1967
Мы многа пішам пра вайну i боль,
А пра каханне — час ад часу толькі...
Анатоль Сербантовіч
Бывае такая ня'доўгая, але вельмі прыкметная пара на дварэ — асенняе лета. Стаіць яно на пачатку верасня, калі яшчэ не паслабела святло, не паспела астудзіцца паветра i трымае летняе цяпло зямля. Тады некалькі дзён гэтак жа горача, як i ў чэрвені ці ў ліпені, бо няма яшчэ халодных скразнякоў i нудных дажджоў-абложнікаў. Морась — цёплы пырскуль ці ўліўны грыбасей — часта нарываецца, але яна хутка праходзіць, мякка парыць, прымушае красаваць у лесе зямлю.
Цёпла, утульна ў асенняе лета, але ўжо вока журботна заўважае жоўта-рудаватае лісце, чырвані ў якім большае з кожным днём, бачыць апусцелыя сухабелыя палі, пацукравелыя яблыкі ў садах i самотную пажаўцеласць на дварэ, якая надта відаць, наганяе незразумелы сум, калі сонца прыхаваецца за хмару i свеціць адтуль, свеціць, здаецца, ярка, але неяк па-жоўтаму самотна. Журбота i смутак прыходзяць, мусіць, ад трывогі за цяпло, зеляніну i кветкі, ад трывогі перад блізкімі халадамі i нізкімі сібернымі дажджамі.
Гэту пару — асенняе лета — Вольга Пятроўна вельмі адчула сёлета, адчула на саракавым годзе свайго жыцця. Дасюль, здаецца, i не заўважала надта, што там на дварэ — канчаецца лета ці ідзе восень, пацяплела ці крыху пахаладала. Важней за ўсё была праца, сям'я — муж ды дзеці — i свая маладосць. А вось сёлета, бадай, упершыню, прыйшла трывога, што ўсё на свеце мяняецца, прыходзіць i адыходзіць, але толькі не маладосць. Нечакана яна прыйдзе, закрасуе, успеніць кроў, ад якой закружыцца галава, затуманіцца розум — тады, можа, i прыйдуць цудоўныя хвіліны кахання ды шчасця, — але нечакана — што i не заўважыш — пасля атухне, хвалюе, як даўні ўспамін, ад якога часамі i зноў палягчэе, абудзяцца радасць, нейкія няспраўджаныя жаданні ды мары пра недасяжна прыгожае i неспрабаванае, а пазней усё нечакана i гэта адыдзе, знікне — i добра чуецца, што табе ўжо сорак, што няма маладой ношкі на плячах, якая зусім не чулася дагэтуль, бо была вельмі лёгкая, нячуйная, як крыллі, можа, затое другая — пажылая — пачала адчувацца адразу...
Вольга Пятроўна ляжала на канапе i адпачывала. Толькі што яна вярнулася дахаты са школы, праўдзівей сказаць, прыйшла не са школы, а з поля, бо дзеці ўжо другі дзень не вучыліся, a капалі ў саўгасе бульбу. Вярнулася, памылася, пад'ела i прылегла адпачыць, адчуваючы, што доўга не прыйдзецца паляжаць, бо трэба ісці i выбіраць сваю бульбу. Здзіўлялася, што цяпер так хутка пачала стамляцца, чаго раней з ёю не было.
Цішыня стаяла ў ix вялікай хаце. Надта ціха зрабілася нядаўна, калі паехала вучыцца ў горад дачка — закончыла дзесяцігодку i паступіла ў інстытут. Сын ужо з год служыў у войску. Дома была толькі яна, Вольга Пятроўна, ды муж-настаўнік.
Яна падумала, што незаўважна надта, хутка выраслі i разышліся дзеці, што ix ужо не збярэш, не ўтрымаеш тут, дома, а сама яна, маці, не такая старая, магла б яшчэ радзіць дачку ці сына, мець, словам, дзіця, з якім было б i цяпер i некалі весялей. Магла б, каб не было сорамна не так перад людзьмі, як перад сваімі дарослымі дзецьмі, якія ўжо, як яна адчувала сваім матчыным i жаночым сэрцам, маюць маладыя трывогі, жаданні, перажываюць пару першага кахання i яе, пажылой маткі, калі яна родзіць, не зразумеюць, пачнуць калі не папракаць, то саромецца. Ды i муж, саракасямігадовы мужчына, як яна адчувае, не хоча гэтага, думае, мусіць, што яны ўжо старыя...
Вольга Пятроўна выцягнула даўгаватыя ногі, выпрамілася, убачыўшы, што яна яшчэ надта не пастарэла, не страціла стройнасці — невысокія во, але не апалыя, тугаватыя грудзі, зусім не поўны жывот, ладныя загарэлыя ногі, на якіх толькі дзе-нідзе сінеліся падпухлыя жылкі. Не пастарэў i твар — высокі, мала маршчыністы лоб, жывы агеньчык у вачах, чырванаватыя шчокі. Толькi ў куточку вачэй ды вуснаў збегліся густаватыя зморшчакі, але яны яшчэ надта не стараць яе, бо відаць на яе твары былая краса. Так, яна некалі была вялікая красуня, мела многа хлопцаў, выбірала, мяняла ix, а вось выйшла замуж чамусьці за невысокага, не вельмі сімпатычнага Анатоля, які, як пасля агледзелася, i старэйшы быў за яе, i не такі разумны, як здавалася, але быў, праўда, добры настаўнік i гэтакі ж добры муж. Ціхманы i паслухмяны. Што яна хацела, думала, ён тое век i рабіў, слухаўся яе. Здаецца, толькі вельмі раўнаваў, мучыўся, як яна ў школе пасміхалася з калегамі-настаўнікамі ці вытанцоўвала ў клубе з прыезджымі шаферамі, але мучыўся моўчкі. Можа, нават i таму, што яна жартавала з чужымі мужчынамі, любіла закружыць ім крышку галаву, прымусіць ix i ўкахацца ў яе, паспрабаваць заляцацца, але ніколі большага чаго яна не дазваляла.
Читать дальше