Сышліся два берагі адной ракі. Сышліся, паядналіся. Беларусь Заходняя, Беларусь Усходняя. Яшчэ дыхалі дымам варонкі ад снарадаў і пахлі порахам росы, а яны, хлопцы з Усходняга берага, на танцы, да дзевак — на бераг Заходні. У Польшчу на танцы, да паненак. I Мар'ян з імі, па дарозе, пракладзенай яшчэ яго бацькам, па той самай, па якой ён хадзіў на той бераг яшчэ ў шапцы-бекешы. Каля Нівак перайшлі ўброд рэчку, узняўшы над галавою штаны. Жаніхі, ухажоры. Міма пустых казарм польскіх пагранічнікаў ісці дабрача — ні табе сабак на дзвюх нагах, ні на чатырох. I восень ужо, восень. Усё ў чырвоных сцягах — асіны і клёны, і, помніцца, шмат было грыбоў, баравікі, а больш краснюкі — падасінавікі. I на душы так хораша, лёгка, хоць крыху і зябка. Навошта, чаму зямля падзелена граніцамі. I звер жа не ведае пра тыя граніцы. Скача вавёрка па дрэве, мяце хвастом, як венікам рыжым, па чырвонай лістоце, збірае арэхі, арэхі свае і замежныя, і ёй усё роўна, чые яны — яе, вавёрчыны. I грыбы вакол, і ягады, і жалуды — нічые, таксама яе, без увагі вавёрка, на якім беразе яны выраслі. А бацька яго, Мар'яна, ледзь не забіў, калі ён спытаў яго, якая розніца паміж арэхам савецкім і польскім. А ён жа сапраўды не разумеў тады розніцы. I толькі калі ступіў на некалі чужы бераг, штосьці пачаў цяміць. Шкадаваць раптам пачаў, што яго арэхі растуць, аказваецца, і на другім беразе, растуць зусім не горш, і зазлаваў — гэта ж якую зямлю, якую ўрадлівую зямлю адабралі ў яго паны. Колькі ён з-за іх арэхаў не з'еў.
Ад Нівак скрозь ляшчыну сцежка наводзіла іх на фальварак, цэркаўку, дзе стаяў хутар Стэфы, і крыху далей, на самай ужо цэркаўцы, вёска Загалле, куды і спяшаліся яны на танцы: такія дзеўкі, такія дзеўкі, такія цыцкі...
Хлопцы ведалі, пра што гаварылі. Ён пераканаўся ў гэтым у той жа вечар. Пад бубен, у які білі па чарзе самі, хто прыйшоў на вечарынку, і скрыпку, на якой граў бацька Стэфы, пайшлі адзін раз у скокі, другі. Абвясцілі польку-весялуху. Весела кінуліся разбіраць дзевак. А іх і разбіраць не трэба, яны самі, як матылькі на святло, ступілі з кута, да якога не дасягала лямпа-дванаццацілінейка, на сярэдзіну хаты. I хлопцам толькі здавалася, што яны выбіраюць дзевак, а на самай справе дзеўкі даўно падзялілі іх паміж сабой. Хлопцы толькі падхоплівалі сваіх ці нават іх падхоплівалі. Але Мар'яну ўсё ж здаецца, што ён выбраў Стэфу сам. А мо... Хто сёння скажа. Стэфа ні за якія грошы не прызнаецца. Ты, ты мяне выбраў. Я каля сцяны як прыклееная стаяла. I гэта было папраўдзе так, стаяла яна каля той сцяны, бы прыліпла, пакуль Мар'ян не зірнуў на яе. Зірнуў, не паспеў кроку зрабіць насустрач, куды падзеўся той клей. Адразу ж павісла на шыі. I павяла ў круг, усім на пагляд: вось ён, мой. Была яна маленькая росцікам, скуласценькая, але скуласценькая ў меру і прыгожа. Без гэтай сваёй скуластасці мо і не глядзелася б. А з ёю ўсё на месцы ў яе. I валасы трохі рыжаватыя і кучаравістыя, і бровы шырокія, мяккія, што шаўковыя, але пра гэта ён даведаўся пазней ужо. А тады, калі выйшаў на круг і толькі прымерваўся, прыглядваўся да Стэфы, кінулася ў вочы, што губы яна вельмі падцяла. «Змяя танкагубая»,— нядобра яшчэ так падумаў ён пра Стэфу. I праз гэтую недабрыню сваю пашкадаваў. А праз шкадаванне адхіліў, не прыняў яе: у нашым родзе аніводнага чалавека няма з такімі губамі. I яшчэ — вочы яе здаліся Мар'яну нейкімі дзіўнымі. Нібы яны ўжо штосьці ведалі аб ім. Шэрыя, застыглыя, заглыбленыя на ім. I гэтая іх заглыбленасць, засяроджанасць таксама не прывабіла яго. Да ўсяго яна яшчэ і маўчала. Пакуль танцавалі, толькі адно слова і вымавіла, як завуць яе, сказала:
— Стэфа.
— А я Знавец Мар'ян.— I ўжо каб пачаць гаворку: — Знаўца з-за ракі, Івана сын...— Стэфа прымусіла яго змоўкнуць, сур'ёзна і строга хітнула галавою: маўляў, ведаю, не працягвай. I ён не адважыўся пярэчыць ёй, вырашыўшы, што адбудзе танец, падвядзе яе зноў да сцяны і на тым паставіць кропку. Але і тут у яго нічога не атрымалася. Яна не далася яму паставіць сябе да сцяны. Яшчэ пакалыхваў бронзавымі языкамі бубен, білася дзесь каля лямпы ў тон струнам скрыпкі муха, а Стэфа пацягнула яго да парога:
— Пойдзем выйдзем, нешта тут душна.
Ён і не думаў з ёю выходзіць, але куды дзенешся. Ноч ахапіла іх прахалодаю, і Стэфа мімаволі, а мо і не так ужо мімаволі, прыхінулася да яго пляча. Вось тое, што ён абняў яе мімаволі, у гэтым ён упэўнены. Стэфа не адкінула яго рук, нібы яны зналіся ўжо добры век. Мар'яну здалося, што сапраўды так яно і ёсць, век ужо яны ведаюць адно аднаго. Век стаяла над імі і пазірала на іх поўня, набягалі на яе і знікалі кісейныя хмаркі, гулліва спляталіся, распляталіся, абяцаючы такое ж доўгае жыццё-гульню, пад такою ж задумліваю поўняю, пры сцішанай у цемры рэчцы, пад вольнымі і ціхімі, шчодрымі цяпер на жалуды дубамі, задуменнымі бярозамі.
Читать дальше