Гучна ляпнулі дзверы ў казарме. На ганак выкаціўся хлопчык у куртатым, адстрыжаным унізе, але ўсё роўна доўгім яму шынялі, порскнуў у кусты, угнуўся, заснаваў сярод пянькоў, сам накшталт пянька, ні вышэй, ні ніжэй, такі ж скалечаны няўклюдным адзеннем: салдацкае галіфэ, салдацкая гімнасцёрка. Параўняўся з Мар'янам. Мар'ян ухапіў, спаймаў яго за крысо шыняля, падцягнуў да сябе. Хлопчык адбіваўся, блытаўся ў рукавах, не бачачы, пэўна, хто гэта яго трымае:
— Пусціце, пусціце, біць будуць.
Зноў ляпнулі дзверы казармы. Чаму казармы, дзетдома ўжо, падумаў сам сабе Мар'ян, наглядаючы, як скочылі з ганка яшчэ трое падлеткаў, азірнуліся, прыкмецілі яго і скіравалі да яго. Няма больш заставы, няма казармы, а ёсць дзіцячы дом. I дзетдомаўцы, трэба прывыкаць. I во хутка адбудзецца першая сустрэча з дзетдомаўцамі і ўсё высветліцца: ці туды ён прыйшоў, ці прыгорнецца, прыкінецца яго душа да таго новага, што з'явілася. Тройца ўжо акружыла яго і хлопчыка, якога ён яшчэ прытрымліваў за крысо шыняля, хаця той і не імкнуўся вырвацца, уцячы, хутчэй сам туліўся да Мар'яна, быццам шукаў у яго абароны.
— Здымай,— хітнуў стрыжанай галавой той, што першы прыбег да іх, каржакаваты, амаль роўны з усіх бакоў, як квадратны, прымружыў шырока расстаўленыя маленькія вочкі, ледзь бачныя на круглым пляскатым твары.
— Не здыму, не аддам. Мая чарга шынель насіць.
— А я сказаў — здымай,— загадаў зноў квадратны, і штосьці непахіснае, армейскае пачулася Мар'яну ў яго голасе. I двое другіх падлеткаў з такой жа вайсковай, старшынёўскаю непахіснасцю і пагрозай сталі перад ім з двух бакоў, паката расслабіўшы плечы, звесіўшы рукі, гатовыя, міргні толькі, ударыць, і Мар'ян адчуў, што гэты ўдар будзе прызначаны не хлопчыку — яму, таму што ён умяшаўся. I хлопчык адчуў гэта таксама, зразумеў, што яго абароняць, пасмялеў:
— Ты, Куб, вярхушку трымаеш, дык думаеш, што табе ўсё можна. Я табе дзве пайкі хлеба аддаў, царок-харок.
Квадратны Куб узняў руку, але апусціць яе не паспеў. Мар'ян перахапіў, ірвануў угару, крутануў, даў Кубу ўпасці на зямлю самому, секануў па шыі другога, які стаяў з боку яго хворай рукі. Мо гэтага і не трэба было рабіць, але Мар'ян спужаўся за сваю руку:
— Ну вось, цяпер пагаворым.
— Пагаворым... На фронце сілу паказваць трэ, а не на дзецях... Фашыст! — закрычаў Куб, які, вохкаючы, усё яшчэ ляжаў на зямлі.— Цурук, Крывавязы, пусціце яму юшку.
Мар'ян праглынуў «фашыста», сам не ведаў, як утрымаўся, каб не ўрэзаць носца Кубу, адчуў ужо, як пайшла нага, але замест таго каб ударыць, загадаў:
— Устань, падыміся... А трое на аднаго — гэта не фашыст? — спытаў Мар'ян і зразумеў, што пытаецца дарэмна.
— Сука, падла, будзеш у мяне зямлю грызці. Раз'еўся, дзяцей франтавікоў біць...
— Цябе і самога можна на фронт,— прыгадаў Салілу Мар'ян.
— А вось накась выкусь, мяне на фронт, а сам у тыл.За мяне ўжо бацька зямлю парыць, і ты ў мяне будзеш парыць.— У Куба на куточках вуснаў выступіла пена, вочы закаціліся. Усё гэта было знаёмае Мар'яну. Так выпручваліся, гублялі сябе маладзенькія салдаты, яшчэ не абстраляныя, пасля першай сваёй атакі, першага забітага немца. Ведаў, што трэба рабіць, але не мог, не падымалася ўжо больш рука, вельмі дзіцячы і вельмі ж бездапаможны быў тварык у гэтага квадратнага Куба.
— Кубік, Кубік, вазьмі шынель і шапку забірай,— кінуўся да Куба хлопчык з шынялём.— А ты ідзі, ідзі! — гэта ён ужо крычаў Мар'яну. Куб адкінуў шынель і шапку кінуў на зямлю, пачаў таптаць шапку. Цурук з Крывавязым сунуліся яму пад ногі, каб падняць шапку. Мар'ян спыніў іх:
— Нічога, гэта хутка пройдзе... Часта з ім такое?
Яму не адказалі, зыркнулі толькі спадылба, прыгразілі хлопчыку:
— Ну, Лепік, будзеш ноччу веласіпед круціць і на скрыпцы канцэрт нам ставіць.
Лепік скурчыўся, уцягнуў худзенькую шыю ў плечы. На твары яго каля скроняў сіненька і трывожна выступілі, заторгаліся дзве жылкі.
— Вось і пазнаёміліся,— не спускаючы вачэй з гэтых жылак, сказаў Мар'ян: — Лепік, Цурук, Крывавязы, а яМар'ян. Чаго не падзялілі?
I зноў яму ніхто не адказаў, толькі сцепаў плячыма, прыходзіў ужо ў сябе Куб, углядаўся невідушчымі яшчэ вачыма ў роўныя рады чорных яблыневых пянькоў.
— Бачу, шынель не падзялілі,— не надаў увагі іх непрыязнаму маўчанню Мар'ян.— Цяпер шынялёў багата.
— Адзін,— строга і хмурна паправіў яго Крывавязы. Крывавязы і на самай справе, галава яго амаль што ляжала на правым плячы. I пасля гэтых яго слоў хлапчукоў нібы прарвала:
— Носім па чарзе шынель і шапку.
Читать дальше