Падлетак пазіраў усё на стол. Казік разумеў, чаго той так з прагаю пазірае. Ад гэтага свайго адчування Казіку рабілася чамусьці вельмі сорамна, i ён апускаў галаву, адводзіў позірк...
—Не магу, калі так пазірае...— кажа шэптам бацьку маці. Яна наўмысна перасела, прымасцілася спіною да рыжага падлетка.— Дзіця ж...
—Адлі крыху яму...— гэтаксама шапнуў бацька.
Стары, відаць, не пачуў, пра што шапталіся маці i бацька, але неяк зразумеў, што яны перамаўляліся пра ix: паклікаў маладога грэцца разам на печы. Той з неахвотаю падаўся, сцягнуў з ног боты.
Маці паднялася з-за стала, узяла з паліцы гліняную місачку, адліла ў яе з вялікай місы саладухі, узяла пару бульбін i пайшла да печы. Стары пазіраў на гэта ca спакоем, нават неяк з журботаю, а вочы маладога, здаецца, успыхнулі, заўсміхаліся. Ён не мог стрымацца i раз за разам каўтаў сліну. Вочы яго пазіралі толькі на гэтую няпоўную міску, дзе была рэдкая i кіслая саладуха.
—Не трэба, пані, — падняў галаву, сам каўтнуў сліну стары немец, — вам самім няма чаго, не тое што нам яшчэ... Нас жа кормяць у лагеры, мы ўжо цёплай вады з травою напіліся б ды пагрэліся б. I на тым дзякуй вам вялікае...
—Пасёрбайце, — сказала маці.
—I ў вас, пані, i ў людзей вашых добрае сэрца...— прамовіў стары, беручы ў рукі міску i бульбіны.— Ён, малы, яшчэ не бачыў гэтага, як не бачаць i каторыя старэйшыя, кажуць, што цяпер нам помсціць будуць...
—Вы гаворыце пра нашу пом сту ды злосць...— азваўся бацька.— Каб вы прыйшлі не з вінтоўкамі, не біць ды паліць нас, a прыйшлі ў госці, па-добраму, дык мы б вас i пакармілі i напаілі б... I песні разам паспявалі б. А так — якая нам радасць ад вас? Гора ды бяда толькі...
—Так, пан, так, — са згодаю заківаў галавою стары, перавярнуў на трубе анучы, якія пачалі падгараць.
У хаце запахла гарэлаю адзежынаю. Даўка было i ад жалезнай трубы, што пахла не па-цаглянаму мякка i ўтульна, як пліта, а дыхала па-свойму — суха i дзярката. Трубу гэтую маці штотыдня бяліла мелам, але бель адразу, як толькі труба награвалася, рудзела, а праз дзень-другі i адвальвалася.
—Можна, пані, я вазьму самавар? — стары аддаў міску i бульбіны падлетку, а сам злез з печы.
—Бярыце, — адказала маці.
—Дзякую, —прамовіў ён i босы пайшоў па халоднай гліне да парогa, наліў з вядра ў «самавар» — невялікі пусты снарадны патрон — вады i паставіў яго, адкінуўшы ўбок верхні маленькі кружочак, на пліту, зноў палез на печ.
У гэтым «самавары» грэла сабе гарбату i маці. Гарбата гэтая, праўда, вельмі доўга пахла жалезам i порахам, але цяпер «самавар» добра абварыўся i больш пе гаркавіў вады.
Калі вада закіпела, стары ўзяў з кішэні свайго шыняля загорнуты ў сінюю анучку скрутачак, разгарнуў яго. У ім была нейкая сухая рыжая трава. Ён адарваў ад пучка пекалькі лапак, разламаў ix i апусціў у вар. Тады дастаў з кішэні пінжака-мундзіра маленькую шкляную бутэльку, заткнутую гумовым коркам, адкаркаваў яе i высыпаў на далопь белых «пігулак» — сахарыну.
Стары трымаў сахарын на далоні i чакаў, пакуль высербае саладуху малады i калі настоіцца навар. Малады немец трымаў у руках міску, бульбіны, еў i стараўся не выпусціць з лыжкі ніводнай кропелькі. Калі нёс лыжку да рота, дык пад яе падстаўляў далонь i кропельку, што падала на яе, адразу ж злізваў.
Казік ужо здаволіўся, стаміўся сёрбаць, хоць i адчуваў, што не вельмі прагнаў голад. Поўны жывот, бурчыць у ім, але есці ўсё роўна хочацца.
Пачакаўшы, калі вада ў «самавары» пачала бурачковіцца, стары адліў з яго настою ў кубак, укінуў сахарыну, размяшаў лыжачкаю. Заплюшчваў вочы, бо кубак пёк рукі, а вада — рот, але піў маленькімі глыткамі, гучна, на ўсю хату, сёрбаючы.
—Сахарын блага на вочы, — гаварыў ён, — але гарачае надта добра для здароўя. I трава гэтая, маліннік, добра. У вас надта многа ўсякіх ягад ды траў, грыбоў. У вас усяго многа, вы надта багатыя на ўсё — на лес, на ваду, на сена, на поле... Толькі мір вам трэба, рукі ды машыны... Некалі вы будзеце добра жыць...
Малады немец, апаражніўшы амаль усю міску, толькі тады прыпыніўся сёрбаць, падсунуў яе старому, падаў яму паўбульбіны.
—Еш сам, хлопец, — махнуў той рукою, — табе трэба расці, дык i есці трэба болей. А я стары... Дзякуй во добрым людзям...— далей ён, павярнуўшыся да маладога, пачаў гаварыць нешта па-свойму — малады пазіраў на яго, услухоўваўся.
Казіку i бацьку маці наліла гарбаты, настоенай з сушаных чарніц: яна заўсёды, калі ядуць саладуху, робіць навар з чорных ягад — каб не балеў жывот. Казік i бацька пачалі сёрбаць гарачую чарнаватую, зусім не салодкую ваду, a маці паставіла на падаконнік астуджвацца свой кубак i ўзялася выціраць стол.
Читать дальше