Увогуле дыхаў, але неяк апалавінела, удыхаў толькі, а на выдых сілы ўжо не было. Хапаў, як адломваў, паветра носам і ротам, а выдыхнуць не мог, цела было падобна на дзіравы кавальскі мех, як ні накачваў яго амаль што да сёмага поту, а з зевані на вугельчыкі, што ледзь тлеюць, ні ветрыку, шып ды хрып, вужыны посвіст з усіх бакоў, і сам ён ляжаў на зямлі як зморшчаны, зліплы кавальскі мех, не мог утрымаць сябе на жываце, расплёхваўся, расцякаўся целам на пяску, што цеста, сплываў крывёю. Паветра, якім ён насычаў лёгкія, выструменьвалася вонку разам з крывёю дзесь пад лапаткаю. Мар'ян адарваў сябе ад зямлі і паціху ўстаў, цела слухалася яго, хаця і было бязважкім, кружылася галава. Яго здзівіла штучная нейкая, нязвыклая цішыня, а кулямёт жа страляў, тузаўся, курчыўся каля яго кулямётчык, сутаргава крывіўся і нешта крычаў, зявіў рот баец, імя яго Мар'ян не ведаў ці забыў, таму што ён прыйшоў у аддзяленне гэтай вось ноччу. Кулямёт замоўк, баец перастаў курчыцца, пацягнуўся да гранат. Мар'ян, адчуваючы, як разам з перахопленым дыханнем выцякае з яго цела і жыццё, схапіў аўтамат, выкінуўся з акопчыка на бруствер. Але баец сханіў яго за нагу і ўцягнуў зноў у акопчык.
— Куды ты, маць тваю...— не пачуў, а счытаў ён з губ байца.
— А, усё роўна паміраць, дык хоць аднаго гітлера накладу.— Свайго голасу ён таксама не чуў, абмяк, аслабеў, але зноў з нейкай зацятай упартасцю і абыякавасцю да свайго жыцця пачаў выдзірацца з акопчыка, няспрытна, нялоўка. Мар'ян адчуў, як нямее, мярцвее цела, наліваецца холадам. Ён папрасіў вады: няма крыві, дык хай будзе хоць вада ў целе. Баец страсянуў біклагі, што ляжалі ў яго пад нагамі ў акопчыку, і паляпаў рукою па кулямёце, маўляў, ён усё выжлукціў, не крыўдуй, я не вінаваты.
...Мар'ян адарваўся ад хвоі, што п'яным пахам жывіцы так затлуміла галаву: бядуй не бядуй, а трэба жыць, трэба рухацца. Мо яшчэ сёння вечарам ці ноччу, калі пашанцуе, то і дабрыдзе да сваёй вёскі.
— Ну, бывай, родная, расці, яшчэ спатрэбішся, калі не мне, дык майму зайчыку,— крануў асколкі, што захраслі ў дрэве, сядзелі так глыбока, трывала, як і той, што насіў ён у сабе, у сваіх лёгкіх. У медсанбат яго прывезлі без крывінкі ў твары, ды і ў целе, пэўна. Прывезлі, каб на наступны дзень пахаваць у брацкай магіле. Пазней сёстры яму гаварылі: ніхто не верыў, што ён будзе жыць.
А ён яшчэ здолеў памыцца пад дожджыкам-душам: класціся ў магілу нямытым таксама ж нядобра, хоць твар, ды спаласнуў. Куды цяжэй было прымусіць знаўцоўскую кроў прыняць кроў чужую. Але ўсё пераадолеў, вось толькі вывергнуць чужое жалеза з свайго цела не атрымалася. З рукі і пляча выцягнулі, а лезці ў лёгкія, рабіць аперацыю ўрачы не наважыліся. Спрабавалі дастаць магнітам. Тройчы ўкладвалі на стол, уключалі той магніт, і кожны раз адзін і той жа вынік — уздымалася ў неба хвоя, і ён траціў прытомнасць.
— Добра, жыві са сталлю,— дазволіў хірург.— I ў сэрцы пламенны матор.
— Доўга так пражыву? — ціха спытаў ён у хірурга.
— Доўга. Пакуль не памрэш. Збірай транты. А руку распрацоўвай. Зляпілі мы яе табе, не будзеш насіцца,што з лялькай, абдымеш яшчэ і бабу.
I Мар'ян усе доўгія вёрсты па дарозе дадому, як раіў хірург, распрацоўваў руку, але пакуль што без аніякай карысці. Маўчала, не ажывала рука да таго часу, пакуль не падкаціўся і не скочыў яму на грудзі зайчык. А скочыў — штосьці абазвалася ў ёй, абудзілася рука і памяць яе. Адклеіўся, здаецца, каб паківаць сабакам, адзін палец. Мар'ян не ўгадаў, не паспеў прасачыць каторы. I цяпер, набліжаючыся да райцэнтра, ён прыглядаўся да гэтых сваіх пальцаў, папераменна кратаў і слухаў кожны, як распытваў, у якім з іх цепліцца жывое, і не знаходзіў такіх, і было яму прыкра ад таго, што спадзяванні не спраўджваліся і набліжалася родная вёска. Не выходзілі з галавы жонка і дачка: ці правільна ён робіць, што ідзе да іх, ці не лепш павярнуцца — і зусім у другі бок. Дачка нарадзілася без яго, калі ён амаль ужо год быў на фронце. Атрымаўшы першае пасля вызвалення ад акупацыі роднай вёскі жончына пісьмо, ён і падумаць не мог, што дачка можа быць не яго. Папрасіў жонку прыслаць фотакартку. Яна прыслала. Дзіўная нейкая фотакартка, вузенькая, як абрэзаная. Ён спачатку і не прыкмеціў гэтай абрэзанасці, так узрадаваўся, што не прыкмеціў яшчэ таго-сяго: дзевачка спраўная, светленькая, здалося, падобная на яго, жонка шчаслівая. Пусціў фотакартку па крузе, і ўсе зайздросцілі яму, хвалілі жонку і дачку. I толькі палітрук аддзела паглядзеў, сцепануўся. Але адразу пры ўсіх нічога не сказаў, толькі калі яны засталіся адны, спытаў:
Читать дальше