I, узрадаваны, я прачынаўся, іншым разам нават не ўсведамляючы, адкуль гэтая радасць, гэтае бясконцае сонечнае цяпло на душы, і не мог збыць яго да самага вечара, а надаралася, што светлы сон мой зараджаў мяне і на цэлы тыдзень. Сон паўтараўся, доўжыўся гады, я звыкся з ім. Сон і ява зліліся. Дзесьці ў далёкім дзяцінстве знайшлася нітачка, масток, якія дазволілі звязаць, паяднаць начное трызненне і паўсядзённае быццё. Я ўжо не мог адрозніць сон ад явы. Мне ўжо здавалася, што ўсё гэта сапраўды калісьці было са мной і я магу вярнуцца да той ціхай рэчкі, цёплых паляў, разбуранай хаткі, рыбін, што могуць гаварыць, і ўсё, што некалі адрынуў я, вернецца зноў да мяне. Я адшукаю старадаўні масток, якім паяднаны стагоддзі, і разам з дзедкам убачу дзіва, стану сведкам дзіва. Трэба толькі адважыцца, і я апынуся ў зусім інакшым часе, дзе сам час, калі не паверне назад, то будзе больш літасцівым, не такім хапатлівым, таму што ў тым часе ўсё толькі першастворана, нават яшчэ не ўсё створана. I вось я наважыўся, кінуў усё і паехаў туды, дзе раслі колісь дубы, цякла рэчка Пятлянка. Што ж я знайшоў?
Усе мае спадзяванні і чаканні — адно толькі трызненне ўначы, падман, якому я так лёгка даверыўся. Сам выпесціў, вынасіў, узгадаваў гэты падман і сам соладка атруціўся ім. Першы сон не хлусіў: поезд мой сапраўды даўно ўжо адышоў. I сляды, пакінутыя ім, пазарасталі травою, лебядою, палыном і крапівой. Напаўразбураная хатка сплаўной канторы не прымроілася мне, яна на самай справе некалі стаяла на беразе ракі. Але на той час, калі я дайшоў да той хаткі, ад яе засталося толькі некалькі абгарэлых бярвёнаў ды дакор размеценых ветрам вугольчыкаў. Ад паляў і знаку ніякага, іх не было, наогул ніколі не было. I дарэмна я ўглядаўся, стоячы на голым і слізкім глеістым беразе, у цёмную і мутную ваду. Яна была мёртваю, нідзе не ўзблісквалі мае залацістыя рыбіны. Па рэчцы адна за другой праскоквалі маторныя лодкі з сенам і дровамі, прасвістала, падрэзаўшы бераг белапеннаю хваляй, «ракета». Па беразе, уразаючыся ў зямлю амаль не да кабіны, прайшоў трактар. За паўкіламетра ад мяне завіхаліся мужчыны, рыхтавалі пляцоўку, каб можна было сесці верталёту, які ўжо кружыўся над імі і нада мной таксама. Пэўна, прыскочыла нейкае вельмі высокае начальства і цяпер з неба ўсёвідушчым сваім начальніцкім вокам аглядвала зямлю і бачыла зверху ўсё, што хацела ўбачыць. А я ўнізе быў сляпы. Першастворанага, прыдуманага мною свету не было. Ніколі не было. Аб гэтым я паступова дазнаўся крыху пазней, жывучы ўжо ў вёсцы, у хаце былога франтавіка, былога дырэктара дзіцячага дома, былога старшыні калгаса, нампаліта пагранзаставы, былога вясковага настаўніка Мар'яна Знаўца, кругом сёння толькі былога, таму што цяпер ужо не было тут ні дзіцячага дома, ні школы, ні лазні нават. Нічога не было. Толькі каля ста сялянскіх двароў, каля двухсот пенсіянераў, з якіх яшчэ можна скласці няпоўнае аддзяленне былых франтавікоў. У вёсцы больш жанчын, чымсьці мужчын. На дзевяноста двароў толькі восем працаздольных калгаснікаў: пяць мужчын — ездавыя на конях, што нейкім дзівам уцалелі яшчэ, тры жанчыны — для розных работ. Сорак баптыстаў, столькі ж тых, хто не вызначыў яшчэ сваіх адносін да бога, восемдзесят перакананых атэістаў, чатыры камуністы, тры дэпутаты райсавета, адзін з іх непісьменны, два — няпоўная сярэдняя. Адзін амаль што зацверджаны зверху няпісаным тайным раскладам штатаў, такім чынам узаконены, браканьер. Астатнія таксама браканьеры, але па-за законам ужо. Законны браканьер і цяпер ужо выконваў свае абавязкі, пазіраў на верталёт, які ўсё яшчэ кружыўся ў небе, правяраў сеткі на рэчцы. Адзін закончаны алкаголік, але схільны яшчэ і выправіцца, таму што, калі быў цвярозы, яго бянтэжылі баптысты, адольвала сумненне, адзін загадчык клуба і дэзерцірчык адзін. А ўвогуле ўсе добрыя і замаркочаныя аб добрым людзі, якія ціха адыходзілі ад гэтай маркоты на той свет пад бадзёрыя дыктарскія галасы радыёдынамікаў, што не выключаюцца ні ўдзень, ні ўначы.
Але аб усім гэтым я дазнаюся пазней, разбуру сон, нагаданы падманам. А цяпер я стаяў, падмануты і атручаны ім. I прызнаюся, зусім не адчуваў ні падману, ні атруты. Першае, самае горкае пачуццё падману прайшло. Цяпер я ўсцешваў сябе тым, што дзесьці павінен захавацца хаця б той старадаўні масток і стары дзедка на ім. А калі і не, калі пе захаваўся, на што я наракаю, дык паветра ж такое, як і заўсёды, паветра, якім я дыхаў, атручваўся на жыццё ў дзяцінстве. Яно ж нязменнае, ніхто яго не выпіў, не з'еў, не выдыхаў. Яно абудзіць мяне. Але і без яго ці ж на горшае ўсе тыя перамены, якія адбыліся тут. Да чаго я імкнуўся сюды, што чакаў убачыць: прах і здранцвенне, застыглую нязменнасць. Але ж так не бывае, не бывае. Вось жа і верталёт спускаецца з нябёс на маё дзяцінства. Ды раней я нёсся б на злом галавы, спяшаўся б паглядзець на яго. А сама вёска, якая ж яна прыгожая здалёку. Ці думаў я калі-небудзь, што яна будзе такою прыгожай. Раней жа там, у дзяцінстве, праблема была, у чый сад залезці, дзе знайсці яблыню, каб абтрасці яе. Не забыўся яшчэ, як па мне стрэлілі соллю, калі мы, дзетдомаўцы, ідучы ноччу строем з кіно, трасанулі адзінокую яблыню, што расла ў агародчыку на нашай дарозе. Ці не адна была на ўсю вёску. А цяпер з-за яблынь і самой вёскі не відно. Чалавека на падворку не ўбачыш. Усё схавана ў густой зеляніне яблынь і груш, сліў, вішань. Не вёска, а сад, зялёны шар, маленькі і адасоблены шар зямны, дзе не могуць быць няшчаснымі людзі, дзе ходзіць сыты статак кароў, дзе выспяваюць сакавітыя антонаўкі, дзе рэпаюцца на градах, перабраўшы сонца, памідоры, дзе выцягваецца ў хвастатае сонца гарачая радыска, млеюць, лежачы на баку, гуркі. I, як бы сцвярджаючы гэта, я пачуў, як наплывае на мяне з боку ракі і вёскі песня.
Читать дальше