I ён ехаў у дзетдом з граніцы, каб цяпер ужо любіць іх. Але і тут ён спазніўся з гэтай сваёй любасцю. Не было куды і не было да каго прыкласці яе. Дзетдом расфарміравалі. Ён паспеў толькі зірнуць на дзетдомаўцаў і развітацца з імі. Тым, днём, калі ён з'явіўся ў вёсцы, ад'язджала якраз машына з дзецьмі. Мар'ян затрымаў яе на дзетдомаўскім падворку. Скочыў у кузаў, паздароўкаўся з тымі, хто сядзеў там. Завёў гаворку проста так, каб пачуць дзіцячыя галасы, і не пачуў. Не ўбачыў ніводнага знаёмага твару, нікога з тых, хто заставаўся ў дзетдоме, калі ён адыходзіў служыць на граніцу. Гэта былі зусім іншыя дзетдомаўцы, зусім другія дзеці. І, здаецца, бы нават і не дзеці. Пакуль спелілася яго любоў, дзетдом і дзетдомаўцы перамяніліся. Сіротам новага, пасляваеннага часу ён быў без патрэбы. Яны не разумелі Мар'яна, Мар'ян не здольны быў зразумець іх. У іх тварах мала што было дзіцячага і, галоўнае, не было ўпэўненасці. Абяздоленасць, сум. Абяздоленасць куды больш жахлівая, чымсьці тая, ваенная, што ішла поруч з голадам, холадам, смерцю бацькоў, канцэнтрацыйнымі лагерамі. Гэта ведалі, праз гэта прайшлі сіроты вайны. Сіроцтва ж гэтых, за рэдкім выключэннем, немагчыма было ні зразумець, ні растлумачыць. Сіроцтва пры жывых і здаровых бацьках. Гэтага не зразумеў Мар'ян, не зразумелі і нанава абвешчаныя сіроты.
I Мар'ян разгубіўся, збянтэжыўся і адначасова адчуў палёгку ад таго, што не ён будзе іх дырэктарам і выхавацелем. Якія ж трэба мець вочы, каб не адвесці іх ад стрэчнага позірку застыглых, як бы прымарожаных, дзіцячых вачэй, якое трэба мець сэрца.
Ён пакінуў дзетдомаўскі падворак, баючыся азірнуцца, як у свой час, вяртаючыся з вайны, баяўся азірнуцца, пазбягаў дзіцячых вачэй пастушкоў на палянцы. Але тады ён меў хоць зайца за пазухаю, зайчык грэў яго. А цяпер нікога і нічога. Зайчыка таго колішняга ўсё ж з'елі. Дзетдомаўцы з'елі. Ён пажыў у яго хаце пару дзён, пакуль загаілася лапка, і гуляла з ім дачка, потым Мар'ян аднёс яго ў дзетдом, аддаў хлопцам:
— Хай пабудзе з вамі да восені, а там выпусціце.
Зайчык не дажыў да світання.
— Памёр сам, крыж на пузе, і чаго б толькі, здаровы ж быў.— Кубік, Лепік, Цурук, Крывавязы смажылі зайца на вугольчыках на востраве. I Мар'ян бачыў, што ніхтоз іх не вінаваціцца перад ім, хутчэй здзекуюцца: маўляў, добры ты да зайцоў, а мы з ім вось так. А цяпер паглядзім, які ты добры і на самай справе ці толькі выдаеш сябе за добранькага. I на яго вачах яны раздзерлі не дасмажанага зайчыка і пачалі грызці падгарэлае і крывавае яшчэ мяса, пасыпаючы яго замест солі попелам. Прапанавалі і яму, прапанавалі не без здзеку. Ён не адмовіўся, не асмеліўся адмовіцца, прымусіў сябе пракаўтнуць абгарэлы кавалачак, каб адчуць і помніць заўсёды смак выратаванагаі забітага пасляваеннага зайчыка. I ўся гоп-кампанія пазірала, пільна прыглядалася да яго, як ён еў таго зайчыка: цешылася, недаўмявала, грэбавала ім? Усё, пэўна, было. Дзеці і салдаты заўсёды разумеюць цябе крыху больш і лепш, чым ты думаеш.
Ён адпомсціў ім за таго зайца. Праз тыдзень ці два адлучыўся ў горад і дастаў двух трусоў... Чаго каштавала яму тое даставанне тых трусоў у галодным горадзе, які яшчэ працягваў ваяваць, ведае толькі ён. Дастаў, прывёз, сабраў усю гоп-кампанію.
