— Трэба, мусіць, рабіць пасты на дарогах,— далікатна выказваў свае думкі паляўніцтвазнаўцу Уладзік, гаварыў аб тым, пра што думаў у час сваіх начных блуканняў да бабрыных хатак.
— Трэба,— пагаджаўся паляўніцтвазнавец.
Але ніякіх пастоў на дарогах, якія вялі сюды, так ніколі ніхто і не бачыў. Аднойчы толькі прыскочыла машына ДАІ, але зусім не таму, каб звесці і пастрашыць браканьераў. Паганялі п'яных трактарыстаў і шафёраў, паадбіралі правы, каб наступным ранкам вярнуць іх працверазелым ужо механізатарам, даўшы ім тым самым падставы для новай выпіўкі. I механізатары выпілі. Урэзалі так, што гай шумеў. Адзін з трактарыстаў не даехаў нават да гаража, кульнуўся з кабіны пад колы трактара. I такі ўжо быў п'яны, што трактар не працвярэзіў яго, пашкодзіў яму толькі тазасцегнавы сустаў.
Жыццё працягвалася. Рэкі, як і заведзена, цяклі на захад і на поўдзень, адна пара года змяняла другую, падаў і раставаў снег, ішлі дажджы, дулі вятры. Вовік-алкаголік піў, дзед Калістрат ратаваўся і маліўся, Уладзік сцярог баброў. Ён і сам не ведаў, навошта гэта робіць, адчуваў, разумеў, што аднаму яму не адстаяць, не ўсцерагчы тых баброў, не тое што ад кандыдатаў навук, нават ад Паніхіды. А Паніхіда слоў на вецер не кідаў. Ужо недзе блізка да вясны заняўся агнём стажок Уладзікавага бацькі. Заняўся і згарэў. Палічылі, што гэта проста выпадак, хаця той-сёй у вёсцы ківаў на Паніхіду: ён спаліў. Але калі не злоўлены, то і не злодзей, і не за тое злодзея б'юць, што крадзе, а за тое, што пападаецца. Пагаравалі, пабедавалі бацька з маці ды і супакоіліся. Вясковыя сцежкі сапраўды вузенькія, нічога, сыдуцца яны яшчэ. Няма ж нічога такога тайнага, што б з цягам часу не выкрылася. Прыгадаць хаця б тое, што здарылася зусім нядаўна, такое выкрылася, хаця, лічы, сорак гадоў прайшло. Кандратава жонка незнарок прыбіла на сваім гародзе Ахрэмаву куру. Павохкаў, павохкаў дзед, накруціў Кандрату з жонкай мацюкоў. А потым, пасмактаўшы сваю люльку, сказаў:
— Ну, нічога, нічога, ты зараз маю курыцу, а ўзгадай пра свайго кабана, што ў трыццаць сёмым канфіскавалі... Ага, помніш. Яшчэ бацька твой забіць таго кабана забіў, а лупіць шкуру не стаў. Не схацеў здаваць шкуру ў казну. Захацеў сала са шкуркай паесці. Паеў... То ж я даказаў каму трэба.
Уладзік засмяяўся, успомніўшы словы дзеда Ахрэма, як смяяўся і тады, разам з усім сялом, калі пачуў іх.
Ён быў на Ніўках, і ноч была зорная і месячная. I бабры зачакаліся ўжо, яго. Ён тупнуў нагой і прыпаў вухам да зямлі, правяраў, ці тут яны, ці жывыя. Жывыя. Адгукнуліся на яго праверку, завуркацелі, заварочаліся. Ён лёг на бугарок ля пагранічнага слупка, назапасіў цярпення і пачаў чакаць. Чакаў доўга, але дачакаўся: яны выйшлі. Трое, праўда. Трое адсяліліся, перабраліся ў другія хаткі, каб доўжыць і множыць бабрыны род, а гэта значыцца — і род чалавечы. Але і тут, сам-насам з бабрамі, сам-насам з радасцю, Уладзіка не пакідала адчуванне небяспекі, што пагражала бабрынаму племені. Раскатвае ж па зямлі і дзесьці побач блакітны матацыкл, не спіць уначы Янот. А ці ж здольны ён, Уладзік, парадзіць, ці хопіць яго зрабіць так, каб гэтая радасць жыла вечна, каб бабры вечна заставаліся на месячных дарожках.
Аб гэтым ён думаў і вяртаючыся дамоў, і трэба адзначыць, што вяртанне гэтае было сумным, ён адчуваў сваю бездапаможнасць, не бачыў каля сябе чалавека, па якога можна было б абаперціся. Гэтая ўласная бездапаможнасць стамляла. Разумеў — раз не здолеў ці падсеклі, два не здолеў ці падсеклі, і на трэці раз проста плюнеш, ды што, мне больш за ўсіх трэба, хай конь думае, у яго галава вялікая. Ды дзе знойдзеш тых коней, калі іх ужо і ў калгасе не засталося, канюшня разбурылася. Спраўных коней здалі на мясакамбінат, лядашчых параздавалі па хатах. Не зусім, канечне, яны лічыліся калгаснымі, а даглядалі іх мужыкі. I ніхто, здаецца, асабліва не засмучаўся, як нікога гэта і не тычылася. I што, бачачы такое, скажаш. Калі коней ужо не прыкмячаюць, хто можа прыкмеціць бабра. Няма Мар'яна, няма Мар'яна...
Пра Мар'яна ён падумаў таму, што быў ужо каля клуба, на дзетдомаўскім двары. Двор гэты быў вялізны, і ўсё на ім было дзетдомаўскае: хлеў, два колішнія жылыя карпусы, а цяпер страх гаварыць, страх глядзець на тыя карпусы, сад, клуб, якім загадваў Уладзік, бярозы, каля якіх ён цяпер спыніўся. Спыніўся таму, што ўбачыў, як Вовік-алкаголік спрабуе паваліць адзіны на ўсю вёску з падвешаным да яго ліхтаром слуп, які стаяў каля клуба. Вовік так ярасна налягаў на гэты слуп плячом, так матляўся круга яго, што Уладзік адчуў ніякаватасць — а раптам возьме ды паваліць, але слуп стаяў трывала, нават лямпачка не калыхалася. Толькі ж і Вовік быў упарты, мусіць, добра набраўся. Не ўдалося паваліць, ён пачаў біць яго:
Читать дальше