Дапамагала, у майках і трусах ніхто не наважыўся пайсці на ўцёкі. Але наракалі, добра наракалі. З аблана прыехала камісія, пацягнуліся са скаргамі. I ведалі ж, сцервяцы, на што скардзіцца. Пра тое, што добрыя ўжо малайцы, не хлапчукі, а хлопцы, жаніхі амаль улетку ў трусах і майках ходзяць, ні гу-гу. Пазбаўлены свабоды перапіскі, перлюструюцца пісьмы. Перлюструюцца. Дзе толькі слоўца такое ў гэтай вясковай глушы адкапалі. Старшыня камісіі, дзядок яшчэ, пэўна, з дарэвалюцыйных педагогаў, клюнуў на гэтае іх слоўца:
— Парушэнне ўсё ж канстытуцыі. I другое — дарослыя ж хлопцы, выпірае ўсё гэта з трусоў, дзевачкі бачаць...
— Выпірае,— пагадзіўся Мар'ян,— бачаць, парушэнне...
— Ну вось, самі ўсё добра разумееце. Я ў іх гады ўжо добра заляцаўся, ва ўсіх дзевачак у гімназіі быў закаханы,— дзядок пажвавеў, нагадаўшы гімназію.— Які цудоўны ўзрост. I абмяжоўваць яго...
— Так, узрост цудоўны,— зноў пагадзіўся Мар'ян.— Толькі ў нас тут не гімназія і распранутыя да трусоў яны сапраўды саромеюцца дзевачак, але апрані я сваіх жаніхоў, дзе мне шукаць іх, у той жа дзень яны апынуцца ўгорадзе. А што ў вас там, мала панажоўшчыны, крадзяжу, нахабства?
— Гэта ёсць, гэта мае месца,— зніякавеў інспектар.— I ўсё ж я думаю...
— А я не думаю,— Мар'ян адчуў, што за ім таксама праўда, мо і большая, чымсьці за інспектарам.— Мне няма часу думаць, Арыстарх Філіпавіч. Дзяржава даверыла мне гэтых дзяцей. I я не дазволю, каб яны пайшлі ў бандыты, пазашываліся ў трушчобы, зруйнаваныя дамы і падвалы. Яны будуць разбіраць гэтыя руіны і будаваць новае жыццё. А каб было так, я павінен сачыць за кожным іх крокам, ведаць кожны іх крок, ведаць іх думкі.
— Так усё на словах, але душа тонкі інструмент, і перлюстрацыя яе, прабачце мне, функцыя, мякка кажучы... М-мм,— інспектар сумеўся. I Мар'ян паспачуваў яму:
— Можаце гаварыць усё, што думаеце, я разумею,што вы мне хочаце сказаць. I раблю ўсё не без галавы.У часы той бласлаўлёнай вамі гімназіі бацькі таксама не грэбавалі распячатаць пісьмо, якое адрасавана сыну ці дочцы.
— Так, не грэбавалі... Толькі не ўзводзілі гэта ў прынцып. Не ў такім маштабе гэта было, не так навідавоку.
— Вось іменна, вы гаворыце дакладна: так навідавоку і ў такім маштабе. I не трэба мяне шкадаваць. Вы ж не дзецям спачуваеце, не іх шкадуеце, а мяне. А за тое, што раблю, я гатовы адказаць усюды і перад кім вы толькі пажадаеце. Кожнаму.
— Усюды і кожнаму — гэта вельмі зручна. А адказваць жа трэба ім, дзецям, іх будучаму,— з сумам вымавіў інспектар. Не. Мар'ян усё ж памыліўся ў ім. Інспектар жыў не толькі мінулым, сваёй гімназіяй. Пасля кароткага, але зацятага маўчання інспектар загаварыў зноў:
— Галоўнае, за ўсё, што робіцца сёння, спытаюць настолькі заўтра, у будучым. А з цягам часу мы і самі робімся інакшымі, інакш трохі думаем, другімі вачыма глядзім на зробленае намі. I таму мне, вы не памыляецеся, шкада вас... Але спынімся на гэтым.
Мар'ян спыніцца не пажадаў, апошняе слова хацеў усё ж пакінуць за сабою:
— Калі ўсе яны выйдуць у людзі і будуць людзьмі, я згодны: хай плюнуць мне заўтра ў вочы, утруся і прыму плявок.
I вось цяпер, калі ён прыгразіў Кубу, што можа даць за яго словы і ў каршэнь, і Куб адказаў яму тым жа, Мар'яну здалося, што ён ужо атрымаў той наканаваыы яму плявок з будучыні. Але чаму, за што? Ён выцер вочы, як пазбаўляўся гэтага пляўка, жадаў уцяміць, прасвятліцца, зазірнуць у будучыню, якой яна будзе ў яго, гэтага Кубіка, з аднаго боку — боку выхавацеляў — самага апошняга з дзетдомаўцаў, самага адпетага, з боку саміх дзетдомаўцаў — вельмі паважанага, шаноўнага. Ён, канечне ж, з царкоў гэты Кубік, з тых, хто, як кажуць, трымае ў дзетдоме вярхушку. Але, Мар'ян гэта ўжо даўно змеціў, царкі і вярхушачнікі бываюць розныя. Адзін дамагаецца свайго сілаю і нахабствам. Нахабствам непамерным і жахлівым, жахлівым не сёння, калі ён пад наглядам, на вачах у выхавацеляў і настаўнікаў, калі яго вярхушка варта толькі жалю і выклікае агіду і самі дзетдомаўцы іх інакш і не завуць як толькі крыхаборамі: пайка, скібка хлеба ад меншых, што выдаецца ім на вячэру ці абед, загад тым жа меншым без яго дазволу, дазволу царка, не есці ў супе мяса, а таксама салодкае — пячэнне, цукеркі. Усё гэта ў кішэню і чэрава царка. Сёння ў яго хапае шасцёрак, якія ўслугоўваюць яму, якія абавязаны разбіраць і засцілаць за ім ложак, чысціць яму чаравікі, і самыя адданыя яму — фіскалы — ходзяць у вышуку, яго вочы і вушы: расказваюць, нашэптваюць, ці не выспявае ў яго царстве бунт, хто і што гаворыць пра яго, ці не прыхоўвае тую ж пайку ці цукерку. Паскуднікі ўвогуле, але з тых асцярожных паскуднікаў, якія не пераступаюць таго, што няпісана дазволена сярод дзетдомаўцаў. I не толькі сярод дзетдомаўцаў, Мар'ян здагадваецца, што і некаторыя выхавацелі падтрымліваюць і падахвочваюць гэтых вярхушачнікаў, бо яны дапамагаюць выхавацелям трымаць групу ў руках, варта добра пагаварыць з царком, не забыцца намякнуць яму пра тое, чым ён займаецца, і царок зацісне групу ў кулак. Малеча будзе хадзіць як па струнцы не таму, што баіцца выхавацеля, а свайго ж брата, царка, які заўсёды пры ім, заўсёды можа паўшчуваць куды больш і куды страшней, чымсьці той выхавацель. Брыдота, канечне, і Мар'ян пазбаўляўся ад гэтай брыдоты, ад выхавацеляў, якія імкнуліся так кіраваць сваімі групамі. Але ад выхавацеляў лёгка пазбавіцца, а ад саміх царкоў ужо не надта. I страшнымі яны былі не сёння, у дзетдоме, а заўтра, на волі, сёння яны мелі толькі кулак, а заўтра маглі ўзяць у рукі і нож.
Читать дальше