Ён, Сідар, з Мар'янам аднагодкі. Яго бацька і бацька Мар'яна разам хадзілі праз граніцу ў Польшчу, што яны там рабілі, чым займаліся, пра тое Сідар не ведае і ведаць не жадае, не яго гэта справа. Але факт адзін: хадзілі разам. Знаўцоў і Місцюкоў у адзін дзень пагранічнікі сагналі з зямлі, выгналі з хат. Ён, Сідар, сядзеў у адной турме з Іванам Знаўцом. За што сядзеў Іван? Пра тое ён у яго не пытаўся. Кожны за сваё. I гэтае сваё Сідар не хацеў выцягваць на свет. Не хацеў датыкацца і Знаўцовага. Разам выйшлі яны з турмы, абодвум пашчасціла, выпала планіда застацца жыць. Іван Знавец, праўда, пазней загінуў. Загінуў і брат яго, Міхаіл. Дык не ён жа, Сідар Місцюк, вінаваты ў тым. Не ён жа ставіў іх пад рулі вінтовак. Не ён жа наводзіў на іх гэтыя рулі, і страляў тым больш не ён. Самі ва ўсім вінаватыя. Ён, Сідар Місцюк, адчуваў, прадбачыў, як яно будзе, і таму застаўся жывы. А Іван з Міхаілам параць зямлю. Збылося прадпісанае, тое, што кожнаму чалавеку загадзя пры нараджэнні яшчэ наканавана. Хай не гавораць лішняга: хто хацеў жыць, той выжыў і сумленнем не паступіўся. Як не паступіўся ён. Хаця ўпасці лёгка было, ох, як лёгка, і кожную хвіліну. Наогул, жыццё чалавечае капейка. I тыя, і другія, і свае, і чужыя пакажуць табе дарогу на той свет, як кажуць, не адыходзячы ад касы. Не так павярнуўся, не ў той бок дыхнуў — і пішы прапала. Мучыцца чалавек, калі нараджаецца на свет, а забіць яго што два пальцы абмачыць. Тут далёка і па прыклад хадзіць не трэба. Успомніць таго ж Івана Знаўца, і не проста ўспомніць, паварушыць мазгамі, калі яны ёсць, канечне, у цябе. I вынік адсюль: не нарывайся, не лезь на ражон. На тым ражне шмат ужо насаджана. А насадзілі цябе на ражон, позна разбірацца, які ты ды хто ты. Хай ты сам анёл ці сам гасподзь бог, а ўсё роўна не саскочыш, будзеш як матылёк, засушаны між дзвюма старонкамі паперы, паглядзяць на цябе, здуюць пыл і загорнуць лісток: спі спакойна, дарагі друг і таварыш.
А такі вось спакой якраз патрэбны чалавеку не пасля ўжо смерці, а пры жыцці. I таму хтось пайшоў у магілу, а ён пад вянец. I тут зноў, як кажуць, кожнаму сваё, у кожнага свой лёс, і наканаванне гэтага лёсу калёнымі літаркамі на лобе ў кожнага напісана. Толькі тыя літаркі не кожны адчувае і бачыць, своечасова прачытаць здольны. Таму і дурэюць, шалеюць, пакуль галава на плячах, пакуль не знеслі той галавы. Быў час, вар'яцеў і ён, Сідар Місцюк, і бацька яго, наперакор уладзе ўсё рабілі. Улада слова, а яны — тры ў адказ. Дык за гэта ж і родныя бацька з маткай па галоўцы не пагладзяць. А пакорлівасць усім даспадобы. Недарэмна дзядамі яшчэ казана: пакорлівае цялятка двух матак ссе. На схоне жыткі гэта зразумеў стары яго, бацька, разумее і ён, Сідар Місцюк. Таму і жывы яшчэ. I сыны ў яго растуць — яму на ўцеху, людзям на карысць, работнікамі будуць на зямлі. У свой час, пойдзе, канечне, ён, пойдуць і яны, удобраць зямлю, але толькі ў свой час, калі засадзяць сад зямны, запоўняць яго сабе падобнымі, дрэвам Місцюкоў, шырокім і разгалістым. А не так, як тыя ж Іван з Міхаілам Знаўцы. Самі сабе пагібель прызвалі, смерць ца сябе наклікалі. А ён, Сідар Місцюк, пераступіў праз сваю смерць, мо нават ажаніўся з ёй, узяў яе сабе ў жонкі. Якое, на здзіўленне ўсёй вёсцы, было вяселле. I сёння ёсць што ўспомніць.
Ляцела ад сяла да сяла тройка, коні апавіты стужкамі, падвязаны да дугі званочкі, і нявеста яго, Дуня, як і ўсякая нявеста ў добры, мірны час, пад вэлюмам і ў белых пальчатках нават. Ён, праўда, быў супраць гэтых пальчатак, не паненка ж якая-небудзь. Але так ужо захацелася Дуні, дый пальчаткі яна тыя дзесь сыскала, і бацька, цесць, не пярэчыць, што яму ўмешвацца? А да таго ж і сам ён разадзеты, прыбраны, як ніколі ў жыцці. Чобаты хромавыя, з падборамі, замест люстэрка на лаву можна ставіць. I Сідар не-не ды пазіраў на сябе ў гэтыя чобаты, бачыў у іх сваё расплывістае адлюстраванне, рот да вушэй, а вушы чырвоныя. I сарочка атласная на ім, і пінжак чорны з блісцінкаю. Велікаваты трохі, прасторны, цесць падарыў, сам надзеў на яго перад тым, як у царкву ісці, прымусіў укруга сябе павярнуцца.
— Свабодны,— сказаў,— але свабодны хлопцу, а мужыком станеш — у пору прыйдзецца.— Дадаў да касцюма яшчэ і паліто з аксамітным каўняром. Паліто прыйшлося па Сідару, як на яго пашыта, хоць не зусім па вясковай модзе, у абліпачку. Але Сідару і гэта спадабалася, адчувала цела, што ў паліто ён гарадскім, а не ў кажусе, і не аўчынай ад яго патыхае, а нечым салодкім, гарадскім, сапраўднай шэрсцю.
I імчалі ад вёскі да вёскі коні: разыдзіся, народ, раздайся, гразь. I ўсё было сапраўднае. I ён сапраўдны гаспадар, чалавек. У гэтай жа тройцы скакаў і яго конь, якога падарыў яму на вяселле цесць, царква была, і поп быў сапраўдны. Усё было па-людску, усё па-чалавечы. I ён, Сідар Місцюк,— чалавек. I ў гэтай сваёй сапраўднасці ён мог нават дазволіць сабе быць крыху вышэй за цесця, які даў такі шчодры пасаг за сваёю дачкою, так шчодра адарыў яго. Харошы цесць, і бацька сваёй дачцэ харошы, і разумнік. Але ўсё ж яму нераўня, стараста нямецкі. Хоць тут лопні, хоць тут трэсні — стараста, і ўсё. З аднаго боку, здаецца, і начальнік над іншымі і над ім, Сідарам Місцюком, начальнік. А з другога... Тое ж, пэўна, што і з першага: начальнік, але толькі калі ён, Сідар Місцюк, вока ў вока з ім, а крок убок, вочы трохі ўбок — пустое месца. I нават больш, тое, што ад каровы пад нагамі ляжыць, і растаптаць не грэх, калі не грэбуеш наступіць. I растопчаш — ніхто не адвернецца ад цябе, не будзе дакараць, што замараўся. Хутчэй папікнуць, што блізка падышоў да яго, парадніўся з ім, пабраўся з яго дачкою. Тут ужо сапраўды замараўся.
Читать дальше