Анатоль, які гэтаксама быў з ёю сёння на полі, вярнуўшыся дахаты, пераапрануўшыся i перакусіўшы, не прылёг, a хадзіў недзе па двары. Ці не падбіраў у садзе ападкі — сёлета чамусьці яблыкі вельмі чарвівелі i абвальваліся. Ix не паспявалі есці — i крышаноў з ix насушылі, варэння наварылі, а цяпер дык не ведалі, дзе ix дзяваць.
Пачуліся крокі ў сенцах — ішоў у хату Анатоль. Ён прыпыніўся на кухні, паставіў, мусіць, ля пapoгa кош з ападкамі i ішоў сюды, у лепшую палавіну, дзе стаяла канапа, шафа з кнігамі, тэлевізар i стол.
— Мала што сыплюцца яблыкі, дык яшчэ адна напасць на ix... — сказаў ён, трымаючы ў руцэ вялікі жоўта-зялёны яблык з глыбокімі норкамі, у якіх была відаць чарнаватая труха.
Вольга Пятроўна, лежачы, зірнула не на яблык, а на мужа — невысокага, лысаватага i з густымі маршчынамі на вузкім, здаецца, зусім нясвежым, нават старым, твары, убачыла, што ён стаміўся. Яна пашкадавала яго, паклікала да сябе.
Ён паасцерагаўся, што ідзе па ходніку ў туфлях, можа натрэсці пяску, але бачачы, што яна кліча, зморшчыўся, падышоў i прысеў, стараючыся на яе не пазіраць.
—Сарокі клююць здаровыя жоўтыя антоны, — яшчэ раз заклапочана сказаў ён. — Гэта ж ніколі такога не было, каб птушкі яблыкі на дрэвах дзяўблі...
—Прыляж, — ціха прамовіла яна, пасунулася да сцяны, даючы яму болей месца ля сябе.
—Можа, пойдзем ужо на агарод, — сказаў ён, — буду падкопваць, а ты будзеш выбіраць.
—Выберам тую бульбу, нідзе яна не дзенецца, — адказала яна, — яшчэ вунь толькі пачатак верасня на дварэ. Чаму ты еў часнок?
—Вецер прахапіў, — прамовіў ён, — дык вось заклаў у нос, каб прагнаць прастуду. I з'еў пару драбкоў.
—Які ты нехарошы! Толькі сябе аднаго глядзіш... — яна прыгарнулася да яго. — Але прылашчы...
Ён як засаромеўся, што яна так гаворыць, паводзіць сябе як зусім маладая, азірнуўся, бы хто быў у хаце, а тады злёгку, каб паслухацца, не зусім ахвотна правёў далонню па яе русявых валасах.
—Як яна там, наша Ірынка? — нечакана спытала яна.
—Будзе вучыцца, як i мы некалі вучыліся, як i цяпер вучацца яе аднагодкі.
Пакуль ён гэта гаварыў, яна паспела ўжо ціха заплакаць — зажурбоціцца па дачцэ. Бязгучна плакала i адчувала, што муж гэта чуе, але не спяшаецца супакоіць, пацалаваць яе, як некалі, у маладыя гады, адразу ж супакойваў i цалаваў, а ляжыць побач моўчкі, добра ведаючы, што яна крыху пахліпае, выплача свае хуткія жаночыя слёзы i сама супакоіцца. Ёй стала балюча, што ён такі — спакойны i па-мужчынску чарстваваты.
—Не можа ж яна век быць з намі, — сказаў яшчэ ён, прамовіў зноў надта цвяроза i сухавата. — Пайшлі, бо нам з табой удваіх шмат работы.
I яна, слухаючы яго, паплакала, напраўду супакоілася, што дачцэ трэба было выязджаць адсюль, бо трэба вучыцца, думаць пра будучае, a ім во трэба застацца ўдваіх, працаваць i думаць пра ix, пра сваіх дарослых дзяцей. Яна, адчуваючы, што раптоўны жаль не зусім прайшоў, пацалавала мужа ў аброслую за дзень, калючую шчаку. Ён жа нават не варухнуўся, здаецца, нішто не захвалявала яго — што яна блізка, што ў яе крышку расшпілена блузка i з-пад яе відаць лагчынка ад яе тугіх грудзей, што вышэй каленяў агаліліся яе белаватыя роўненькія ногі.
—Дык пойдзем? — спытаў ён.
—Пойдзем, — уздыхнула яна, яшчэ толькі нядаўна хацела прашаптаць мужу: «А можа, нам i праўда асмеліцца?..» — нават прыдумала ўжо, як апраўдацца, але як толькі пачула сухаватае i настойлівае: «Дык пойдзем?» — стрымалася і не пачала гаварыць мужу пра свае патаемныя думкі, бо яшчэ збаялася, ці добра не толькі дзеці, але i ён, Анатоль, яе зразумее...
Муж падняўся i сказаў, што пойдзе падкопваць на аторку — лапінцы пры хляве — бульбу, а яна няхай зараз падыдзе з кашамі. Сказаў i, не азіраючыся, выйшаў.
Вольга Пятроўна паднялася, паправіла засцілку на канапе. Па целе прабегла нейкая прыемная стома, здаецца, прыліло цяпло да шчок. Яна падышла да люстэрка, паглядзелася i ўбачыла, што напраўду на шчоках гарыць чырванец, i адчула, што гэта не звычайны чырванец, а палымяны, малады.
Яна аж збянтэжылася ад яго.
Можа, муж убачыў яго i крышку раней, заўважыў i сышоў.
Яна ж, пазіраючы на сябе, думала, што зусім яшчэ не старая, даволі маладая на твары i постаццю. I тут жа ўспомніла, што ёй пра гэта — што яна маладая i прыгожая — гаварыў нядаўна адзін мужчына. Ды не пажылы чалавек, а малады хлопец, новы настаўнік.
Ён, гэты новы настаўнік, прыехаў у ix школу ў сярэдзіне жніўня. Быў здалёку, але тутэйшыя настаўніцы ўжо аднекуль ведалі, што яму трыццаць гадоў, што ён быў жанаты, развёўся, будзе плаціць аліменты за дзіця.
Читать дальше