Баб стала расбіраць цікавасць. Яны памкнуліся да ганачка, павыцягвалі шыі, з бессаромнымі ўхмылкамі, знямоглыя ад нецярплівага чакання, закрычалі:
— Ну, куды ж яны там падзе-еліса?!
— Канчалі б мілавацца, выхо-одзілі б!..
— Не для распусты пайшлі якой!..
— О! жаніх ідзе!.. А чаму толькі ён адзін?!.
Раздзел другі
1
Новая божая маці зажыла ў Грыбоўшчыне, што каралева. «Святыя дзявіцы» Нюрку паілі, кармілі ды ледзь на руках не насілі, а сотні сектантаў і сектантак ад Беластока да Валыні, ад Наваградка да Бельска і Пастаў маліліся за яе здароўе ды паспяховае развіццё плода ў святым чэраве,
— Ото ж смеху будзе, як Нюрка дзеўку родзіць! — рагаталі ў Грыбоўшчыне на прызбах і каменнях мужыкі.— Куды яе Альяш падзене тады?!
— А то шчэ тройня родзіцца!
— Што думаеш?.. Жарты — такі жарабец!..
— Альяш гаворыць — родзіцца дзіця, адразу і канец свету настане. Так яно ж грудное шчэ будзе, што з яго за Хрыстос?! Ці здурэў?!
— I сабор узяўса будаваць шчэ!.. Калі ты чакаеш таго свету і раю, то нашто выдатак дарэмны?
— Стары баламут — сам не разумее, куды яго заносіць, хочаш зразумець ты? — разважаў Базыль Аўхімюк.— Не ламай галавы з-за глупстваў! Унь, што на свеце робіцца!..
—О! у газеце пішуць пра велькія баі ў Гішпаніі — фашысты бяруць верх!.. Па вёсках збіраюць помач...
— Дапамаглі!.. Усёй Польшчай рэспубліцы сабралі 100 000 злотых, а наш Клімовіч у год адзін пускае на вецер больш!..
Ні насмешак, ні сур'ёзных разважанняў, ні таго, што робіцца на свеце, багамолы не слухалі. Абшчына жыла ў сваім мікраклімаце. Не толькі Нюрка чакала свайго дня — у Вершаліне на свет рыхтаваліся з'явіцца цэлыя касякі апасталят. Прарок з усім гэтым даўно змірыўся.
Святая рада падвучыла свайго шэфа, каб ён для «трэціх свяшчэннікаў» падключыў тэхнічныя сродкі. Апостал Давідзюк закупіў амаль цалкам друкарні — Мішэндзіка ў Беластоку і Каплуна ў Гродне. Аляксандар цяпер з іх не вылазіў і масавымі тыражамі выпускаў літаратуру.
Вось некаторыя назвы тых шэдэўраў:
«Обращение Ильи к Народу», «Церковь Новый Иерусалим, устроенная по расписанию пророка Ильи», «Илья Пророк в Польше строит город Вершалин», «Указания Отца Ильи Пророка о воздержании от распусты, чтобы постичь Царство небесное», «О скором конце света, страшном суде и новом пришествии Господня», «Об избавлении от мук земных...»
У гэтай літаратуры і намёкам не гаварылася аб класавым раздзеле, не асуджаліся нечалавечыя формы эксплуатацыі, нацыянальнага прыгнету, а увесь гнеў быў накіраваны на тых, хто не прызнаваў грыбоўшчынскага прарока,— моладзь, камуністаў, вучоных і духавенства. У ёй славіліся «простыя» людзі на чале з Клімовічам, якому «бог адкрыў вялікую праўду».
Такім чынам, цяпер ужо не лістоўкі, як дагэтуль, а — цэлыя кіпы белых, сініх, жоўтых ды малінавых кніжачак з трызненнем старых баламутаў, графаманаў ды авантурыстаў, з гэтым сапраўды страшным «опіумам для народа», з неабме-жаванымі грашыма на камандзіровачныя выдаткі пасланцы «новай веры» паперлі пехатою, фурманкамі, на веласіпедах і цягніках у найбольш адсталыя куткі праваслаўнай Польшчы. З Гродна і Беластока, проста з друкарань, рассылалі іх па пошце.
Чакалі новай Бібліі з дапаўненнямі пра жыццё і вучэнне грыбоўшчынскага прарока, але Рэгіс усё яшчэ чамусьці не здаваў матэрыялаў у друкарню...
Словам, усе члены абшчыны жылі напружанымі буднямі. Не сядзеў склаўшы рукі і сам прарок. Ужо зусім мала часу аддзяляла Альяша ад той хвіліны, калі людзі спілуюць дуб, каб прыбіваць свайго ідала да дзерава жалезнымі цвікамі, але дзядзька Альяш яшчэ не адчуваў ніякай пагрозы. Папярэднія поспехі настроілі прарока на дабрадушны лад, зрабілі яго бяспечным ды ўпэўненым. Усё ў яго ладзілася, усе падпарад-коўваліся, баяліся і — ладна.
Альяш амаль не заглядваў у царкву, бо вечна быў у руху, а розных хадакоў не падпускаў да сябе і блізка. Менавіта цяпер сталі шукаць з ім сяброўства.
2
У далёкія і бурлівыя для рускага праваслаўя часы царква, як вядома, раскалолася на ніканіянцаў і прыхільнікаў старажытнага благачэсця на чале з пратапопам Аввакумам. Потым самі раскольнікі падзяліліся на некалькі груп. Адну з іх узначаліў інак беламорскага манастыра — айцец Піліп.
Пры самадзержцы Екацярыне II, у часы ганення, манах Піліп з сябрамі замкнуўся ў хаце і сам сябе спаліў, а пару тысяч яго паслядоўнікаў уцяклі на Захад ды зашыліся пад Саколку ў Аўгустоўскую пушчу.
Асколкі екацярынінскай эпохі таіліся ў гушчары ля Саколкі на працягу двух стагоддзяў. У трывожным чаканні прышэсця антыхрыста скрупулёзна вытрымлівалі кожны пост, часта маліліся, вучылі дзяцей па стараславянскіх кніжках і легендах пра Пугачова, пры ўсіх уладах ухітраліся пазбягаць вайсковай павіннасці, перапісаў і амаль не спатыкалі людзей іншай веры. Займаліся агародамі, садкамі, разводзілі многа пчол ды з гэтага жылі. Усе навіны да гэтых рэліктаў — нібы запячатаных лесам у кансервавую банку — даходзілі са спазненнем на некалькі гадоў. Хоць Грыбоўшчына была пад бокам, чутка пра Альяша ў Аўгустоўскую пушчу дапаўзла да лесуноў таксама са спазненнем. Даведаўшыся пра Клімовіча, стараверы ўзрадаваліся.
Читать дальше