— Гэта трусіхі,— сказаў ім.— Котныя, хутка павінны з'явіцца маленькія трусы. Рабіце клеткі, і будуць жыць у дзетдомо жывёлы.
А яшчэ праз нейкі час, а мо праз месяц, хутчэй праз месяц, Крывавязы з Цуруком паклікалі яго ў трусятнік.
— Адна трусіха атрусілася,— паведамілі яны.— Дзевяць трусікаў. Усе жывыя, сядзяць у клетках. А другая трусіха ніяк не родзіць.
— Гэта трус,— растлумачыў ім Мар'ян.— Трус, а не трусіха. Яго трэба падпусціць да трусіхі. Цурук з Крывавязым засмяяліся:
— Ужо,— сказалі яны.— Падпусцілі ўжо. I хутка, пэўна, будуць новыя трусяняткі... Мы думалі, вы не ведаеце, што гэта пара. Трус і трусіха. Мы праверыць вас.
Мар'ян нічога ім не адказаў, павярнуўся і пайшоў з трусятніка. I толькі доўга гучала ўвушшу:
— Трусь, трусь, трусь...— То Цурук з Крывавязым зазывалі і кармілі маладых трусоў. Клетка з трусамі была і ў той апошняй машыне, якая ад'язджала з дзетдома. Ён застаўся ні з чым ля разбітага карыта.
I карыта тое працягвала разбівацца, крышыцца ў крышанку на яго вачах. Так крышыцца, пэўна, толькі вясной у час паводкі лёд. Зносіць, ломіць усё на сваім шляху і ломіцца сам. Льдзіна на льдзіну, адна насоўваецца на другую, падмінае, і абедзве раструшчваюцца на друзачкі, пакуль не ператворацца ў гурбу маленькіх, з іголку, ледзяшоў, што на вачах усядаюцца, сыкаючы па-вужынаму, сплываюць вадой, жаруць самі сябе. Так і ў вёсцы ўсе раптам накінуліся на дзетдомаўскае дабро, пацягнулі хто што сабе. А пачалося гэтае расцягванне, здаецца, са спагады і шкадобы дзетдомаўцаў, якіх звозілі з сяла. I куды ж гэта іх, куды, як арыштанцікаў, у машыну, а яны ўсё пазіраюць і пазіраюць на вёску, на хаты. I куды ж іх, бедных, куды. I няўжо мы іх ніколі ўжо больш не ўбачым. I пад гэтыя ўздыхі, плясканне ды вохканне хтось ужо неўпрыкметку цягнуў з дзетдомаўскага падворка кола: яно цяпер усё роўна нікому не спатрэбіцца, і калёсы самі нікому ўжо не трэба. Хтось паквапіўся на посуд: яго ж усё роўна загадана ў зямлю, разбіць і закапаць, дык няхай хоць каму-небудзь паслужыць. Цягнулі сталы, крэслы, коўдры, адзенне, абутак — усё, што кінулі безгаспадарліва, прызначылі да спісання і знішчэння агнём. Мо тут і не было нічога кепскага. Ці інакш, усё гэта аднолькава разбэшчвала: што ў зямлю, што ў агонь, што вось так — хап-хап сабе ў хату. Хап-хап гэты ўвайшоў у сілу пазней, калі дайшла чарга да склада, у якім захоўваліся касцюмы, паліто дзетдомаўцаў. Да Місцюка валам ужо ўсе павалілі. I той не без сваёй карысці мяняў старыя паліто і касцюмы на новыя. Мо Мар'ян застаўся б і ў баку ад усяго гэтага, ён жыў яшчэ граніцаю, у ім усё яшчэ грукатала і пенілася мора. Але на вешалцы ў сваёй хаце ён убачыў тры новыя зялёненькія дзетдомаўскія паліто, што сам прывозіў з базы ў дзетдом яшчэ да службы ў арміі. Яго больш за ўсё ўразіла, што тыя паліто завезены ў дзетдом іменна ім, а цяпер яны ў яго хаце, бы знарок адбіраў, вёз, каб украсці. Пачырванеў, а потым збялеў, нібы сапраўды ўкраў і яго заспелі на тым крадзяжы. Паклікаў жонку.
Читать дальше