Я заўсёды любіў паязды. Але з цягам часу любоў гэтая не тое каб прайшла, пацьмянела і неяк адышла ўбок. Змяніліся самі паязды, за хрыбтом у сібірскай прасторы яны былі зусім інакшымі, чымсьці ў Беларусі: электрычкі і экспрэсы. А цяпер я зноў быў у Беларусі і ехаў да сябе дамоў. У маю адсутнасць паязды змяніліся і тут. Але гэты, вось дзіва, застаўся нязменным. Пяцьсот вясёлы, як кажуць, рабочы паяздок, жывая гісторыя на рэйках, гісторыя айчыннага вагонабудавання. Вагончыкі і вагоны ад першых, напаўдраўляных, і да сучасных, гэдээраўскіх, цвёрдыя — сядзячыя, з лаўкамі з рэек, спінкамі, зацёртымі і заседжанымі да касцянога бляску; мяккія — спальныя, з аксамітнымі ярка-чырвонымі прадушанымі матрацамі. I адыходзіў гэты паяздок, як знарок, апоўначы. Нуль-нуль мінут, нуль-нуль гадзін, час, які я заўсёды востра адчуваю і якога пабойваюся, як усе, хто рос у вёсцы. Няўчассе, калі вылазіць нячыстая сіла і кіруе светам, і трэба хавацца, каб пе трапіць ёй на вока, пакуль не загалосяць першыя пеўні. Глухая пара, калі знікаюць, сціраюцца ўсе межы паміж часам. I было гэта як бы нейкім прадвесцем мне. Я мог адрынуць, адхіліць усё, што пражыў і перажыў, пайсці назад, вярнуцца да самога сябе, таго, якім я заўсёды хацеў быць, застацца назаўсёды, бедаваў, што гэта немагчыма, і праз гэтую немагчымасць усё ж спрабаваў гадоў пятнаццаць напаткаць, дагнаць самога сябе, ранейшага. I вось цяпер гэтым паяздком у ліхаманцы вакзальнай мітусні, у міжчассе мне, здаецца, была дарована апошняя надзея. Мінулае адраджалася. Аб гэтым сведчыў і чорны паравозік, які ўжо быў прычэплены да паяздка, адзіны, пэўна, паравозік, што ўцалеў на гэтай дыстанцыі, астматычна і нудліва дыхаў сярод электрычак і цеплавозаў. Гэта сцвярджалася і замацоўвалася і маімі спадарожнікамі-пасажырамі, у асноўным вясковымі дзядзькамі і цёткамі, якія нібыта знарок сёння выйшлі са сваімі клункамі, абаранкамі цераз плячо, сеткамі.
I вясковай гаманой з далёкай пасляваеннай разрухі і бязладдзя, а больш за ўсё тым доўгім і блытаным маршрутам, па якім было прадпісана бегчы адстаўному паравозіку ўсю доўгую ноч да самага полудня: на поўдзень і на поўнач, на захад і ўсход.
Мо хто і не паверыць, скажа, што так паязды не ходзяць, такі маршрут немагчымы, як немагчыма і тое-сёе іншае ў гэтай кніжцы. Знойдзецца такі цвярозы і разумны і скажа: не, такога не бывае, паязды ў нас ходзяць толькі прама, усе рэйкі кладуць толькі прама, значыцца, і дарогі ўсе прамыя. Што ж, я згодны з ім, я сам некалі так думаў і сумняваўся ў тым, што напісана мною ж, пакуль не давялося пабыць на Кубе ў ціхім і светлым гарадку Камагуэй, які даводзіцца пабрацімам нашаму славутаму гораду Слуцку. Не ведаю, як у Слуцку, а ў каменным, пранізаным сонцам Камагуэі, горадзе, які, здаецца, нарадзіўся з марской хвалі, раніцай, як і ў кожнай вёсцы на Палессі, пяюць пеўні, і ў тым заморскім горадзе можна заблудзіць, як у сапраўдным палескім лесе. I я заблудзіўся ў самым цэнтры сярод белага дня, на прамой, здавалася, як страла, вуліцы, адразу ж як толькі пакінуў турысцкі наш аўтобус, адышоўшы ад яго нейкія толькі сто метраў. Мне быў добра бачны востры шпіль гмаху, каля якога прыпаркаваўся наш аўтобус, і я браўся, здаецца, прама на гэты гмах, мяне адгароджваў ад яго адзін толькі будынак, трэба было павярнуць за вугал яго, і я на месцы. I я ўжо расслабіўся, лічыў, што прыйшоў. Абышоў будынак, павярнуў за вугал і атарапела спыніўся, арыенцір мой знік. Памятаючы ўсе свае блуканні па лясах Палесся і сібірскай тайзе, я спыніўся і агледзеўся. Шпіль гмаху-арыенціра апынуўся чамусьці ў мяне за спіной. Я не верыў сваім вачам. Па ўсім ён павінен быў знаходзіцца наперадзе. Што было рабіць, я вярнуўся назад. I зноў гмах-арыенцір падмануў мяне, вынырнуў збоку. I такім чынам мы гулялі з ім у хованкі мінут трыццаць, пакуль лоб не ўзмакрэў ад гарачыні кубінскай зімы; літаральна заблудзіўся сярод трох хвой, хоць пачынай крычаць сярод асфальту ў роспачы, як у лесе, і я гатовы быў ужо крычаць, ды выпадкова наскочыў на свой знерваваны ўжо ў чаканні мяне аўтобус. Гід-перакладчык развеяў чартаўшчыну, у якую пачаў ужо ўпадаць: вуліцы Камагуэя пабудаваны так, што цягнуцца адразу ва ўсе чатыры бакі свету. Не вуліцы, а лабірынты, каб збіваць з панталыку піратаў, якія неаднойчы ў мінулым рабавалі горад. Я не мог уявіць сабе, як гэта вуліцы могуць ісці адразу на ўсе чатыры бакі свету, не мог, хоць і абмацаў іх сваімі нагамі. I расказваю я гэта, каб яшчэ раз засведчыць, да чаго ж будзённая наша фантазія і якая фантастычная рэальнасць...
Читать дальше