Гуляў айцец Серафім з дзецьмі Чарнецкіх да той пары, покуль не з'яўлялася Зоська з «Жывых Ружанцаў». Апранутая ў кракаўскі кажушок, не ўзнімаючы на мужыкоў вачэй, будучая манахіня пачынала раздаваць малым ласункі, бралася рабіць ляльку з анучак, а Серафіму ў гэты момант прыспічвала якраз адпраўляцца дамоў.
Калі выходзіла потым і Зоська, цётка Насця для цікавасці выглядвала на двор і бачыла заўсёды тое самае. Ля хлява маячыла цень ігумена. Будучая манашка ішла да яго. Абое браліся за рукі і знікалі ў цемры.
— Шчэ з такім фо-окусам! — бурчаў Мікалай і пляваўся: — Бытто не можно сустракацца без пасрэднікаў!.. Ходзяць сюды і час нам толькі аднімаюць!
— Табе шкада, што ходзяць? — бараніла святую пару цётка Насця.— Дзяўчына сваёй начальшцы, мусіць, вытлумачыць, дзе была,— у іх там, бы ў казарме!
— А-а, во чаму яна ў кажушку летам! — здзівіўся Насцін Мікалай.
— Дайшло, дзякуй богаві! — здзекавалася маладзіца з мужа.— Можно падумаць, што ніколі ты не быў маладым!.. Не выдавай іх, глядзі, калі ігуменша заўтра спытае!
— Што ты — я нават рады! Бо не раз думаў — маладая, прыгожая, а карысці — ні людзям, ні сабе!..
Гэтым часам Серафімаў памочнік не менш рамантычна праводзіў час.
Шурка Банадыкоў прыехаў з войска на пабыўку і начаваць напрасіўся ў бацькоў у гумно. Хлапец ужо ляжаў на сене, радаваўся, што ён дома, удыхаў знаёмыя з дзяцінства пахі. Раптам скрыпнулі дзверы, і ён адчуў, што ў гумно ўбеглі двое. Мужчына па-руску нешта трызніў, а жанчына шаптала па-польску...
Калі яшчэ раз скрыпнулі дзверы і наступіла поўная цішыня, Шурка апамятаўся ды вылецеў на пругмень.
— Мабыць, з Альяшовай шайкі айцец Уладзімір з каталічкай зноў марцавалі! — вытлумачыў яму бацька.— Я табе гаварыў — падапры дзверы цэпам!.. О-о, у нас цяпер тут такое, сынок, бывае, што і ў горадзе не пабачыш!..
Трэці манах у вясковай глушы запіў да таго, што пачаў валяцца пад плотам.
Гэтак паводзілі сябе маладыя манахі вечарам. А днём яны абавязак перад кансісторыяй выконвалі акуратна. Усе падарункі, якія народ і далей валок прароку, манахі старанна апрыходавалі ды адпраўлялі ў Гродна. I атрымалася неўзабаве, што Альяш ды яго памочнікі цяпер не мелі нават грошай на соль ды нафту.
Падстрыга спахапіўся, што яго лоўка абдурылі.
3
Як біблійнага. Адама, да рашучых дзеянняў і Альяша падбіла жанчына.
Выйшла аднойчы Насця Чарнецкая па ваду і каля Клімовічавай хаты ўбачыла маляўыічую карцінку. У цёмным манашаскім клабуку на галаве, у даўзёрным падрасніку, падпяразаным вяроўкай, сам гаспадар у агародчыку касіў буланчыку канюшыну, а яго Тэкля, абхапіўшы рукамі штыкеціны, залівалася горкімі слязамі.
Грыбоўшчынскія жанчыны прынімалі да сэрца перажы-ванні незвычайнай пары, нераўнадушнай да яе была і цётка. Чарнецкая падышла бліжэй ды паслухала.
— Альяшку мой лю-убы, галубок мой ненагля-ад-ны, сірацінка мі-ілая, дзіцятко ро-однае!— спецыяльна, каб чулі суседкі, імітуючы старых, жаласліва выводзіла маладзіца.— Чаму нельга мне нават уха-аджваць за табой, сціраці тваю кашу-ульку, наварыці табе е-ес-ці?!— упірала Тэкля на сваю блізкасць.
— Адстань, не скуголь, як сука! — цыкнуў на яе Альяш.
«Ева» румзаць не пераставала.
— I чаму ты паддаешса іхняй ула-адзе? Айцу Серафіму так мо-ожно з Зоськай спатыкацца, а мне з табой чаму-у забарон вы-ышаў?! Хібо пара яму каталічка, скажы, хібо так запісано ў святых кніжках?.. Мы з табой нават і ве-еры адной!
— Што табе за дзело да іх?! — зноў кінуў Альяш, толькі касой махаў ужо не так роўна.
Тэкля ўсё адным тонам цягнула сваё:
— А каб таго архірэя параліч разбіў, якую ён на цябе чорную адзяжыну напя-аліў, як ён цябе на смех людзям вы-ыставіў, бы таму Самсону ручанькі і ножанькі твае пазавя-азуваў!.. Абдурылі нас, буржуі, абдуры-ылі, кудры твае ядвабныя пастры-ыглі, крыльцы саколіку яснаму падсе-еклі!..
Як і належыць сапраўднаму мужчыне, Альяш не вытры-ваў. Ён раптам спыніўся, не то Тэклі, не то сялу, не то небу, не то самаму сабе сказаў:
— Што, апранулі мяне, падлы, у гэтыя лахманы і думаюць — купілі ўжэ?! Шчэ і камандуваць будуць?! З кім гаварыць, з кім жыці загадаюць?! Я ўжо нічога не варты?! У сваёй царкве не маю права зайсці за клірас нават?.. Малакасос Серафім будзе мяне павучаць, як з народам гаварыці маю, і грошы мне цыркаць па жменьцы на нафту?! А хто ён такі, адкуль узяўсо?! Дзе гэты цуцык быў, калі ўсё гэто я сваімі мазалямі, гарбом сваім, жыламі сваімі будаваў ды зносіў?! У Гродне высежуваў-со, чаі з коржыкамі смачнымі распіваў сабе, а цяпер панукае шчэ мной!..
Читать дальше