— Мой бацька быў разведчыкам, каб ты ведаў. Мой бацька загінуў, як Іван Сусанін.
Гэта было на самай справе так, да таго часу Мар'ян ужо ўсё ведаў пра смерць бацькі і дзядзькі, але цяпер ён, здаецца, апраўдваўся перад Кубам, пахваляючыся жыццём і смерцю свайго бацькі, выгароджваў іх і сябе, таму, што не мог дазволіць, не мог дапусціць, каб нехта з дзетдомаўцаў, яго выхаванцаў, той жа самы Куб, думаў пра яго бацьку нешта нядобрае. Але лгаць не хацеў.
— Так, хапіла і майму бацьку, але не за тое, што як ты, смаркач, смеціў мацюкамі.
— Мацюк — гэта так, па прывычцы,— змрочна перабіў яго Куб. I яны абодва і адначасова замоўклі. I маўчалі доўга. Мар'ян — адвярнуўшыся да акна, за якім ужо наліваўся вечаровай сінню снег. Куб — пераступаючы з нагі на нагу ў куце дырэктарскага кабінета. Дырэктар, здавалася, забыў аб ім, знерухомеў, прыглядаючыся да бачнай з акна рэчкі пад зеленавата-сінім вясновым ужо лёдам, той самай рэчкі, цераз якую ў свой час хадзіў на той бераг яго бацька. Але Куб пра гэта нічога не ведаў, нічога не ведаў і пра свайго бацьку, акрамя таго, што ён загінуў пры фарсіраванні Дняпра. Не ведаў, таму што яго пры жыцці не бачыў — калі нарадзіўся, бацька ваяваў. А ў перапынках паміж войнамі сядзеў.
— Кім бы ты хацеў стаць, Кубко, калі вырасцеш? — нарэшце прыкмеціў свайго выхаванца Мар'ян.
— А кім не стану — не супраць, толькі салдатам не хачу,— і цокнуў у сваім куце падкоўкамі на ботах, нібы ўжо быў салдатам.— Ты садзіся, садзіся ты. Не дзействуй мне на нервы... А ці ведаеш ты, кім можаш стаць?
— Трохі здагадваюся...
— Дык ідзі зараз жа, неадкладна, і прасі прабачэння ў настаўніцы.
— Не пайду.
— Пойдзеш. Пойдзеш як міленькі. На каленцах папаўзеш, перад усім класам на каленцы станеш, сукін ты кот. Рукі-ногі будзеш цалаваць.
— Не буду...
— Будзеш, калі дазволяць яшчэ.— I, ужо хлусячы сабе і Кубко, прытворна, з найгрышам, злосна і гучна, а мо і без найгрышу, толькі гучна: — Распусціліся, жанчын не саромеюцца. Мацюкаюцца пры жанчынах. Па прывычцы. Ды я цябе за гэтую прывычку па адным, тым самым месцы. Не сорамна. Марш адсюль.
Але калі Кубко намерыўся выйсці, спыніў яго:
— Пачакай, дадуць званок, пойдзем разам.
I хаця абодва яны чакалі гэтага званка, бавячы час, пазбягаючы глядзець адзін на аднаго, яго медны голас прыхапіў іх знянацку. Абодва яны здрыгануліся і падхапіліся з крэслаў, быццам гэта прагучаў не звычайны званок з урока, згодна школьнаму раскладу, а нейкі іншы.
— Так нельга, нельга так,— Кубко плакаў.
— Можна. Трэба,— у голасе Мар'яна былі жорсткасць і непахіснасць.
Кубко не падвёў, папрасіў прабачэння ў настаўніцы толькі за тое, што мацюкаўся, але пры гэтым глядзеў ён не на настаўніцу, а на яго. I Мар'ян ведаў, што гэта позірк ужо ворага на ўсё жыццё. Але быў задаволены. Памыліўся інспектар. Плявок, які быў прызначаны яму заўтра, ён атрымаў ужо сёння. I добра — адзін, мог атрымаць куды больш. Пагаворка не на вобласць, а толькі па раёне ўсё ж пайшла. Знайшоўся дабрадзей, хтосьці паведаміў у раён пра тое, што адбылося ў класе. Не настаўніца, тая хоць і была шчыра прамалінейнаю, але не здольнаю на данос. Мар'ян пераканаўся ў гэтым яшчэ ў той дзень, калі Кубко прасіў прабачэння. Яны тады адпусцілі клас, засталіся адны і прагаварылі гадзіны з дзве. Настаўніца, канечне, зненавідзела Кубко на ўсё жыццё, але не за тое, што ён мацюкаўся пры ёй і на слыху ўсяго класа. Яна была ўражана зусім не тым, што абразілі яе, усё засланіла крыўда, што абразілі таго чалавека, на якога яна малілася. I гэтая крыўда была такой вялікаю і так усхвалявала яе, што ёй нават і ў галаву не прыйшло ўзяць ручку і напісаць у райана ці яшчэ куды-небудзь. Па яе разуменні, гэта было б новаю абразай таго чалавека, і абраза ўжо сыходзіла ад яе. Не, не яна дала ход той справе, а хтосьці іншы. Мар'ян ведаў хто. Разам з дзетдомаўцамі ў адным класе вучыліся і дзеці Місцюка. Місцюк рабіў у дзетдоме загадчыкам гаспадаркі, і Мар'ян цярпеў, не было выйсця — той цёрты быў чалавечак. Уладкаваўся, калі ён, Мар'ян, ездзіў на тры месяцы на курсы павышэння кваліфікацыі. I ніяк яго не ўхапіць ужо было, што там ні кажы, а франтавік, колькі б там ні было, а ваяваў, як вызвалілі вёску, прызвалі ў армію і яго. А чым займаўся, што рабіў да вызвалення, ніхто не ведаў. Зводзіў, высякаў пагранічны сад — дык дрэвы ж сек, не галовы. Загадалі — і сек. Не ён, дык хто-небудзь іншы. У партызаны не пайшоў? Так, не пайшоў, але партызаны позваў не дасылалі. Вымушалі яго, праўда, ісці ў лес. Прыхапілі, араў недзе ў лесе. Доўга ўглядаліся: здаецца, баба за плугам. Спадніца на ёй, кофта, а па спрыце, манеры — дык мужчына. Падышлі бліжэй, што за дзіва такое: мужчына, толькі пераапрануты ў бабскае, каб ад немцаў і партызан схавацца. Парагаталі, хтосьці прапанаваў забраць яго ў атрад, але не вельмі сур'ёзна.
Читать дальше