Як гэта было не адзін раз у дзяцінстве, я скочыў на вуліцу праз акно. Прэч, прэч, насланнё, цур, цур мяне, нячыстая сіла...
Ужо адспявалі сваё трэція пеўні, а я ўсё яшчэ не тушыў святла ў хаце. Я ўсё яшчэ знаходзіўся там, у дзяцінстве. Высмаліў добры пачак цыгарэт, немаведама колькі выпіў кавы, скрэмзаў стос паперы. Але нават і тады, калі даклыпаў да ложка, адчуў, што ўсё роўна маё мінулае не адступіцца ад мяне сёння. I мне, сённяшняму, надышла апошняя ноч. Я адыходжу гэтай ноччу ў мінулае, саслізгваю да яго па промні месячнай сцежкі, што пракладзена ад акна да майго ложка. Я нічога не разумеў, усё было ў навіну мне і напачатку нават цікава. Я ўсё памятаў і адначасова адчуваў, як растапляюся, раствараюся, пакідаючы гэты свет. Я дзесьці і шкадаваў аб ім, мне хацелася і застацца, і апынуцца ў мінулым. Але маё цела, мае думкі ўжо не падпарадкоўваліся мне. Я прапусціў імгненне, калі магчыма яшчэ было застацца, магчыма было прымусіць сябе вярнуцца, абсекчы гэты адыход. Маё цела, здаецца, ужо і не існавала, хоць я і адчуваў яго, але неяк адасоблена ад сябе, часу і прасторы. Рукі, ногі расталі, хоць я яшчэ быў здольны загадаць ім варушыцца. I варушыў імі, дрыгаўся, як дрыгаюцца на ветры дзіцячыя надзіманыя шары. Гэтае дрыганне было смешнае мне самому, і я смяяўся, чуў свой смех і смех яшчэ некага збоку. Смех збоку мацнеў, заклікаў, закалыхваў, усцешваў. Ён клікаў мяне да сябе, куды вось толькі, не ведаю, але прэч, прэч, прэч адсюль, у той чорны тунель, які паўставаў перада мной. Мяне імкліва зацягвала ў той тунель, чыесьці ласкавыя, пяшчотныя рукі заносілі мяне туды, ставілі на ногі і падпіхвалі. I тунель перада мной адразу ж высвечваўся, ззяў, зіхацеў блакітным і сонечным цёплым святлом. Я бачыў наперадзе дарогу, хаця дарогаю гэта назваць было цяжка, проста шмат блакітнага і сонечнага наперадзе, там, куды я мусіў ісці, а мо і плысці. Мае таварышы, што даўно памерлі ўжо, Мыса Пожня, які згарэў ад гарэлкі, Лёня Лепік, на якога наехаў трактар, калі ён спаў у капе саломы, паказвалі мне, куды трэба рухацца. Былі там і яшчэ дзетдомаўцы, і шмат, але я не паспеў пазнаць іх, таму што шукаў, прагнуў як мага хутчэй убачыцца не з імі, а з маці і сястрою, якія засталіся там, на вайне, у сорак трэцім, з бабуляю, якая памерла зусім нядаўна, пражыўшы сто дванаццаць гадоў, перажыўшы ўсіх сваіх дзяцей. Калі мне было цяжка, я заўсёды бачыў іх перад сабою. Яны з'яўляліся да мяне, калі я засынаў, з'яўляліся і давалі мне знак. Цяпер жа сярод дзетдомаўцаў іх не было, не бачыў я і ніякага знаку. I я зразумеў, што мне яшчэ рана сюды. Рана, хоць тут і вельмі добра, тут усе мае сябры, якія так назаўсёды і засталіся малымі, басаногія, галапузыя, пастрыжаныя пад Катоўскага і вясёлыя, бы нарэшце знайшлі свой залаты ключык. I тым залатым ключыкам адмыкалі, адчынялі вароты і мне. Мне заставалася прайсці адны толькі дзверы. Але на парозе ўжо я адмовіўся ісці. Уласна кажучы, не я, думка нейкая цьмяная, вельмі слушная затрымала мяне. I чорная то была думка, чорнага колеру, колеру болю. Болю за тое, што думка гэтая так і не праясніцца. I гэта было амаль апошняе, што я адчуў перад небыццём. Думка даляцела, мне стала лёгка і хораша. I прасторна, і радасна.
Я з галавою нырнуў у тую радасць, у месячную жоўтую сцежку, у светлае і блакітнае, стаіўшы дыханне, прыхапіўшы з сабой дзеля немаведама чаго слязу, што завісла на павеках.
Мо тая сляза і вярнула мяне, нехта выпхнуў мяне адтуль, і я нават адчуў той штуршок, таму што атрымаў добрага выспятка. У галаве ж адразу праяснілася, была яна пустая, нібы прайшла праз стэрылізацыю, з мозгу сцерлася ўсё, што адбылося раней, там. Часу, калі меркаваць па месячнай сцежцы, якая не скранулася з месца, прайшло небагата. Мяне кінула ў пот. Халодны зябкі пот ахапіў цела. Ужо сыходзячы толькі з гэтага, вяртанне не вельмі ўсцешыла мяне. Мінулае адступілася ад мяне, адышло зусім. Я ляжаў увесь у сённяшнім імгненным, разважаючы, што ж гэта са мной. Раптоўна, нечакана пачаў так трызніць ці ўпаў у шызафрэнію. Але ці ж магчыма такое, на шызафрэнію я ніколі не хварэў, і ніхто з майго роду не хварэў, паколькі я ведаю свой род. Сухоты, ліхаманкі зводзілі яго. Але, гледзячы на мяне, не скажаш, што я падобны па сухотнага, а малярыя даўно ўжо, яшчэ калі я быў малы, зведзена, ды і прыпадае яна, здаецца, толькі ці вясной, ці восенню. Дык што ж тады было са мною? Няўжо папраўдзе я так моцна заклікаў дзяцінства, так прагнуў апынуцца ў маім мінулым, што апынуўся ў ім, зламаў усе агароджы часу, прымусіў час рухацца наадварот, і сам трохі крануўся розумам, як кажуць сёння: шазуха косіць нашы рады. Вось і я пакошаны ўжо бадзяга часу. Лежачы ў сваім ложку, увесь абліўшыся халодным потам, я адчуваў шкадаванне па тым, што маё падарожжа, бадзянне па часе было бесттрытомным. I тут я адчуў, што ўсё можа паўтарыцца зноў, злавіў сябе на тым, што зноў саслізгваю ў мінулае, адыходжу, адлятаю ў яго. Я зведаў нанава ўсё, што хвіліну-другую назад таму перажыў, усё паўтарылася да кроплі, расставанне, смех, тунель, святло — усё гэта я ужо адзначаў, прыкмячаў, кантраляваў, імкнуўся запомніць. Мне трэба было запомніць, каб расказаць. Але як, каму расказваць, калі я не вярнуся. А я дакладна ўжо ведаў: вяртання не будзе. Няма ў мяне сілы, каб прадухіліць адыход, спыніць яго, як я ні кантралюю сябе, вельмі ж імкліва і саслізгваю. I я сам ужо хацеў як мага хутчэй дапяцца да таго мінулага, акунуцца ў пыл і прах яго. I не было сілы супраціўляцца яго голасу. Няма сілы...
Читать дальше