Правіўся на лодцы і спяваў песню мужчына ў чырвонай сарочцы і картовых стракатых штанах. Я толькі зірнуў і адразу прызнаў у ім земляка. Прызнаў па тым, як ён упраўляўся з лодкай. Гэтую паляшуцкую манеру гнаць лодку, адпіхваючыся вяслом аб дно, нельга зблытаць. Пра некаторых людзей гавораць, што яны нараджаюцца ў сядле. Тут, у маім краі, людзі нараджаюцца, можна сказаць, у лодцы, з маленства на вадзе і каля лодкі. Лодка імкліва, не калываючыся і не рыскаючы з боку ў бок, бегла па вадзе. Лодачнік, як упаяны, стаяў у сваёй пласкадонцы, яна, здавалася, да краёў напоўнена ліпкай смалой, і, стоячы ў гэтай смале па калена, здавалася, вельмі лёгка трымаць раўнавагу, вельмі проста за вадою і супраць вады гнаць лодку — схіляйся і выпрамляйся, папіхвайся ў дно шастом ці вясельцам, спявай песню, як спявае яе, едучы на сваім скакуне, казах ці кіргіз: лесам еду — спяваю пра лес, стэпам еду — спяваю пра стэп. Гэты ж спяваў пра ваду і дуброву:
Дубы стаяць высокія,
Вада бяжыць чыстая,
Лодка ў мяне спрытная,
Хутчэй, хутчэй, хутчэй.
Такой ці прыкладна такой была яго песня. Толькі яго. Як магла яна быць толькі маёй, калі б гэта я плыў у лодцы і ведаў, што ніхто, акрамя мяне, не пачуе яе. Гэты ж, у чырвонай сарочцы, не збянтэжыўся, калі ўбачыў і чужога чалавека, мяне: працягваючы сваю песню, скіраваў лодку да берага.
— Дзень добры, божы чалавек!
Я адказаў на яго прывітанне і чакаў, што будзе далей, навошта яму спатрэбілася спыняцца, здароўкацца са мной. Ён жа стаяў і маўчаў, лодка цяпер крыху пакалыхвалася, гасячы хвалю. Я бачыў, што справы ў яго да мяне няма аніякай, толькі цікаўнасць. З узнятага ўгару вясла падалі, крапілі рэчку кроплі вады, і вясло тое было падобнае на дапытліва высалаплены язык. I гэтая зацікаўленасць лодачніка да мяне не магла не здзівіць. Ні ў адзенні маім, ні ў тым, чым я займаўся, не было нічога незвычайнага. I чалавек у лодцы быў самы звычайны, было яму, здаецца, добра ўжо за сорак, невысокі, загарэлы, спрытны, складны, як ножычак-складнік. Вось толькі гэтая чырвоная сарочка.
— А я цябе, браце, не ведаю,— нечакана перапыніў ён наша маўчанне, якое рабілася ўжо зацятым.
— I я вас не ведаю,— адказаў я.
— Як? — непадробна здзівіўся ён.— Ды мяне ўсе сабакі на свеце ведаюць.
— Мо таму, што я не сабака...
Ён засмяяўся, замахаў вяслом:
— Не, не, я не к таму. Я — Лукаш-страннік.
Ён назваўся так гучна, так значна, што я сумеўся. Не ведаў я і не помніў аніякага Лукаша-странніка. I ён, здаецца, адразу ж страціў да мяне ўсялякую цікаўнасць. Адпіхнуў лодку ад берага, адплыў колькі метраў, паклаў вясло, замест яго ўзяў багор і пачаў дзяўбці тым багром у дно ракі.
— Вы нешта шукаеце? — спытаў я яго, каб хоць неяк згладзіць сваю недасведчанасць. I пачуў, як багор штосьці намацаў у дне, заспатыкаўся там.
— Што я магу шукаць,— Лукаш-страннік слухаў свой багор і не глядзеў у мой бок.— Што я магу шукаць,калі ўсё даўно ўжо знайшлі без мяне? Бога? Дык ён ужо са мною... А вось тут ляжыць гронка дубовага лесу,— і трохі пазней і далей ужо ад мяне: — I тут гронка. Калода на калодзіне. Купацца — асцярожна трэба. Вуду закідваць асцярожна... На хату дубоў.
— Вы будуецеся,— здагадаўся,— шукаеце лес. Вам трэба дубы...
— Мне нічога не трэба. Я ж сказаў, я Лукаш-страннік. Хаджу-пахаджаю, езджу, памагаю людзям. I табе вось пасобіў. Ты паставіш тут палатку, будзеш вудзіць рыбу, купацца і перасцерагацца ўжо будзеш. Калодзіны тут. Як, памог?
Ён зноў ужо быў пры вясельцы, падкручваў ім ваду, утрымліваючы лодку на цячэнні, і глядзеў на мяне, а я — на яго. Лукаш-страннік хітраваў. Хітрун з хітруноў быў гэты мужычок-складнічок. I ў мяне было да яго пытанне: ці не хворы ён на галаву? Лукаш нібы разгадаў яго, засмяяўся, пусціў лодку, штурхнуўся ў дно вяслом, заспяваў: «Дубы стаяць высокія...» Крыкнуў, добра ўжо адплыўшы:
— Мы яшчэ сустрэнемся, цяпер і ты ўжо мяне ведаеш...
Пад раніцу ўжо дзяды ўгаманіліся, наспяваліся, схапіліся сварыцца, але хуценька памірыліся, па-старэчы прыкархнулі, зноў скамянелі, без астатку ўвайшлі ў бетон, як нябожчыкі, выставіўшы насустрач ветру каменныя бароды. I Сноўдала лізнуў іх у гэтыя бароды, збіраючы вільгаць, што назапасілася ў ямках. Вільгаць была крыху саланаватая і цэментна-даўкая. Адчуў, што прагаладаўся, адламаў некалькі голек ад кустоў, якімі былі ўкрыты дзяды. Голькі здаліся яму горкімі, але не па-лясному, як у асіны ці бярозы, прыкра-горкімі, то былі садовыя язмін і бэз. I Сноўдала выплюнуў іх, паглядзеў на аціхлую саляна-шэрую бетонку. Па ёй якраз кацілася машына, метраў пяцьдзесят ад'ехала ад дзядоў і спынілася. З машыны, мусіць, прыкмецілі яго, таму што на дарогу адразу ж выскачылі людзі, жанчына і дзевачка. У жанчыны і дзевачкі цераз плечы і ў руках сеткі са свежаспечаным пяшчотна-пахкім на світанні хлебам, следам за імі выпхнуў сябе з чэрава машыны, цяжка дыхаючы, неабдымны мужчына, увешаны крыж-накрыж бліскучымі нейкімі прычындаламі.
Читать дальше