— Усё роўна кончу суку, усё роўна не ўстоіш.— I з правай рукі, і з левай па слупе. Але на ўсе яго ўдары толькі ледзь чутна адгукнуліся правады, гулі, і то хутчэй ад высокага напружання энергіі, якую яны неслі ў сабе, ад прыхаванага ўсярэдзіне святла.
— Ну, добра, сука, стой,— знямогся ўсё ж, здаўся Вовік і, ашчаперыўшы слуп рукамі, ссунуўся па ім на зямлю. Першае, чаго пазбавіўся дзетдом, што не ўстояла на яго падворку з таго часу, як не стала тут дзетдомаўцаў,— гэта плот. Але і без плота ўсё, што належала некалі дзіцячаму дому, па звычцы ўжо вяскоўцы працягвалі называць дзетдомам, быццам гэта была нейкая самастойная дзяржава, межы якой усе ведалі, помнілі, без патрэбы не парушалі, не ўрываліся ў яе, не займалі яе тэрыторыю.Калі ж каму прыходзілася будавацца, фундамент закладвалі ўбаку, часцей за ўсё на другім канцы вёскі, хаця зямля была там горшая, няўдобіца. Хаця, здавалася, не было ў тым ніякай рацыі, і сляпы, і дурны разумеў: каля дзетдома месца пад селішча больш прыдатнае. Але меўся, пэўна, нейкі замочак, забарона нейкая мелася, яны і не дазвалялі займаць дзетдомаўскую зямлю. Адзіны, хто пераступіў праз гэтую забарону, паквапіўся на непарушнае, недатыкальнае,— Місцюк. Паквапіўся, хаця, як гаварылі ў вёсцы, Мар'ян перад смерцю паспеў даць наказ: берагчы дзетдом і ўсё, што яму належала, таму што ўсё там грамадскае, павінна служыць усім, гэта як музей. Пахмяць гэта. Наўрад, канечне, ці быў такі наказ. Светка аб ім нічога не ведала, а яна ўсё ж дачкой прыходзіцца Мар'яну...
Уладзік успомніў Светку, яшчэ больш замаркоціўся. Нічога не атрымліваецца ў яго са Светкай:
— Старая я, старая для цябе. Шукай сабе маладзейшую. Я як маці табе...
А што яму, Уладзіку, да яе гадоў, калі ён кахае яе. Яна баіцца вясковых абгавораў, але тут іх будзе няшмат, вёска будзе на іх баку, таму што ўсе ведаюць пра яго хваробу. Хоць гэта, канечне, і нядобра — прыкрывацца хваробаю, але тут не грэх. На самай жа справе, хто яго, прыпадачнага, можа палюбіць, каму ён трэба, як не такой вось перастарцы.
Уладзік падумаў так пра сябе і Светку, і яму стала прыкра ад гэтых думак. Не, ён не адмаўляўся ад іх, усё тут праўда, голая праўда. Але іншым разам лепш не ведаць такой праўды, не дапускаць яе да сэрца. Гэта ж таксама: раз-другі папусцішся, падумаеш аб кімсьці брыдка, брыдка падумаеш аб родным табе чалавеку і сам абрыдзееш, згадзееш сабе. Аб усіх і аб усім так думаць будзеш. Ва ўсім нейкую выгаду, карысць вышукваць пачнеш. Вось таму недарэмна, пэўна, і гавораць: мельнік каля мукі заўсёды запыліцца. I ён вылаяў сябе, дакарыў, адагнаў нядобрыя думкі. Прымусіў сябе думаць пра другое, пра бацьку Светкі, Мар'яна, які быў настаўнікам, дырэктарам вось гэтага дзетдома, старшынёю калгаса і наогул добрым, справядлівым у яго вачах чалавекам. Толькі вось памёр рана і раптоўна, на хаду, у працы, як цяпер часта паміраюць былыя франтавікі, быццам каласы пад сярпом падаюць, ледзь-ледзь выспеліўшыся. Так упаў і ён, і наўрад ці паспеў зрабіць які наказ. Але людзі прыдумалі, што гаварыў, гаварыў перад смерцю Мар'ян. I доўга, шмат пра што. Усё наказваў чагосьці ці кагосьці чакаць, нехта павінен прыйсці, аб'явіцца, здаецца, з боку
Беліч, дзе дзедка яго пахаваны. Як, маўляў, толькі ён аб'явіцца, вы ўбачыце і адразу зразумееце, што гэта ён. Так прадказваў яшчэ дзедка. А дзедка быў няпросты, на тры метры ў зямлю ўсё бачыў. Гаварыў Мар'ян, што прыедуць сюды яшчэ і дзетдомаўцы, справяць з кожнага ўсё, што ўзялі ў дзетдоме, справяцца, як стаіць іх сіроцкая хатка, і мулка яму будзе ляжаць на тым свеце, калі хатка не ўстоіць. Гэта зусім ужо казкі, але людзям падабаюцца казкі. У гэтай да ўсяго ж няма нічога благога. I яна не пра Мар'яна, гэта сумленне людское загаварыла, у кожным жа ёсць яно, хай будзе ён самым апошнім чалавекам, забойцам і злодзеем. А дзетдомаўскім хоць цвічком ад плота цішком пакарысталіся ўсе ў вёсцы, нават самыя сумленныя і праведныя.
Ды і як інакш, калі патрэбная табе рэч валяецца на дарозе, гніе, ці ж магчыма яе не падняць, грэшна не нагнуцца, і шмат хто з вяскоўцаў гнуўся да прастрэлу, да радыкуліту.
На дарозе затахкаў матацыкл, замітусіўся фарамі па дзетдомаўскім двары. Уладзік насцярожыўся. Матацыклы гэтыя як насланнё нейкае яму. Але гэта быў не той, які ён шукаў, які прагнуў убачыць, не блакітны, а жоўценькі, міліцэйскі, з райцэнтра прыкаціў зяць Місцюка, міліцыянер. Вось ужо і з міліцыяй парадніўся Міцюк. Усюды яго сваякі, усюды радня. На ганак выскачыў сам гаспадар, дужы яшчэ, мажны, хоць у хамут яго, Місцюк-старэйшы. Кінуўся адчыняць вароты. Матацыкл зноў завуркацеў і пакаціўся да хаты, высвеціўшы дзетдомаўскі двор, Уладзіка на ім, яшчэ кагосьці, хто ўцякаў з дзетдомаўскага двара з боку жылога корпуса. Уцякаў цяжка, мусіць, штосьці нёс, штось яшчэ можна было пацягнуць з дзетдома. Начное жыццё вёскі працягвалася, каторы год усё яшчэ працягвалі раскрадаць дзетдом. Колькі ж у ім дабра. Як такое магчыма: столькі часу красці, красці, і ўсё ёсць што ўкрасці. I калі гэта толькі кончыцца, калі гэта пачалося...
Читать дальше