Павялічыць дык павялічыць, хоць чатыры, хоць дзесяць рублёў з хаты, абы не было вайны. Спыніліся ўсё ж на чатырох рублях. I на тым можна было разыходзіцца. I прэзідыум падняўся ўжо, а з залы ніхто не кранаўся з месца. Мужчыны, што сядзелі ў першым радзе, скоса пазіралі адзін на аднаго, пераглядваліся і хуценька хавалі вочы, па вушы ўцягвалі галовы ў каўняры і стойваліся, камянелі ў тых каўнярах, нагадваючы помнікі. I ніводзін так і не расцяў вуснаў. Мо такі доўгачаканы сход на тым і скончыўся б, калі б не Уладзік. Ён ступіў з-за грубкі, за якой стаяў да таго, таму што не было дзе сесці, ступіў, калі прэзідыум ужо амаль апрануўся.
— Тут у нас яшчэ адно засталося,— сказаў ён, нямеючы ад уласнай смеласці ў стоеным дыханні залы.
— Што яшчэ можа быць? — незадаволена і як бы асаджваючы яго, адціскаючы ад сцэны, зморшчыўся старшыня сельсавета. I ён бы адціснуў Уладзіка, калі б не кінулася бараніць сына маці, бачачы, што ён ужо блізкі да таго, каб страціць прытомнасць, што вось-вось можа прыкінуцца да яго прыпадак. Лізавета пасадзіла яго, саступіла яму сваё крэсла, сама ж заняла яго месца. I ўсім было добра відно, як няёмка стаяць ёй, паміж сцэнаю і залаю, як муляе ёй гэта, як разрываецца яе душа ад жаху, што яна выйшла вось так перад людзьмі, а сын кожную хвіліну можа пачаць біцца на вачах у людзей у прыпадку, і галоўнае, не толькі на вачах у сваіх, але і прыезджых, на вачах начальства. Які ж гэта будзе ёй сорам, якая ганьба, ды лепш памерці на месцы, і не выратуе яе тое, што і начальства, і вяскоўцы ўсе ведаюць, на што хварэе сын, вядомае ўсім яе гора і ганьба. Але адна справа ведаць, зусім іншае чуць і бачыць. Выйсці з тым горам на людзі — гэта ж усё роўна што вырваць сваё спакутаванае, пакрытае болькамі сэрца. I не толькі сваё, але і сынава. Сваё яна згодна вырваць, можна лічыць, што яна ўжо вырвала яго і цяпер трымае на адкрытай, выцягнутай напаказ людзям далоні, таму і баіцца зварухнуцца, таму такі цвёрды яе голас.
— Гнатка,— сказала яна, звяртаючыся да старшыні, але яе пачулі і іншыя, павярнуліся на яе голас, і тады яна звярнулася да ўсіх разам: — Рана апрануліся, яшчэ не гаварылі пра дарогу нашу, і звіняйце вы мяне, людзі.
I маці Уладзіка пакланілася сцэне, пакланілася і зале, падхапіла Уладзіка з аднаго боку, Якуб абняў сына ў паясніцы з другога, і ўсе трое яны паціху, бы шкло неслі, пабрылі да выхаду. Прэзідыум і зала праводзілі іх маўчаннем. I яно доўжылася бясконца, пакуль у цемры за акном не патух Уладзікаў немы крык. I пасля гэтага яшчэ з мінуту ў клубе панавала цішыня. Цішыня на сцэне, цішыня ў зале. Прэзідыум і зала стаялі. Зала паднялася, як толькі за Саліламі зачыніліся дзверы. I ніхто не наважваўся зноў сесці, калі ўжо можна было садзіцца, таму што пачалася гаворка пра дарогу. I была яна, гаворка, зусім не такой, да якой яны рыхтавалі сябе, кароткай і сарамлівай.
— Дарога неабходна край. Але будаваць міжкалгасныя дарогі не прыспеў яшчэ час,— адказаў старшыня райвыканкома. I ўсе пагадзіліся з ім, бы нічога іншага і не чакалі.
— Вы ведаеце, колькі каштуе кіламетр дарогі? — спытаўся ўсё той жа старшыня райвыканкома, пэўна, сам трохі збянтэжаны гэтай усеагульнаю згодай і разуменнем.— Сто тысяч рублёў. А тут ад асфальту да сяла пяць кіламетраў. Пяцьсот тысяч, паўмільёна. Вы ўяўляеце сабе паўмільёна?
Ніхто, зразумела, з вяскоўцаў такіх грошай уявіць сабе не мог. I тут гаворка пайшла аб суботніку, не абавязкова ж падводзіць да іх вёскі асфальт, была б толькі дарога праезджаю, каб не даводзілася больш насіць малых дзяцей у школу на плячах.
— Выйдзем усім сялом, вясной усім мірам, хай толькі машын дадуць ды пагрузчык, грузіць тыя машыны пяском.
— Запомніць і запісаць,— загадаў Караблю старшыня райвыканкома.— Выдзеліць у дзень суботніка тэхніку для будаўніцтва дарогі. Людзей у той дзень нікуды не адрываць. Усе на дарогу...
Запісваў гэта хто ці не, але ўсю доўгую зіму вёска зноў жыла ў чаканні суботніка. I ўсякая гаворка зводзілася да таго, як выйдуць яны на дарогу, як адладзяць яе. Праўда, чым бліжэй да вясны, тым гаворка тая ўсё больш глухла. Браў сваё вясновы сельскі калаўрот. Але ўсё ж, які ні магутны той калаўрот, маюцца і сёння на сяле дні, якія сустракаюць і праводзяць як вялікае свята, адзначаюць гарэлкай ці працай, ці адразу гарэлкай і працай. Да іх належыць і суботнік. Напярэдадні таго суботніка я завітаў у вёску, зусім не таму, каб адзначыць яго тым, чым зрабілася ўжо звыкла адзначаць. Мяне ніхто і не запрашаў на той суботнік, не абавязваў выходзіць. Вечарам, праўда, забег на хвілінку Уладзік, пераказаў вясковыя навіны, абмовіўся і пра суботнік: што ўжо народу будзе, што ўжо народу будзе, кожнаму тая дарога ў пячонку ўелася. Зайшлі яшчэ некалькі чалавек, і ў кожнага на языку дарога: усе выйдзем, усе — як адзін. I вечарам я яшчэ не прылучаў сябе да ўсіх, а раніцаю адчуў сябе няёмка. Гэта ж не хто іншы, а я па той дарозе езджу, і больш і часцей за іншых. Вось і цяпер прыехаў, а праўдзівей, прыплыў. Толькі з'ехаў з асфальту, сустрэў незнаёмага мне чалавека, спыніўся, павітаўся, спытаў:
Читать дальше