў. Трэба аддаць яму справядлівасць, часамі быў шчодры.
Пачала Лапуціха распальваць у пліце, а Мікалай падаў ёй сваю бутэльку з нафтай:
— Не мучся, бабо, не дуй так, лопнеш! На, аблі дровы, і яны ўраз займуцца агнём!
Гаспадарлівая Міхалава жонка толькі пырснула для блізіру дарагую вадкасць і бутэльку прыхавала.
Аднойчы п'яны Рэгіс уваліўся ў хату да Лаліцкіх, калі там былі толькі дзеці, і пачаў раздаваць грошы. Малыя атрымалі суровы наказ ад бацькоў — у чужых нічога не браць, але на гэты раз падаліся спакусе, падарунак прынялі.
Назаўтра стары Лапіцкі вывалак з-пад ложка новыя боты, каб ісці ў гміну, ды аслупянеў: у наску ляжалі залатыя рублі з адбіткам цара!
Зрабіўшы дзецям суровы допыт, дзядзька забег да марнатраўцы, паклаў манеткі на стол:
— Айцец Мікалай, вы пакінулі іх учора ў маёй хаце!
— То пашто аддаеш?! — здзівіўся Рэгіс.
— Не хачу чужого.
— Бяры, бяры, покуль не раздумаў!
— Я іх не зарабіў, і яны не мае.
— Ну і дурань!
— Які ўжэ е.
Але найбольш каларытнасць сваёй натуры марнатраўца і праныры Мікалай выявіў пры наведванні сваіх шматлікіх паклонніц па вёсках.
5
У летні дзень Рэгіс наняў за дзесяць злотых Мірона Кастэцкага з фурманкай. Мікалай вынес загорнутую ў прасціну ікону Журовіцкай божай маці на грушы, уладкаваў яе ў саломе ды фурмана папярэдзіў:
— Толькі не смейся, калі ўгледзіш нешта!..
— А мне што?! — паціснуў плячыма Мірон, яшчэ не надта разумеючы, у сувязі з чым патрабуюць ад яго такое абяцанне.
Мужчыны селі на засланы пасцілкай воз, паехалі.
— Ну, Мірон, хваліся, якое маеш багацце! Фурман узрадаваўся, што слаўны, інтэлігентны пасажыр, ды гэтак папулярны сярод людзей, не ганьбуе ім, і ахвотна размову падтрымаў.
— То вядомо, якое... Дзве каровы. Каня. Пару авечак. Жонку і пяцёро дзяцей...
— Яшчэ, напэўна, Бобіка, ката, свінню з парасятамі ды курэй з дзесяць!.. Дзеці мурзатыя, босыя, бо ты, боўдзіла, нават абутку ім, вядома, не прыдбаеш!
— От яшчэ!.. Не панскія — летам босымі ўсе лётаюць! — не пакрыўдзіўся фурман і ўздыхнуў: — Надто цяпер не накупляешса той абутак, няма вельмі заробку зара. Раней у Гродне на фартах хоць крыху прыраблялі, то шашу пракладвалі з Беластока на Ваўкавыск, і наймалі нас, а цяпер — дзе мужыку той грош зарабіць?.. Хібо падвязеш так во якого папа, зімой лес з дзялянкі завалачэш на станцыю, ды баба прадасць якое яйко або пеўніка...
— Лапухі вы, лапухі!.. Глядзі, Пінкус адных агаркаў ад свечак на два пуды кожны дзень збірае ў Альяша! Воск пераплаўляе, робіць зноў свечкі і мае прыбытак!.. Але Піня не лянуецца дзеля гэтага і з Крынак ехаць сюды ў дождж і ў мароз, вы ж — сядзіце на залатой жыле, ды цяжка вам задніцы падняць!..
— Гэто — праўда! — самакрытычна згадзіўся Мірон, успамінаючы Беластоцкага Вацэка.
— Во! — раптам успомніў Мікалай.— I Клемус Амерыканец з Алекшыц стаў падбіваць кліночкі да Альяша!.. Толькі Піня Клемусу, пабачыш, спуску не дасць!.. От будзе пацеха, калі счэпяцца між сабой два гандляры!..
Мірон прамаўчаў.
Праехалі яны Крынкі і накіраваліся ў Алекшыцы. На небе — ні хмурынкі. Не было і ветру. Час цягнуўся паволі. Хіліла на сон, было цяпло, ды стаяла такая ціш, што здавалася — было чуваць, як збоч дарогі дружна цягнула сокі зямлі буйная, густая яравіна. На пустым шляху са знямоглымі ад спякоты вербамі тады-сяды трапляліся адно палякі, што гурбамі ішлі ды ехалі да касцёла, а іхнія фурманы паганялі па-свойму коней: «Вічта, вьё-о!„»
Читать дальше