Слалася, курэла белая замець. Вецер дзьмуў больш ад вёскі, а ў магільных няроўнасцях зблытваліся і запасіліся ўсе пахі яе, якія не давалі ваўкам спакою. Яны вылі, выструніўшыся на могілках, як гарністы, раздражняючы голад, падахвочваючы адзін аднаго намётам кінуцца ў вёску, выпараць усё, што там ёсць спажыўнае і жывое. Але ў гэтым іх выцці чулася і перасцярога, абачлівасць, сум па тым, што немагчыма адкрыта рынуцца ў разбой, сум прыкаванасці дрэва, што толькі гудзе на ветры, але не здольнае пайсці туды, куды кліча яго вецер, не здольнае крануцца з месца. Ваўкі чакалі, мусіць, ночы, свайго часу, каб з надыходам цемры накінуцца на вёску. А ў той час да вёскі падыходзіў салдат. Ён разлічваў быць ужо ў вёсцы, у цяпле, але лютаўскія мяцеліцы перамялі дарогу, і апошнія дзесяць кіламетраў ён ішоў амаль што па цаліку. Дарога была чыстаю, ды і то адносна, толькі ў лясным зацішку і на буграх, узлобках, а ў нізінах бясконцыя сумёты і снежныя застругі. Хадзьба па перамежаванай з намётамі і застругамі чысціні вымотвала яшчэ больш, чым па цаліку, хаця салдат і прывык да бездаражы. Без дарог ён прайшоў ад Палесся да Берліна. I цяпер вяртаўся дамоў, на печ. I больш за ўсё прагнуў ён гэтай сваёй печы. З печы яго ссадзілі тры з лішнім гады назад, кінулі ў мясарэзку, якая называлася вайной. Ён сумленна прайшоў, праслізнуў між яе нажамі. Ніхто не асмеліцца цяпер паказаць на яго пальцам, што было, то быллём парасло. Ён сплаціў Радзіме ўсё, што мог: літр ці два крыві, сотні літраў поту, тры скуры змяніў — і цяпер чысты перад ёю. Можа не баючыся залазіць на печ. Праўда, печ у яго не вельмі хвацкая, але гэта не бяда, рукі, ногі цэлыя, складзе яшчэ не адну добрую печ, не адну хату адбудуе. Прыгледжана ўжо ж і месца пад новую хату. Стаяць бы ёй там, дзе стаяла яна, яго родная хата, спакон веку, ды ўсё вайна, а праўдзівей кажучы, войны вінаватыя, тыя, што ідуць не паміж краінамі, а між сваімі людзьмі. Але сёння, здаецца, слава богу, усё ўжо ціха, усе наваяваліся, хто хацеў і не хацеў, нават ён. Думаў адлежацца, не далі, адарвалі ад жончынага боку, пагналі на край свету. Але гэта мо і не так блага, як кажуць: што ўсім, то і бабінаму ўнуку. Пабыў на вайне і ён, перамог разам з усімі, і будзе ў яго печ, як двухспальны нямецкі ложак. Мякка, улежна яму будзе, як на нямецкай пуховай пярыне.
Думкі гэтыя трохі сагрэлі яго. То вецер прабіраў наскрозь, а тут як і не ў шынялі ішоў. Ён ужо выбавіўся з ляснога падманлівага, пераменлівага зацішку і параўняўся з могілкамі. Вецер закідваў вочы і твар снегам. Але ён не ўхіляўся і не абіваў яго, адно толькі часта міргаў, прымружваў вочы і радаваўся, што апошнія пяцьсот метраў можа і бежкі прабегчы, і бокам каціцца. Дарога наперадзе чыстая, як знарок падмёў хто.
