I Сноўдала затрубіў. Але голас яго быў слабы і ціхі. Ён не мог заглушыць шум і гам бойкі, якая ўжо жыла па сваіх законах, законах крыві і смерці. Па тых жа законах яго першага павінны былі знішчыць, забіць як штосьці іншароднае, што шкодзіць трыумфу смерці. Але яго не забілі, не ўмярцвілі, не паспелі. Голас яго пачулі такія ж, як ён, нямоглыя і скалечаныя, нованароджаныя, у якіх яшчэ не адраслі рогі, каб біцца, якім у гэтай бойцы не было ні схованкі, ні паратунку. Яны пацягнуліся да яго, абкружылі яго, абаранілі бездапаможнасцю сваёй ад тых, хто ўжо рыхтаваўся ўдарыць яго апошні раз, каб ён не перашкаджаў, не блытаўся пад нагамі, не бянтэжыў другіх. Нованароджаныя ўсталі ўкруга знявечаных, знявечаныя памножылі жалобны голас Сноўдалы, у гэты крывавы хор уплялі сваю жалобу і тугу і дзеці. I смерць, прыхопленая знянацку, спалохалася сама таго, што натварыла, і адляцела на імгненне. Бойка замерла, запанавала цішыня, ні гукаў, ні стогнаў, толькі чутно было, як свірчыць кроў ды вывяргаюцца нечыстоты з растрыбушаных целаў.
Сноўдала, хістаючыся ад слабасці, пакінуў нованароджаных і знявечаных, ступіў да дарослых зуброў, што ўжо цверазелі, адыходзілі ад бойкі. Пахмелле іх было крывавым, яны саромеліся самі таго, што натварылі, імкнуліся не глядзець па баках. Такога ж у іх яшчэ не было, яны заўсёды жылі ў згодзе, міры і спагадзе, нікога без патрэбы не чапалі. I вось... Сноўдала, апусціўшы галаву долу, бо баяўся наткнуцца вокам на забітых, не гледзячы і на зуброў, яны яму згідзелі, сказаў, што пакідае загоны і чараду. Загоіць раны і пойдзе сцежкаю, якую пратапталі дзяды. Хай яны чакаюць яго, ён вернецца. Вернецца і раскажа, што там, у іх далёкім мінулым, праўда ці падман. I ці сапраўды яно такое добрае і гожае, як здаецца сёння, здалёку, ці прыдатнае яно сёння ім. Ён пройдзе ім з канца ў канец і не толькі дзеля будучыні, а каб не бачыць сённяшняга, забыць тое, што тут было, і ўведаць, уведаць, што ім з будучыні тут, за загародкамі,— разуменне, памілаванне ці пракляцце.
Другая пасляваенная зіма выдалася надзвычай снежнаю і халоднаю. А мо яна была і не такой ужо халоднай, проста галодны заўсёды мерзне. I лютаўскія маразы здаваліся невыноснымі. Нават ваўкоў выціснула з лясоў. Хаця мо маразы тут былі таксама ні пры чым. Ваўкі наогул сталі нахабныя ў тыя першыя пасляваенныя зімы. Ці распладзілася іх столькі, ці ведалі яны, адчувалі: занятыя мужчыны зараз іншым, таму і лютавалі. Уначы рабілі сапраўдныя аблавы на хутары, вёскі, ускраіны невялікіх гарадкоў. Бралі ў кальцо населены пункт і па ўсіх правілах ваеннай навукі абкладвалі дарогі, робячы іх непраезджымі і непраходнымі. I ўсю ноч зыркалі з кустоў агеньчыкі ваўчыных вачэй, пільнавалі ўдовіны хаты. I па вёсках плылі і разыходзіліся чуткі пра воўчыя бясчынствы і напады, маўляў, не толькі на худобу, але і на людзей.
З пэўнасцю расказвалі, як за ракой воўчая зграя разадрала настаўніцу. Позна ўвечары яна ішла са школы. Зграя перастрэла яе на дарозе: тры ваўкі з аднаго боку, тры — з другога. Вывелі на чыстае. Стаяў там стог сена. Настаўніца падпаліла яго і жыла, пакуль стог той гарэў, а згарэў — і ёй смерць. Накінулася на яе зграя — засталіся адны толькі боты. Па тых ботах і прызналі, хто іх насіў. А яшчэ тая ж ці другая ўжо зграя загнала на дуб дзеда. I сядзеў ён там, пакуль не акалеў. Так яно было ці інакш, хто ведае, толькі худобу рэзалі ваўкі бязлітасна, бязлітасна зводзілі і вясковых сабак, не было ім паратунку не тое што ў сваіх будках, а нават пад ганкам, пад сенцамі сваіх гаспадароў. Выдзіралі і адтуль, раздзіралі крытыя саломаю і чаротам стрэхі, рэзалі кароў і парасят, цягнулі і зводзілі авечак. I так лютавалі не толькі ваўкі. Пад маркаю іх нямала брыдоты рабілі і банды, бандэраўцы ці бульбаўцы. Прасіліся пераначаваць, а хто ў вёсцы зімою ды на ноч гледзячы адмовіць чалавеку ў прытулку, і выразалі ўсю сям'ю. Паскудзілі не толькі ў вёсках. У раёне раптам сярод белага дня без дай прычыны загарэўся райком партыі і згарэў датла. I гэта былі ўжо не плёткі. Папялішча, галавешкі на воку ва ўсіх.
У Белічы каля ракі было пакуль ціха, бог мілаваў, гаварылі, сыходзячыся ля калодзезя, жанчыны. Двухногіх ваўкоў не насылаў, адводзіў, а вось чатырохногія наскоквалі. Мяцеліліся па сумётах і пералесках ваўчыныя зграі, правіліся ваўчыныя вяселлі. Неяк адно з такіх вяселляў завітала на могілкі каля вёскі. Імгненна ачысціла іх ад могілкавых растлусцелых зайцоў, ліс, якія мышкавалі сярод магіл, адну, праўда, пакінулі назаўсёды, супакоілі, дагналі, разадралі на шмаццё, праглынулі, сплямілі чырванню магільны снег, не далі яму зашэрхнуць, злізалі і гэты руды снег і цяпер, распаленыя паляваннем і здабычаю, кроўю, рассмеленыя, ахмялелыя ад той кроплі, што ўхапіў кожны з іх, пасталі ў рад на ўзвышшах могілак, пазіралі на вёску, на цёплыя стаўбункі дымоў над комінамі, на заінелыя хлявы, у якіх яны адчувалі трывожнае дрыжанне спажывы, на захутаных да броў хусткамі жанчын, якія, стоячы каля калодзезя, углядаліся ў іх бок.
Читать дальше