— У руку,— заняты сваім, сказаў Мар'ян.
— А мяне ў нагу...— Якуб злёгку накульгваў на правую нагу.— На міну наскочыў.— Ён замоўк, чакаючы, што на гэта адкажа Мар'ян. Але Мар'ян маўчаў. I Якуб засмяяўся па-дзіцячы весела і добразычліва і зноў не то спытаў, не то сцвердзіў:
— А гаспадарка, начынне тваё цэлае.
— Цэлае,— Мар'ян таксама ўсміхнуўся, але без весялосці.
— Ну, тады яшчэ дадзім копаці.
Тут Мар'ян ужо не ўтрымаўся перад гэтай вясенняй радасцю, што біла цераз край у маладым і здаровым целе яго спадарожніка.
— Тры нагі і тры рукі на двух мужыкоў і ўсё астатняе пры нас. Чаго ж нам убівацца з табой, Мар'ян? — Гэта Якуб спытаў яго ўжо сур'ёзна, як дарослы. I Мар'ян здзівіўся яго спагадлівасці, далікатнасці. Зусім нядаўна гэты самы Якуб хадзіў у кароткіх штоніках, а то і зусім без штаноў, збегаць за гумно можна было і ў кашулі, што ўсё роўна ніжэй каленяў. Вясковы звычайны хлопчык, як ёсць Саліла. Мянушка гэтая за родам Якуба цягнецца яшчэ з дзядоў яго. Бабуля яго запаліла ў печы, прыставіла варыцца чыгун з бульбаю. Прыйшоў дзед, сунуўся да печы, бульба яшчэ не гатова, пасаліў, паглядзеў бульбу і сын, таксама пасаліў, нявестка пасаліла — усе, хто быў у хаце, і, канечне ж, гаспадыня. Зварылася бульба, паставілі на стол, селі, стары і пытае жонку: «Саліла?» — «Саліла, а як жа».— «I я, і я»,— усе астатнія. «Ну, то і я пасаліў»,— сказаў гаспадар, шпурнуўшы лыжку ў камешнік. I пайшло з той пары за імі: Салілы. I вось цяпер унук гэтых Салілаў старшыня калгаса, дзіця горкае, барада толькі прабіваецца, ручніком яшчэ галіцца можна.
— Колькі ж табе гадоў, Саліла? — спытаўся Мар'ян у Якуба, крыху пацвельваючы яго і выпрабоўваючы: пакрыўдзіцца ці не старшыня. Якуб не пакрыўдзіўся ні на пытанне, ні на мянушку.
— Дзевятнаццаць... Хутка споўніцца дзевятнаццаць,— адказаў, накульгваць стаў трошкі мацней, апярэдзіў тое новае пытанне, якое было ўжо на языку Мар'яна.— А як трапіў у старшыні, і сам не ведаю. Адбіваўся — пайду на фронт. Не, будзеш старшынёй. Я буду, я вам накірую. Нічога, дапаможам, навучым.— Якуб уздыхнуў, памаўчаў.— Лепш усё ж на фронт. Расстрэльвалі, не так цяжка на душы было.— I такая туга была ў яго голасе, што Мар'ян ледзь і сам не задыхнуўся, як агнём палыхнула ў твар, апякло твар, перахапіла дыханне.
— Усё было,— з прываблівай простасцю і вельмі шчыра, з нейкай нават старэчай аддаленасцю ад таго, што было, пра што цяпер ён успамінаў, сказаў Якуб.— Ты думаеш, толькі вы на фронце ваявалі, а мы тут на печы вылежваліся?
Мар'ян так не думаў, але не мог ён і думаць, уявіць сабе, што ваявалі і дзеці, з жалем зірнуў на гэтага Салілу, дзіця з аўтаматам. На скуле пад левым вокам Салілы расцякаўся, ружавеў крывы рваны шрам.
— Сюды, сюды,— сказаў Саліла і крануў шрам.— Яшчэ трошкі-трошкі — і заляпіў бы ў лоб. Я апярэдзіў, скочыў з баржы ў ваду... Ноч такая месячная стаяла, не хацелася паміраць... Прыйшлі немцы, зашавяліліся партызаны. Нас усіх мужыкоў на баржу і на сярэдзіну рэчкі. Місцюка аднаго толькі пакінулі...
— Пачакай, пачакай,— перабіў Мар'ян,— гэта якога ж Місцюка? Місцюкі з'ехалі адразу ж пасля грамадзянскай.
— Аб'явіліся зноў. Не ўсе, праўда. Сідар толькі, твой равеснік.
— Помню,— кіўнуў Мар'ян. Сідара Місцюка ён сапраўды помніў. Запаў ён яму ў памяць не толькі з дзяцінства. Мільгануў перад вачыма ў сорак першым, калі Мар'ян ехаў на прызыўны пункт. I было ж гэта непадалёку адсюль, каля чыгуначнага пераезда, за якім да вайны размяшчаўся ваенны гарадок. Калгас чырвоным абозам вёз здаваць збажыну, пры абозе знаходзіліся і прызыўнікі. Жанчыны, жонкі паганялі коней, а мужыкі як усё роўна ўжо адпалі ад усяго, што звязвала іх з хатаю і мірным жыццём, аддалі лейцы жонкам, прыхінуўшыся да жонак, развітваліся з імі, родным небам і зямлёю. I тут каля пераезда іх дагнала вайна, наляцелі самалёты. Але спачатку яны пачулі незразумелае нейкае ракатанне, галёканне і звон: галам, галам, галам. Быццам здалёку на абоз насоўваўся вялізны статак, уцягваўся ў вузкі перашыек пераезда, перабрыдаў яго, звінелі навязаныя на шыю званы. Коні страпянуліся, застрыглі вушамі, пярэднія падводы пачалі збочваць, брацца да краю дарогі. I Мар'ян убачыў, як наплывае на яго лаваю цёмная маса, бязлікая, здавалася, невідушчая, бясконцая чарада стрыжаных нагала людзей у цёмным і шэрым, што заведзена таптала, мясіла шэрую дарогу. З боку гэтай хвастатай калоны таксама, як заведзеныя, крочылі нізкарослыя скуластыя салдацікі, учарнелыя ці то ад тугі, ці то ад дарожнага пылу.
Читать дальше