I сказаў ён не тое, што трэба: «Дарагі таварыш Знавец, звяртаюцца да цябе таварыш Рэспубліка і таварыш граніца»,— словы, якія ён прыдумаў, стоячы каля жыта. А другія, казённыя: «Грамадзянін Краіны Саветаў Міхаіл Знавец...»
Пачуўшы гэтае «грамадзянін», Знавец ледзь не падавіўся бульбінай. Ён якраз снедаў, уся сям'я: жонка Міхаіла, жонка Івана, дзеці іх — абляпілі стол, як мухі, і так шчыльна, што і кошцы не прашыцца. Чыгун паронак высыпалі проста на стол, тут жа сыпучай жоўтай горкай падсмажанае і тоўчанае льняное семя. Дарослыя і дзеці шчыравалі, як лясныя дзятлы, макалі бульбу ў лён і запівалі кіслым малаком.
— Іван? — апёкся, папярок горла стала бульбіна Міхаілу.
— Што Іван? Дзе Іван? — разгубіўся і Трубецкі.
— Вам лепш ведаць, грамадзянін чырвоны камандзір,— прабегся вокам па русявых галоўках дзяцей, хутка ўсё ж знайшоўся Міхаіл, захукаў, астуджваючы гарачую бульбіну.
— Ведаем, Міша, ведаем,— не без прыкрасці за свій язык, запознена, але ўсё ж больш проста паспрабаваў загаварыць начальнік заставы.— Ты лепш садзі мяне застол і частуй бульбаю.
Яму і сапраўды захацелася гэтай гарачай бульбы з ільняною тоўчанкай, з кіслым малаком з гладышкі, толькі б адцягнуць тое галоўнае, дзеля чаго ён ішоў сюды. Але Міхаіл не паверыў у яго простасць і шчырасць, не паверыў, што з-за гэтага і завітаў у яго хату пагранічнік.
— Воля ваша,— сказаў ён з папрокам.— Не грэбуеце — садзіцеся з намі за стол. Вы тут гаспадар.
Трубецкага заела. Не думаў ён, што будзе чужым гэтай хаце, і не вельмі ж ён ужо і камандзірыўся, каб яго лічылі тут чужым.
— Не тое ты мне, Міша, гаворыш, не тыя словы я чую ад цябе, дарэмна крыўдзіш мяне. Я да цябе, праўда, па сур'ёзнай справе, але як таварыш і брат.
— Ну-ну, кось-кось ды і ў аглоблі,— буркліва, але ўсё ж больш лагодна ўжо, здаецца, сказаў Міхаіл.— Адчуваю я, Трахім, што ў цябе за справа. I чакаю, жду, вось і жданкі апошнія ўжо, бачыш, пад'ядаю... Апошняя ўжо бульба... З Іванам усё добра?
— Добра,— неяк крыху высакавата і звонка вырвалася ў Трубецкага. I гэты ўласны, што ў маладога пеўніка, голас і самому яму здаўся брыдкім, але тут ён нічога не мог перамяніць, такі голас, крыху вышэй посвісту куль, набыў ён на фронце.— Усё добра з Іванам, усё спакойна,— паўтарыў Трубецкі ўжо больш цвёрда і ўпэўнена.
— Значыць, тады пра тое самае гаворка,— абмяклым ад тугі голасам сказаў Міхаіл.
— Пра тое самае,— пацвердзіў Трубецкі, нічога не пазначыўшы, нічога не назваўшы, пацвердзіў толькі таму, каб не даць выйсці гэтай тузе Міхаіла, каб яна не перайшла ў злосць і лютасць і ў той лютасці ён не сказаў чаго-небудзь лішняга, каб ён сам, Трубецкі, не сказаў лішняга. Боязь гэтага лішняга яны адчулі абодва і таму перавялі гаворку на будзённае, не вельмі значнае, пра што можна гаварыць заўсёды, калі няма аб чым больш гаварыць і маўчаць цяжка: пра паводку, надвор'е, сенакос, ураджай. Перагаварылі ўсё гэта і, як выпусцілі пару, замоўклі. Трубецкі даваў Знаўцу час, каб той сам прыйшоў да думкі, што гэта непазбежна, незваротна. Знавец прызнаваў ужо гэтую непазбежнасць, але ў той жа час спадзяваўся на заўсёды выратавальнае мужыцкае авось: авось, забудзецца, перамелецца, абыдзецца. Але, спадзеючыся на авось, добраахвотна здавацца і не думаў. Паклаў на стол, напаказ, рукі, каб відаць былі акамянелыя,што смала-жывіца на параненым дрэве, мазалі, рукі ўчэпістыя, якія гаварылі самі за сябе без слоў: што ўжо трапіла ім, то іх. Трубецкі прыняў гэты выклік рук, моваю рук і адказаў яму. Мімаволі пальцы іх замітусіліся, паскробваючы пазногцямі дубовую дошку, пабеглі насустрач. Сышліся, спляліся, узняліся ўгару рукі, уперліся адзін насупраць другога локці, як укопаныя, замерлі. Варочаліся толькі лапацістыя далоні, уздуваліся і набракалі сінню жылы на шыі ў кожнага ды сінелі твары. I яны абодва, пэўна, адначасова зразумелі, што сканаюць, але не здадуцца, не саступяць, уздыхнулі і расціснулі пальцы, ужо ведаючы, хто перамог, але ўсё працягваючы гуляць у маўчанку, адзін — з літасці, а другі таму, што сапраўды адняло мову, залажыла глотку, запаў язык. I Міхаіл у тую ціхую хвіліну быў вельмі падобны на брата Івана, які развітваўся з родным берагам, знямела стаяў на сухім перад тым, як ступіць у ваду Пятлянкі, пераплысці рэчкуі выйсці ўжо на другім свеце. Горкая то была Івану хвіліна, такая ж гаркавая хвіліна была цяпер і ў Міхаіла, пакуль доўжылася яна, Міхаіл, трохі таксама лысаваты ўжо, з кашчавым, як не мужыцкім, высокім ілбом, выцягнутым у клін, таксама як не мужыцкім, тварам, нагадваў Трубецкаму Івана. Вось толькі думкі варочаліся ў гэтым ілбе адвечныя, мужыцкія, цяжкія, што жорны, і такія ж непаваротлівыя. Іван усё ж быў хутчэйшы на думку, давала аб сабе знаць Еўропа, якую Іван зведаў, калі ўцёк з аўстрыйскага палону і тры гады мераў яе нагамі, ішоў дахаты. Сам жа Трубецкі быў не вельмі даўно адарваны ад сахі, можна лічыць, што сюды ён прыйшоў адразу ж пасля бою, быў здольны думаць і хутка, і марудна, таму маўчанне, што рабілася ўжо зацятым, не нудзіла яго. Да ўсяго ж дапамог яму малодшы сын Івана, які, што куранё з падбітаю нагою, бокам падкраўся, пасмоктваючы палец, да драўлянай кабуры з наганам.
Читать дальше