I ў канцы ці пачатку снежня, як толькі прыпалі маразы, скавала лёдам раку, паменела клопату па гаспадарцы, клопат той у асноўным звёўся да аднаго: закалоць кабанчыка, асмаліць яго, нарабіць кілбас, было абвешчана пра дзень і час, у які мае адбыцца сход. Час той прапусцілі між вушэй, як штосьці недарэчнае. Вясковыя гадзіннікі ніколі не сыходзіліся з гарадскімі: вось падояць кароў, накормяць, напояць, зачыняць хлеў, прапаляць у печы, навараць бульбы, пад'ядуць — і прыспее час гаворку весці.
Але ў той вечар усё было трошкі інакш. Падобна на тое, што ўпершыню ў жыцці вясковыя і гарадскія гадзіннікі сышліся. Не паспела яшчэ як трэба ўзяцца на ноч, а людзі пачалі падыходзіць ужо да клуба. Ішлі напачатку адны толькі мужчыны, жанкі дадойвалі кароў, дапальвалі ў печы. А калі з'явіліся каля клуба і яны, ужо была ноч. Начальства затрымлівалася. Сваё, мясцовае, праўда, не спазнілася, старшыня калгаса, старшыня сельсавета. Але іх сустрэлі з прахалодаю, не вымаючы з рота і не кідаючы сабе пад ногі цыгарэт, не спяшаючыся заходзіць у клуб. Чакалі машыны з раённым начальствам, і машыну тую згледзелі здалёку, згледзелі святло, што разваліла цемру, распластала надвае вясковую вуліцу. «Газік» праскочыў паварот да клуба, звярнуў у завулак, што вёў на ферму.
— Заблукалі,— паспачуваў дзед Ахрэм.
— Не заблукалі, а шукаюць кароткую дарогу,— не зводзіў вачэй з машыны Кандрат.— Я ведаю начальства, яно заўсёды любіць, каб карацей. А таго не ведае, што гэта колісь можна было карацей, пры школе, дзетдоме. А цяпер во Місцюк слуп укапаў, каб машыны каля яго хаты не гурчалі.
— А мне і сумна, што цяпер машыны маю хату аб'язджаюць,— і на самай справе не без суму ў голасе вымавіла Зулька.
«Газік» пад'ехаў да слупа, што ўкапаў Місцюк, упёрся ў яго радыятарам, як лобам, і спыніўся. Да клуба яму заставалася метраў сто.
— Далекавата,— скрывіўся Карабель.
— Нічога,— супакоіў яго Анісім,— растрасуць жываты, заседзеліся.
Карабель са старшынёй сельсавета кінуліся сустракаць начальства, і мужчыны прыняліся прытушваць курыва.
— Ну што, дадзім ім сёння перцу,— бліснуў апошніраз люлькай дзед Ахрэм.
— Дадзім. Толькі дружна, хлопцы, дружна. Не хавацца адзін за аднаго,— настройваў мужчын Анісім.
— Ды ўжо так, ужо няма куды хавацца,— зацягваліся апошні раз на парозе ў дзвярах клуба самыя заядлыя курцы, удыхаючы дым, ужо ў залу. I паветра ў ёй адразу ж зрабілася сінім, а апошнія рады, што былі заняты самымі прадбачлівымі, нібы ў лёгкім тумане схаваліся, як шторкай завесіліся ад сцэны. Туманцу таго дадавала і дыханне людзей: у клубе, нягледзячы на ўсе намаганні Уладзіка, было халаднавата. Уладзік, яшчэ і не развіднела, пачаў паліць грубку, качагарыў яе цэлы дзень, але клуб так і не абагрэў. Дамогся толькі таго, што пайшлі гуляць па ім скразнякі ды на сценах пачала выступаць вільгаць. А цяпер ён хваляваўся, што скажа начальства. Але начальства як і не прыкмеціла гэтай вільгаці і скразнякоў ці ўжо звыклася з імі, ветліва ўсміхаючыся кожнаму, на хаду раздаючы добрвечар, праследавала на сцэну. Больш таго, дасягнуўшы сцэны, усе ўзяліся распранацца, здымаць паліто і дублёнкі, I зала ў кажухах, фуфайках і паліто адразу ж пачала спачуваць прэзідыуму. Хоць прэзідыум і мёрз, але ўсе, хто выступаў, гаварылі складна і хораша, ні адзін не збіўся, не заблытаўся. А было зроблена два даклады, адзін аб міжнародным становішчы, не вельмі радасны, таму што ў свеце тварылася бугвед што, здурнеў той свет. Усе ваявалі, ваявалі ці рыхтаваліся ваяваць. З-за чаго толькі, незразумела, няўцям гэта было тым, хто сядзеў у зале, хаця ім і тлумачылі: з-за ўлады, зямлі, першынства. А ўвогуле атрымлівалася, што на ўсе тыя войны не хапае яшчэ адной вайны: узяць тых ваіцеляў і падпальшчыкаў міру за жабры і страсянуць, каб з іх дух вон, страсянуць і адсяліць на які-небудзь бязлюдны востраў у акіяне разам з іх сем'ямі, жонкамі, дзецьмі, унукамі. Вось няхай яны там і грызуць адно аднаго, хай самі лезуць пад кулі, хай сваіх дзяцей прымушаюць кідацца пад танкі, хай іх жонкі гараць ад напалму, адчуюць на сваёй шкуры, што такое вайна, супакояцца. I зямлёй, і ўладай, і першынством — усім задаволяцца. I даклад гэты слухалі ў цішы і роздуме. Пажвавелі трохі, калі пачаўся другі даклад — пра становішча спраў у раёне. У тым дакладзе ўжо было месца і ім. Цяжка было ў раёне апошнім часам з малаком, і, каб закрыць гадавы план па малаку, заклікалі павялічыць здачу таго малака, бо іх вёска больш за іншыя трымала кароў. Тут з залы нехта шумнуў, што калгас не разлічыўся з ім за малако, якое яны здалі летась, у іх вёску не завезлі яшчэ камбікармоў за малако, якое даўно пайшло ўжо ў план. Шум гэты імгненна разросся, і дакладчыка ледзь не сагналі з трыбуны. Крычалі ў асноўным тыя, што сядзелі адзаду, не бачныя прэзідыуму. I дакладчык не бачыў іх і таму палічыў за лепшае змоўкнуць і маўчаў добрых мінут дваццаць, пакуль усе не выкрычаліся да хрыпаты і не змоўклі самі. Пасля гэтага ён растлумачыў, што камбікармоў нямашака ў раёне, таму што няма раённага плана па нарыхтоўцы малака. Тлумачэнне гэтае, хоць і не без нараканняў, было прынята. I сход пакаціўся далей, ужо, здаецца, па накатанай, набітай дарозе. I калі гаворка зайшла пра тое, каб асудзіць баптыстаў, што прымалі пасылкі са шмуццём з-за мяжы, іх аднагалосна асудзілі. Больш таго, пастанавілі: хто з вяскоўцаў прыме такую пасылку — выгнаць з сяла. Хутка вырашылі і пытанне з самаабкладаннем. Старшыня сельсавета, які з прэзідыума гаварыў апошнім, толькі намякнуў, што нядрэнна было б добраахвотна павялічыць гэтае самаабкладанне, бачыце, маўляў, самі, што робіцца ў свеце, як яго падтрымалі.
Читать дальше