Бяльчане ішлі праз Заблудаў, Міхалова, Гарадок, станцыю Валілы, Случанку...
Па вёсках мужчын пыталіся, куды яны валакуць такую ношу, але бяльчане маўчалі. Прызналіся аднаму Салвесю, і то ледзьве ён ад іх прызнанне такое выцягнуў.
Страшавец якраз вазіў свінню да пародзістага кныра ў Пілатоўшчыну і на случанскай грэблі дзіўную працэсію спаткаў.
— Што здарыласо, мужчынкі?! — пацікавіўся дзядзька.
Яму не адказалі.
— Бо так трэбо! — кінуў нарэшце Салвесю згорблены ад цяжару знаёмы мужык, калі страшавец пытанне паўтарыў.
Салвесь тут пазнаў яшчэ пару сялян з Масева, з якімі да першай сусветнай вайны, па царскаму ўказу, вазіў раскідваць па пушчанскім дзялянкам зубрам бульбу і бручку. Заінтрыгаваны дзядзька звярнуўся ўжо да іх:
— Масеўцы, куды вы, пад халеру, з такім грузам прэце, цяжко вам адказаць? Коней у вас не стало ці якой халеры?.. Скажэце ўрэшце, ну?!.
Але і знаёмыя адварочвалі галовы. Толькі адзін з іх буркнуў:
— Пачакай, хутко пачуеш!..
Тады меншы хлапец не вытрываў, пахваліўся:
— У Грыбаво ідзём, дзядзьку!..
— А чаму такім вяселлем?..
— Альяша будзем правяраць!..
Сусед маладога нядобра бліснуў вачыма ды паспяшыў Салвеся запэўніць:
— Мы ж яго і праве-ерым, дзядзьку, не сумнява-айцеса!.. Больш абдурваць не захо-оча!
— Шчэ іншым закажа! — дадаў трэці.
— Няўжэ валачэце гэто на грыбоўшчынскаго чмутара?! — вельмі здзівіўся страшавец.
— Не такі ён ужэ і чмутар, як некаторыя думаюць!..— азваўся малады зноў.
— Разумны занадто!..
— Для сябе адно!..
Больш Салвесю даведацца нічога не ўдалося.
Хімка з усім сваім прыданым была ўжо вярнулася ў Страшава, але покуль што не знаходзіла сабе месца. Дзядзька Салвесь у нашай хаце падрабязна размаляваў пра сустрэчу на случанскай грэблі, і бацькава сястра ўсхапілася з лавы:
— Ой, а я ўсё гадаю цэлую раніцу тут, чаму мне гэто сырое мясо прысніласо!.. Праўду, Манька, вы казалі, што — на кепскае! — пахваліла яна маму за здагадлівасць.
— Пра гэто табе нават кожны дурань скажа! — паскромнічала мама.— Калі только з'явіцца яно ноччу ва сне — чакай бяды!..
— Так жа яно і выйшло!.. Трэ бегчы зноў у Грыбоўшчыну! Шчэ зробяць што нядобрае з ім!..
— А яго Тэкля — навошта там?!
— Не спра-авіцца!.. Не спра-авіцца ёй, беднуй, калі гэтак уз'еліса на яго багамолы!.. Я іх ведаю — такія заядлыя, усенько могуць!..
— Хімка, якая цябе нагла туды папрэ: мала табе было той гульні? — адгаворвала мама.
— Бяжы, бяжы, шчэ і ты падлезеш куды-небудзь пад кулясу! — падпалохваў сястру брат.
Аднак Хімка як бы ў доказ даўняй ісціны, што мы часамі не так даражым чалавекам за дабро, якое зрабіў нам ён, як за тое, што зрабілі яму мы, вядома, не паслухалася.
2
Бяльчане з крыжам прыбылі ў Вершалін на світанні. Дзядзька пры месяцы цэлую ноч за гумнамі абганяў сошкай бульбу, толькі што распрог змакрэлага буланчыка ды збіраўся ісці на сняданне. У гэты момант старога і зацапалі.
Адны бяльчане адразу пад ліпай пачалі капаць ямку, другія расселіся вартаваць крыж, трэція — вывалаклі дзядзьку з падворка, паставілі ў круг.
Мажны і высокі Іван Антанюк з белавежскай вёскі Масева Другое быў за старэйшага. Гэта ён камандаваў сотняй мужы-коў, калі ўзвалакалі на грыбоўшчынскую званіцу бомы. Цяпер Іван узяўся прароку добрасумлен-на тлумачыць, што да чаго.
— Ілья, не сярдуй на мяне, але людзі ўсе гавораць, што ты — белагвардзеец, з адной шайкі з Жоржам Дэлясі!.. Чуў пра гэто, нябось?! Бытто капітанам служыў у самого Балаховіча з Жоржам!..
Перапалоханы стары маўчаў. Ён яшчэ, мабыць, і не разумеў нават, чаго ад яго хочуць.
— Так усе кажуць па вёсках, схадзі унь і паслухай!..— апраўдваўся Іван перад сябрам і нават як бы ўгаворваў згадзіцца на тое, пра што ён мае заявіць.— Мы і прыйшлі во праверыць! Бо хочам па-справядлівасці, каб нікому не было крыўды — ні табе, ні нам, разумееш?.. Цябе мы зара ўкрыжуем! Калі на самам дзеле ты — святы, то няма чаго табе баяцца — уваскрэснеш сабе на трэці дзень, бы Ісус Хрыстос...
— А калі — не, то — здохнеш на гэтым самым бервяну, бы тая паршывая сабака! — не вытрымаў, умяшаўся і пракрычаў з пагрозай другі мужык.
— Мы ж пра гэто паклапо-оцімсо, будзь пэўны! — дадаў трэці.
— А што ты думаў?! — ужо з ноткамі нядобразычлівасці і скрытай пагрозы пацвердзіў старэйшы.— А ўсе гэтыя тры дні павартуем ля крыжа, паназіраем тут за табой і нікого сюды не падпусцім нават і блізко!
—О! хай толькі хто паспрабуе падлезці!..— папярэдзіў з натоўпу ўсё той жа крыкун.— Не то што паліцыя, а — самому войту з Шудзялава дамо рады!
Читать дальше