— Бачыў, Мар'ян,— сказаў ён Знаўцу. Той прамаўчаў, крочыў пад кулямі, як у турэмны двор на прагулку выйшаў.
— Мар'ян з канём, скочым на воз...
— Адыдзі, мразь...
На самай справе сказаў гэтыя словы Знавец, ці яны толькі прычуліся яму, Місцюк не зразумеў. Але ён зразумеў другое. Знавец не пойдзе на пабег, па крайняй меры, не ў пары з ім. Пад кулямі ён нават пазбавіўся арыштанцкай звычкі горбіцца, распраміў плечы, узняў галаву, хаця рукі яго, падпарадкаваныя камандзе канваіраў, пра якую тыя, пэўна, і самі ўжо забыліся, былі складзены за спіной. Зняволеныя выпрабоўвалі канваіраў, наважацца яны страляць ці не, білі лыжкамі ў кацялкі і крычалі, што каму ў галаву прыйдзе, кожны сваё, пакуль з рознагалосіцы не сплялося адзінае: кончыўся, кончыўся ваш час. Да налёту і страляніны нешта падобнае крычаў і Знавец. А калі наскочылі самалёты, змоўк, падціснуў вусны, вярнуў рукі туды, дзе яны былі раней, дзе ім было загадана быць. Але вярнуў не бязвольна, як гэта прадпісана арыштантам, а моцна прыціснуў іх да спіны, сцяў кулакі. I паглядзеўшы на яго, на тое, як ён выкрочвае, узняўшы стрыжаную, чыста брытую нават галаву да неба, што сыходзіла вызваленнем і смерцю, ніхто не асмеліўся сказаць, што гэта ідзе зняволены Іван Знавец. Распрамленымі, выпнутымі наперад грудзьмі, ён нібыта прагнуў злавіць кожную, што ляцела з неба, кулю, і кулі, здавалася, набліжаючыся да яго, мянялі кірунак, пазбягалі яго. Інакш немагчыма было і вытлумачыць, чаму ён яшчэ ідзе, чаму ён такі вялізны, грувасткі, высокі і шырокі сярод гэтай панылай, паніклай да зямлі шэрай масы, у якой даўно перамяшаліся ўжо і канваіры, і вязні. I падалі разам і канваіры, і вязні, і паміралі разам. Але трапіць у Знаўца было немагчыма, у адрозненне ад іншых зняволеных яго не стрыжаная, а брытая галава, здаецца, павінна была прывабліваць, прыцягваць кулі, ды толькі ніклі галовамі ў шэры палескі пясок тыя, што былі побач з ім. А побач быў і ён, Сідар Місцюк, і ў сваёй пахіленасці адчуваў, што куля вось-вось сустрэнецца з ім, сустрэнецца іменна таму, што ён побач са Знаўцом. I Місцюк паспяшаўся адсунуцца, адмежавацца ад яго. А калі адсунуўся, трапіў у людскі кацёл, варыва, што клекатала ад перапуду і прагі выратавацца. Акунуўшыся ў гэты кацёл, Місцюк паверыў, што хто-хто, а ён застанецца жывым, выжыве, няма яшчэ на свеце такога катла, у якім можна было б уварыць яго, няма яшчэ і чалавека, які здольны зрабіць такі кацёл. Наканавана яму выплываць з людскіх віроў, вылузвацца, выкручвацца з чарады асуджаных, смерць яго чакае, калі ён будзе адзін. Канечне, яна дагоніць яго, але не зараз, не ў натоўпе, яна ўшануе яго, калі ён застанец ца з ёю сам-насам, яму ж так хочацца сказаць і нешта сваё смерці, сказаць пра тое воўчае жыццё, якое выпала на яго долю. Ён ужо раз выратаваўся, уцёк ад смерці, а цяпер яна стакалася з ім зноў, глядзела на яго застылымі нямымі вачыма воўчага вяселля. Каму вяселле, а каму хаўтуры, смерць. I Сідар адчуваў гэтую смерць. Яна жыла ва ўзведзенай ужо напружанасці воўчых целаў, у іх падрыхтаваных да скачка лапах, увянчаных такімі кіпцюрамі, што без натугі дзяруць шкуру вала, гэтыя кіпцюры ўжо драпалі ў чаканні яго цела снег. Ён чуў лёгкае парыпванне магільнага снегу, які праходзіў праз іх кіпцюры, чуў, як разнімаюцца іклы і разцы ў іх сківіцах, разнімаюцца, каб у наступнае імгненне зноў самкнуцца, мёртва замкнуцца на яго глотцы. I ўласная глотка здавалася яму так лёгка пранікальнаю, такой нетрывалаю, безабароннаю, што ён мімаволі закрыў яе рукой, уцягнуў галаву ў плечы. I не меў ён ані адзінага слова да гэтых звяроў, а калі меў, то цяпер задушыў іх у глотцы сваёй жа рукой. I так на тую пару хацелася