I невядома, хто каго раней прыкмеціў, ваўкі салдата ці салдат іх, хутчэй за ўсё ваўкі пачулі яго. А салдат адчуў, што нехта слухае, цікуе за ім у гэтай завірусе і замёр на месцы, слыхам і вокам імкнучыся зразумець, дзе стаілася небяспека. Знямелі, бы ператварыліся ў помнікі, і ваўкі. Нерухома, не выказваючы сябе, зграя і чалавек стаялі добрую мінуту, салдату тая мінута сцягнулася, як год. Ён усё ж згледзеў ваўкоў між крыжоў і, хаця нічога не ведаў аб сённяшнім мірным жыцці тут, аб нораве пасляваенных ваўкоў, адчуў прыхаваную ў іх нерухомасці пагрозу, і была яна больш жахлівай за пагрозу смерці на вайне. Там смерць прыходзіла часам нябачна і нячутна, даганяла амаль як у сне, нечакана, неспадзявана. Тут жа ўсё было відавочна і прадказана. I ані душы побач, аніводнага чалавека, які мог бы падставіцца смерці замест яго, няма салдацкага шэрага натоўпу, які смерць мясіла б не разбіраючыся. У мітусні, блытаніне, як вядома, заўсёды ёсць магчымасць выжыць, вылузнуцца, як вылузваўся ён кожны раз да гэтага. Як ён вылузнуўся на самым пачатку вайны. I гэта здарылася, як і сёння, амаль пад самай яго хатай, каля парога яе, крыху далей, канечне, чымсьці ён зараз ад яе, але ж усё роўна пад хатай.
Іх гналі з турмы, куды — пра тое ён не ведаў, не ведаў і Іван Знавец, хутчэй за ўсё ў другую турму. А мо... Але гэтаму «а мо» якраз і не даваў ён веры тады, хаця яно і спраўдзілася ўжо крыху пазней. Толькі Іван Знавец адмаўляўся, што спраўдзілася, што так было, ні ў чым не прызнаўся яму да самай смерці. I чаго было перад ім Знаўцу крывіць душой, ён жа сам, на свае вочы ўсё бачыў. Бачыў, як пабраталіся канваір і Знавец. Абняліся на ўзлессі, дзе ўжо ляжалі многія з былых зняволеных. А Знаўца канваір проста адпусціў, знюхаліся, мусіць, яшчэ ў турме, абняў, пхнуў у кусты, стрэліў для прыліку ў неба, маўляў, гатовы яшчэ адзін. I Знавец у свой бок, канваір у свой, па новага арыштанта. Ён, Сідар Місцюк, быў недалёка ад іх, ляжаў у кустах, чуў нават, што сказалі яны на развітанне адзін аднаму: «Мо і сустрэнемся яшчэ, будзем страляць у адзін бок». Гэта канваір. А Знавец яму: «Больш нам і няма куды страляць, як толькі па ворагу». Гэтых слоў Іван таксама выракаўся: не гаварыў, нічога падобнага не было, прымроілася ўсё табе. Але ўсё гэта пазней, пазней, а на самым пачатку яны ішлі ў адной калоне, праз тры ці чатыры чалавекі адзін ад аднаго, ды Знавец патурыў яго ад сябе. Калі ўступілі і прайшлі свой райцэнтр, ён, Сідар Місцюк, перамовіўся са Знаўцом, прапанаваў таму ўцякаць. Мінуюць пераезд, там пойдуць кусты, балота будзе, рэчка, чорта лысага хто за імі ўгоніцца. Знавец ледзь не прыдушыў яго, каб не ўмяшаўся канваір, хто ведае, як яны разышліся і ці разышліся б. Сідар адстаў, памяняўся месцам з другімі вязнямі, выдыбаў да краю калоны, адкуль лацвей было скочыць у кусты, не нарываючыся на кулю канваіра. I тут яму дапамаглі нямецкія самалёты. Яны наляцелі на райцэнтр, адным захадам пакрышылі і калону, пэўна, палічылі іх салдатамі. Не выратавала і тое, што амаль усе яны ў калоне скінулі шапкі, паказваючы лётчыкам стрыжаныя зняволеныя галовы. I гэтыя галовы, як і галовы канваіраў, лопаліся, што пераспелыя кавуны. I Місцюк, хаця і карцела яму хутчэй на злом галавы, яшчэ раз падлез да Знаўца, што ні гавары, а зямляк, да таго ж ён прыкмеціў у абозе з хлебам, які рухаўся насустрач калоне, сына Знаўца, Мар'яна.
Читать дальше