— О! пресвятая владычица, пречистая дева богородица, господа бога моего Иисуса Христа мати! Припадаю и молютися, яко матери царевой, предначиная к тебе недостойное сие моление, аще приемлеши, о! мати царя небесе и земли, принеси к царю царствующих, все господу, сыну твоему и богу и прощения всем согрешениям моим испроси, житию надеждь сопричастника сотвори, вся бы можеши, яко матери царя всемогущего...
Трэба прызнаць, што нічога няма мацнейшага за слова. Здаецца, бязвобразнае яно, але часамі дзейнічае мацней уеялякага вобраза. Недарма столькі пакаленняў дрыгавічоў глыбока верылі ў магічную яго сілу. Гукі складоў акафіста ўражлівую цётчыну душу перанеслі ў далёкі свет дзіцячай бесклапотнасці, гармоніі і летуценняў, урачыстага перазвону бомаў, паху кадзіл, кажухоў — поўных містычнай сімволікі аскетычных твараў, якія ў ззянні серабра глядзелі на яе са сцен. Усё гэта напаўняла яе гаючым болем, надзеяй, верай і ўліло ўпэўненасць ва ўласныя сілы.
Каб адгаварыць сястру ад намеру, у каморку ўвайшоў бацька ды прыступіў здалёк:
— Цьфу, балбочаш, як папугай! Ну, Хімка, растлумач мне, што азначае: «предначиная к тебе, аще приемлеши...» Скажы мне, як ты гэто разумееш?
Са шкадаваннем, што ў яе такі безнадзейна тупы брат, поўная пашаны да малітвы, цётка вінавата растлумачыла:
— Божыя словы не разумець трэбо. Імі трэ напаўняцца.
Бацька хмыкнуў і хвіліну думаў, што адказаць. Потым безнадзейна махнуў рукой:
— А рабі ты, што сабе хочаш! Схадзі, схадзі шчэ да таго Альяша, мо цябе гэто справіць!
Ён плюнуў зноў са злосцю і выйшаў з хаты.
Не ў прыклад яму мама наша была летуценніцай, і гэта для мяне з Валодзькам не прайшло бясследна. Цётчына маленне, якое мы чулі неаднойчы, мудрагелістыя фразы акафіста, створанага яшчэ ў 623 годзе, ахутаныя німбам таямнічасці, поўныя экспрэсіі, якогасьці адчаю і элементаў паэзіі зачаравалі нас і на гэты раз. Каб пляменнікі выканалі яе просьбу, цётка мусіла нам напомніць:
— Хлопцы, што я вас прасіла?..
Стаялі мы з Валодзькам за вёскай з гадзіну.
Нарэшце з лесу Дубава выплыла нешта жывое, пачало выцягвацца і распаўзацца па полі — ішлі кобрынцы. Дзядзькі ў пасталах з торбачкамі цераз плячо наперадзе калоны неслі іконы і харугвы з шаўковай бахрамой і шнуркамі. Святыя лікі глядзелі з харугваў ганарліва, а сонечныя зайчыкі бліскалі на шкле.
Выпаўзшы з лесу, людзі стаўпіліся вакол харугваносцаў і нешта заспявалі. Цяпер усё выглядала гэтак, бытта старажытная дружына са сцягамі выйшла насустрач татарам: праз хвіліну калі скончыцца гэтая малітва, яны для храбрасці яшчэ з лёскатам ударыць дзідамі ў шчыты — раз! раз! раз!..— і рынуцца ў смяротны бой.
Покуль мы клікалі Хімку, кобрынцы прайнілі да вёскі ўжо з паўдарогі. Песня скончылася, і дзед у пасталах з новымі аборкамі паверх ануч з суравога кужалю і ў касаваротцы з такога ж палатна, адно з вышытымі кветкамі на грудзях, не надта голасна кінуў у натоўп працяг усё таго ж акафіста:
— Радуйся, луч солнца мысленнаго!.. Ну, чаго маўчыце, паўтарайце за мной!
— Радуйся, луч солнца мысленнаго! — адказаў яму бязладны хор.
Дзед кінуў ужо мацней, незадаволена:
— Радуйся, сияние света исходящего!
— Радуйся, ісіяне света ісходяшчаго! — адказалі людзі дружней.
— Радуйся, молния, души озаряющая! — усё па-трабавальней цвярдзіў дзед.
Покуль хор паўтарыў фразу, Хімка забрала ў нас клумкі, пляменнікаў пацалавала, сунула нам па пяць грошаў і, заціснуўшы ў руцэ белую хусцінку з карункамі, нырнула ў воблака пылу, падстроілася да калоны.
— Радуйса, як гром урага ўстрашаючая! — падхапіла Хімка, як песню, наступны рэфрэн, а мы заганарыліся сваёй цёткай: усе словы малітвы яна ведала на памяць, паўтараць ёй будзе лёгка.
Пілігрымы ўвалілі ў вёску.
Высыпалі з хат і застылі ля платоў страшаўцы. Міма іх натужліва тупалі дзесяткі пасталоў. Саплі чужыя людзі. Стары кобрынец у касаваротцы цяпер ужо кідаў лозунгі акафіста зычна, маладжавым голасам. Дужыя і моцныя галасы зараз жа фразу паўтаралі, а будынкі з лёскатам адбівалі рэха.
— Радуйся, скверну грехов отнимающая!
— Радуйса, скверну грахоў адымаючая!
—...оў адымаючая!
— Радуйся, чаша, радость почерпающая!
— Радуйса, чаша, радасць пачарпаючая!
—...дасць пачарпаючая!
Рэфрэн у пілігрымаў быў падобны на рытмічныя выбухі нейкага адчайнага енку, пранізваў да самых касцей. Страшаўцы нерухома ўзіраліся і слухалі гэта з сур'ёзнымі тварамі.
— Радуйся, жизнь таинственного ликования!
Читать дальше