азірнуцца, але тут ён ведаў, што гэтага якраз не трэба рабіць. I Місцюк не міргаючы, з пільнасцю, невядомай яму раней, прыглядаўся да зграі, нібыта імкнуўся пралезці вачыма да душы кожнага воўка, выгледзець, што там, у іх, ці ёсць хоць нейкая надзея, шчылінка, пралазінка, імкнуўся пазнаць важака ці ваўчыцу, па загаду якой воўчае вяселле кінецца на яго. Але ні важака, ні ваўчыцы ён не прызнаў, пакуль зграя не прыйшла ў рух. I загадаў ёй рушыць нягеглы воўчык, якога Сідар не паспеў як трэба разгледзець. Стаяў ён наводшыбе і ні ростам, ні складам не вылучаўся, ці быў ён самы стары тут, ці самы малады і цяпер апраўдваў, адрабляў за гэтую сваю старасць ці маладосць, Місцюк не прыкмеціў. Ён убачыў яго ўжо ў скачку, у палёце, кальнуў вочы ўздыблены яго загрывак, кожная поўсцінка сама па сабе, і ў кожнай смерць, шэрая, са сталёвым водсветам, смерць у бела-ружовых, завіслых у паветры іклах. Місцюк засяродзіўся на гэтым белым, ружовым і шэра-сталёвым — што было на тую хвіліну і ў вачах ужо ў воўка. Засяродзіўся і прапусціў імгненне, як разам з ваўчыцай прыйшла ў рух уся зграя. Ён толькі-толькі прымерыўся, злаўчыўся ўхапіць за глотку гэтага нецярплівага, лядашчага воўчыка, усім целам, слыхам, вачыма як пераліўся ў махавыя скачкі яго па снезе, недзе нават дапамагаў яму, суразмяраў кожны скачок з той адлегласцю, што была між імі, молячы бога, каб воўчык не збіўся з нагі, калі наблізіцца да яго, высока завісне ў паветры каля яго, Місцюка, галавы. Вось тады, у паветры, у палёце, ён і перахопіць воўка, замкне рукі на шыі звера. I тут адбылося нешта незразумелае. Воўчык набраў ужо вышыні, неабходнай ім абодвум, як аднекуль збоку выхапіўся другі такі ж шэра-сталёвы цень, засланіў ад Місцюка яго воўчыка, збіў яго ў паветры, пакаціў на снег амаль пад ногі Місцюку, перакуліў на спіну і сам сеў на дарогу каля Місцюка, прызямліўся на ўсе чатыры лапы, мякка, плаўна, як кошка. То была ваўчыца, нераўня лядашчаму воўчыку, які пакорліва адпаўзаў, ціснуўся ўбок, мацёрая, сытая, задаволеная. Яна па-сабачы стала перад Місцюком, прагнуўшы хрыбціну, трохі ўгнула галаву, схіліла да пярэдніх лап і знізу ўверх зірнула на Місцюка, зірнула без воўчай змрочнасці і пагрозы, з нейкім нават уласцівым хатнім кату ці сабаку заклікам, запрашэннем пазабаўляцца з ёю, даткнуцца, пагладзіць яе. Яна не баялася чалавека, была бясконца добрая ў сваёй упэўненасці, пераконанасці, што яе сёння можна і трэба толькі песціць і любіць. Усім толькі любіць. I Місцюк ужо нахіліўся, каб прылашчыць яе. Ваўкі, што стаялі цяпер справа і злева ад яго, хоць і прыкмецілі, як ён абачліва варухнуўся, не выказалі, здавалася, незадавальнення, не ўстрывожыліся, яны проста чакалі. Чаго, падумаў Місцюк, адвёўшы ад іх позірк, адвёўшы позірк і ад вачэй ваўчыцы, і толькі на адно імгненне. Але гэтага імгнення хапіла, каб забыцца пра ўсё на свеце, прыхлынуў такі звярыны нястрымны страх, што яго аж скаланула. I калі ён поўнымі страху вачыма зноў паглядзеў на ваўчыцу, зазірнуў ёй у вочы, то ўжо больш не ўбачыў ні закліку, ні запрашэння прылашчыць яе. Цяпер вочы ваўчыцы былі змрочнымі і стомленымі, і яшчэ там было нешта няпэўнае, неакрэсленае, што Місцюк не мог зразумець. Але ўсё яшчэ падпарадкаваны яе першаму загаду, камандзе, якая моўчкі прагучала імгненне назад, не маючы сілы пазбавіцца той каманды, таму што нічога ўжо не цяміў, Місцюк нагнуўся і панёс да яе руку, засланіў ёй вочы. Ваўчыца перасцерагальна заскавытала. А гэтага было дастаткова, каб ён, зняможаны, апусціўся на снег, абыякавы да ўсяго на свеце, што не тычылася таго, што тут адбудзецца праз хвіліну-другую. Яго ўжо, можна сказаць, не было, не існавала нідзе і ніколі.
Читать дальше