Мітраналіт спахапіўся, што гаворыць неасцярожна, і загадаў свайму калейніку-манаху прасачыць, каб ніхто іх не падслухаў з прыёмнай. Тады саноўнік перайшоў на свецкі тон.
— З кім ты, Сяргей Іванавіч, ваяваць уздумаў?.. Нават бабак падкупіў у нейкай там вёсачцы!..
— А-а, праінфармавалі ўжо! — сумеўся архірэй ды выбухнуў: — У мяне ўсе прыходы аголеныя з-за гэтага мужыка! Я вымушаны штосьці рабіць!..
Пастукваючы посахам, гаспадар захадзіў па пакоі:
— Бачыш, як справу палякі арганізавалі!.. Зразумей, Сяргей Іванавіч, у той вёсачцы — усяго адчайная спроба ўратавання вясковых традыцый, нарушэнне якіх для адсталых і прымітыўных сялян — раўназначна канцу свету. Мужыкі з вартай лепшага прымянення ўпартасцю і адчаем асуджаных насякомых спрабуюць агрызнуцца! Імпульс гэты ў іх стыхійны, бяздумны, хоць і гэтак бурлівы! Выступаць супроць натураль-нага працэса на вёсцы — неразумна! Пройдзе ў людзей само, як праходзіць катар, трэба толькі цярпенне!
Мітрапаліт уздыхнуў і на хвіліну спыніўся. Сонца кланіла к захаду і асвятляла саноўніка праз акно. Ён напружана думаў, як бы зачэрпваў важную ісціну з глыбіні свайго нутра, а расшыты брыльянтамі крыжык на белай яго мітры гарэў далікатнымі іскрынкамі.
Праз хвіліну ён ужо выкладваў новыя аргументы:
— Гэта — форма распачлівай барацьбы за існаванне этнічнай групы! Яна перад пагрозай пагалоўнай паланізацыі аб'ядналася вакол рэлігійных эксесуараў культа — выдуманага куміра, грыбоўшчынскай царк-вы, харугваў, ікон і званоў! Але пры чым тут мы?! Нам трэба сваёй справы трымацца!
Калі Дзіянісій быў нікому не вядомым вікарыем на Валыні, уладыка служыў ужо архірэем у Пецярбургу. Цяпер гэты шляхцюк браўся павучаць яго, пецярбургскага воўка. Антоній ледзь сябе стрымліваў.
— Як ты так можаш!.. Пад адным Хэлмнам палякі разбурылі нам паўтысячы храмаў!.. З іншых цэркваў павыносілі бацюшак і пакідалі ў сметнікі!.. Ужо і ў Гродне тры царквы пайшлі на злом!.. Прыхаджане не даюць мне праходу, вытыкаюць імі, а праваслаўны мітрапаліт спакойна пра гэта разважае!
Дзіянісій энергічна стукнуў інкруставаным посахам у персідскі дыван:
— Каго ты, Сяргей Іванавіч, папракаеш у недахопе адданасці да святой царквы?! Свяшчэннік Смарагд, страляючы ў айца Георгія[ 7 7 У 1923 г. у выніку разладу сярод праваслаўнага духавенства Польшчы свяшчэннік з Бялявіч (Мастоўскі раён) Смарагд застрэліў сябра Пілсудскага, першага праваслаўнага мітрапаліта Польшчы айца Георгія.
], царства яму нябеснае, цэліў і ў мяне, і я толькі цудам уратаваўся тады ад кулі раскольніка!.. Між іншым, а чаго гэты поп дабіўся?.. Азлобіў урад і насцярожыў прыхільных нам сяброў-палякаў. Потым трэба бы-ло пакласці столькі старанняў, каб насцярожанасць развеяць!
— Так. што, па-твойму, паддацца ім?! — выбухнуў Антоній.— Сёння палякі палец адхапілі, заўтра — паадсякаюць нам і голавы!
— Не ўпадай у крайнасці! Трэба і нам паводзіць сябе разумна. Увайдзі, Сяргей Іванавіч, у душы і палякам! Паўтараста гадоў былі яны ў няволі, і касцёл цярпеў ціск ад нашых губернатараў ды архірэяў! Тыя дяцьсот цэркваў былі ў свой час пераробленыя ўніятамі з касцёлаў, католікі проста вярнулі сваё!.. У Гродне разбурылі царкву, пабудаваную ў памяць Мураўёва, таму не дзіва, што яе і разбурылі!.. I гісторыю сабора, з якога зрабілі касцёл, ведаеш дасканала — ён у свой час быў нашымі перароблены з касцёла, пабудавана-га яшчэ князем Вітаўтам у падарунак сваёй жонцы!..
Крыху астылы Антоній уздыхнуў:
— Ага, прызнаеш і сам!.. Цёмныя мужыкі няхай гэтага не разумеюць, але мы павінны глядзець праўдзе ў вочы! Пры ўсім пры тым свяцільнікі нашай веры — праваслаўныя храмы — у асноўным стаяць непарушна! Свяшчэннікаў Хэлмшчыны на работу я ўладкаваў!.. Такім чынам, нашае ядро захавалася непарушным! Цяжкія дні перажываем, дарагі сябра, што зробіш!.. Цяжкія.
Мітрапаліт быў яшчэ і рэктарам духоўнай акадэміі. Пахаджваючы, як перад студэнтамі, трымаў ён прамову зноў:
— Бачылі мы ўсякае!.. Наша царква перацярпела татарскае іга. Перажылі мы, дзякуй богу, без вялікіх страт і ганенне Пятра Першага. А чаму? Бо не давала ўладзе царква прычыны для непакою палітычнага характару! Пара нам урэшце вучыцца на прыкладах гісторыі! Пілсудскі нам перашкаджае, бо загадаў польскую мову ўвесці. Цэзар Юліян быў няверуючым, аднак салдаты-хрысціяне ахвотна служылі ў яго арміі! Калі патрабаваў ад іх малітвы язычаскім балванам, яны выбіралі бога, аднак, калі загадваў ім — у атаку! — адразу былі яму паслухмяныя!..
Читать дальше