— Ну, вось што,— перабіў сам сябе Трубецкі,— ты мяне разумееш, Якім.
— Не поўнасцю і цалкам,— нешта новае падумаў, узяў сабе ў галаву Місцюк.— Знаўцоў чаму не зганяеш з іх кубла? Знавец — і жнец, і на дудзе ігрэц, дзе ён толькі цяпер і каму грае?
— Зганяем і Знаўцоў,— зразумеў закід і здзівіўся вёрткасці Місцюка Трубецкі, пужануў яго: — Сабакі нешта, Якім, моцна ўжо брахалі, калі ты на той бераг ездзіў.
— Якія сабакі,— ускінуўся, закруціў маленькай і на тонкай шыі галоўкай Місцюк.— Якія сабакі, начальнік... Э, было, было. Сабака, ён на тое і сабака, яму глотку не заткнеш, ён жа без паняцця — савецкі, польскі...
— З паняццем сабака,— жорстка спыніў яго Трубецкі.— Ты на той бок, і адразу ж на Ніўках, на польскай заставе, і ўзняўся брэх. Аніхто не азваўся, не стрэліў. Не было гэтага, Якім?
— Не было,— здаецца, скарыўся Трубецкаму Місцюк і як бы выпадкова прагаварыўся: — Знавец у адзін бок, я — у другі. Таму яны і збіліся са следу, згубілі нас,— прыкусіў язык, чакаў, што адкажа на гэта начальнік заставы. I Трубецкі адказаў:
— У дваццаць чатыры гадзіны. Але з вёскі ні кроку. Аб'явіцца Знавец, будзем разбірацца, за што вас сабакі польскія палюбілі, чым вы ім дагадзілі.— Падняўся і пайшоў з хаты, следам за ім выйшаў на двор і Місцюк, прымружыў пераменлівыя, як у ката, вочы, агледзеў сваё селішча: хату, клець, падворак, на якім упарадкавана стаялі пад навесам калёсы, неабдымны ясакар з бусліным кублом на ім і цьмяным голасам, як скардзячыся, сказаў:
— Дарэмна, ах, дарэмна зжываеце мяне, начальнік, з гэтай зямлі. Сёння я вам спатрэбіўся б, прыгадзіўся б.
— На што ж ты годзен?
— А на ўсё, начальнік, на ўсё.
— Вось таму і не годзен.
— Глядзі, начальнік, твой верх. Толькі не прамахніся, не пракінься, як бы потым шкадаваць не прыйшлося, як бы зваць не прыйшлося. А я мо і не пачую, аглухну к таму часу. Глухаваты я раблюся і сёння, аглушыў, аглавушыў ты мяне.
— Не твой клопат. Не станем мы цябе зваць.
— Усяляк бывае. Наперад іншым разам не грэх патыліцаю паглядзець.
Трубецкі спыніўся, але Місцюк угнуўся і быў ужо на ганку, зачыняў за сабою дзверы.
За хутарам Трубецкага чакаў, нудзіўся Мар'ян. Углядаўся ў чужы бераг, на польскіх пагранічнікаў.
— А чаму ў нашых салдат шапкі званіцаю, з адным ражком, а ў палякаў аж чатыры рагі?
— А таму, Мар'ян, што мы аднаму богу молімся, а яны на ўсе чатыры бакі круцяцца.
Мар'ян, пэўна, не зразумеў, нахмурыўся. I Трубецкі прыгарнуў яго да сябе, пагладзіў стрыжаную пад Катоўскага галаву, прылашчыў за бацьку, за Івана, які быў недзе там, на тым беразе.
Місцюкі з'ехалі з вёскі ўсёй сям'ёй праз два дні. I больш аб іх да самай вайны ніхто тут не чуў і не ведаў. Знаўцы з дапамогаю пагранічнікаў разабралі і перакінулі хату на новае месца і таксама блізка каля вады, як загадваў дзедка:
— Смерць недалёка, дык каб хоць напаследак на ваду паглядзець. Вада супакойвае.
Урочышча Беліч было ад вёскі за кіламетр, і нічога ў ім белага, хутчэй чорнае ўсё — чарналессе і зямля горшая за хутарскую, але вада сапраўды блізка, старое, занядбанае возера, і таксама чорнае, са стагамі счарнелай і спарахнелай ужо лазы на беразе: возера прыйшлося даспадобы бабрам. Ім яно і належала. З аднаго берага возера на другі перакінуты быў трухлявы масток, па якім даўно ўжо ніхто не ездзіў. I масток гэты адпавядаў назве ўрочышча, быў ён белым, таму што ніхто не даглядаў яго, сівым, дубовыя плахі, абсівераныя вятрамі гадоў, з'едзеныя сонцам, дажджом, распаўзліся, спарахнелі да самага нутра, і каня на іх пускаць было небяспечна. Затое чалавеку летам у прыгрэў пасядзець на мастку прыемна. Нехапатліва плавалі па вадзе, коўзаліся па беразе каля сваіх хат не палоханыя яшчэ бабры, каля паляў, пад мастком, у спёку знаходзілі прытулак язі, зрэдку ўскідваўся шчупак, усплёсквала выдра, у нерухомым небе кружыў коршак, лунаў высока над вадою і дубамі, дубы і вада трымалі яго сваім дыханнем. Сярод гэтай вечнасці Знаўцы і паставілі хату. Ужо на другі дзень пасля таго, як да іх завітаў начальнік заставы, з раёна прыехаў каморнік. Адмераў два гектары і дваццаць сотак, ні больш ні менш, столькі, сколькі было ў іх зямлі на старым месцы, аслупаваў з чатырох бакоў, пад слупкі накідаў вугалю і бітага шкла.
— Гэта калі вы парушыце мяжу, уздумаеце лішняга прыхапіць,— растлумачыў Міхаілу.— Знак у зямлі ўсё роўна застанецца, куды вяртаць вас. На вякі знак.
I Знавец паверыў, што сапраўды цяпер гэта ўжо на вякі. I пачаў абжываць Беліч. Рыхтаваў зямлю пад ворыва, карчаваў старыя дрэвы, садзіў маладыя. Зямлі яму ўсё ж прырэзалі, далі ўчастак пад лес. I Знавец, мяркуючы, як жыць далей, засаджваў яго хвояй, якой тут у прырэччы амаль што не было, зрэдку толькі сярод дубоў пракідвалася хвойка. А без хвоі, калі хочаш жыць, працягваць і доўжыць свой род, мужыку не абысціся. Знавец жа планаваў сябе, свой працяг на паўста, а то і сотню гадоў наперад. Здабываў хвойкі па калена сабе, ссаджваў іх з воза, бачыў за імі сосны гонкія, мачтавыя. Не ведаў адпачынку ні ўлетку, ні зімой, ён ужо сустракаў чацвёрты год міру на сваёй зямлі. I той год быў пазначаны вялікай жалобаю. Зімой памёр Ленін. Пагранічнікі ўсяго атрада скідваліся па капейчыне, збіралі грошы на помнік Ільічу. На помнік прынёс Трубецкаму апошнюю, як сказаў, у хаце залатую мікалаеўскую дзесятку Міхаіл Знавец:
Читать дальше