8
I чацвёртага чэрвеня прыпякала гэтаксама летняе сонца.
У гэты дзень за Пясчанікамі пастушкі ўбачылі якуюсьці дзяўчы-ну ў мокрай сукенцы ды з распушчанымі русымі валасамі. Яна брыла па Супраслі супроць цячэння, выбіраючы, дзе глыбей. Напаткаўшы яму, садзілася ў яе, але, убачыўшы, што вада толькі па шыю, усхоплівалася ды брыла зноў.
Згледзеўшы хлопчыкаў, дзяўчына раптам віскнула злым, істэрычным голасам:
— Пацаны, а ну — марш адгэтуль! Каму кажу? Марш усім!! Я не хачу, каб вы на ГЭТА ўзіраліся!!
Па голасу дзяўчыну пастушкі адразу пазналі і сыпанулі ў вёску.
— Там Лена — папоўскага Юлька — утапіцца ў Супраслі хоча! — залямантавалі на ўсе Пясчанікі.
У момант збегліся да рэчкі мужчыны. Але як яны ні шнырылі па кустах лазы, ні паролі тычкамі ў рачныя яміны, як ні глядзелі за купіны — ні дзяўчыны, ні цела не знайшлі.
Мужчыны ўжо ведалі, што з усяе Папоўкі засталася толькі жывой Юлькава Лена. Той-сёй заўважаў, як учора пад вечар ды сёння раніцой сукенка нейкай дзяўчыны мільгала цераз палоскі. Бабы яе нават клікалі, але незнаёмая людзей дзічылася. Цяпер, калі ўпэўніліся, хто гэта быў, усе пачалі шкадаваць, чаму не затрымалі.
Пясчаніцкія мужчыны на балоце пастаялі ды абмеркавалі выпадак. Да паводзін дачкі Дзянісіка адносіліся ўсе з разуменнем. Кожны ўслых выказаўся нават, як бы сябе паводзіў і ён, калі б на яго вачах забілі ўсю радню ды ён застаўся на свеце адзін, як кол. Быў бы на фронце ці ў партызанах, то пры таварышах, напэўна, забыўся б трохі ў баі ці папрасіўся б на самае небяспечнае заданне і адвёў бы душу, але ж тут?!.
Простыя сяляне ў даным выпадку выйсця для Лены не бачылі. I праўда, ёй, беднай, хоць ты ідзі ды і ўтапіся. Аднак, разыходзячыся, мужчыны доўга яшчэ шукалі па кустах і пералесках, спадзеючыся ўсё ж такі ўбачыць дзявочую постаць ды Лену пацешыць, абагрэць, накарміць ды як-кольвек ратаваць.
А яна аб'явілася толькі аж сёмага чэрвеня ў Гарадку. Дзе гэтыя тры дні прападала, ніхто не ведаў, адно пэўна — ні да сваякоў, ні да знаёмых заглядаць нават не спрабавала.
9
Ля камендатуры ў той момант стаяў у начышчаных да бляску хромавых Юлькавых ботах паліцай Дэц. Дзяўчына да яго падышла і надзвычай проста праказала:
— Здрастуйце! Гэта зноў я!
Дэц не паверыў сваім вачам:
— Ты-ы?!.
— Ну.
— Вярнулася?!
— Ага.
— Жыць табе надаела?!
— Надаела.
— Я-ак?
— А — так,— яна ўздыхнула.— Хай і са мной будзе ўсё тое, што было з мамай, татам і ўсімі нашымі. Хачу, каб мяне таксама расстралялі.
— Ты — усур'ё-оз?!.
— Усур'ёз.
У гэты момант на ганак выйшаў апісаны ўжо мной у «Пушчанскай адысеі» амтскамісар, які лупцаваў кульбай бацьку за падсвінкаў. Дэц імгненна паправіў гальштук, абцягнуў пінжак, стаў смірна ды пачаў тлумачыць падзею. Па-нямецку гаварыў ён слаба, а тут служака яшчэ спяшаўся, бо яму хацелася надта ўразіць начальства.
Шчуплы, бялявы, сярэдніх год вайсковец у чыне фельдфебеля слухаў, слухаў яго балбатню ды не вытрываў. Немец паклікаў за перакладчыка яўрэя з тых, што рамантавалі ля камендатуры вуліцу.
Рыжы барадач, выслухаўшы ўважліва дзяўчыну, немцу аб'явіў:
— Вар'ятка яна, гэр шэф!
Фельдфебель нездаволена ўзняў бровы на паліцая ды рэзка пракрычаў:
— На-а?![ 35 35 Тут у значэнні — і што ты на гэта? (ням.)
]
Раззлаваны Дэц трэснуў перакладчыку ў зубы ды пачаў камісару тлумачыць ужо больш талкова:
— Брэша ён, гэр шэф! З той самай Папоўкі яна! З бандыцкай вёскі, што ліквідавала на мінулым тыдні «айнзатцгрупа» з Беластока. З конскіх могілак уцякла, з-пад расстрэлу... Просіцца цяпер, каб яе таксама расстралялі... Чатыры дні швэндалася недзе і кажа — надаела... Адумалася, ха!..
— Ах, зо-о?!.— здзівіўся ўжо і фельдфебель ды прыгледзеўся да дзяўчыны, бытта хацеў яе прызнаць ці лепш запамятаць. На дробным бялёсым тварыку яго з'явілася на момант нават літасцівая грымаса.
Дэц не зводзіў з шэфа адданых вачэй, а камендант хвіліну маўчаў. Можна было нават чытаць яго думкі:
«Пасадзіць бандытку пад арышт ды адаслаць у Беласток дакладную з пытаннем — што з ёю рабіць? »
«Заводзіць валакіту! Месяц давядзецца чакаць адказу — беластоцкія бонзы хіба табе паспяшаюцца?!.»
«Ага, нехта ж дакладваў, што слізняк-афіцэр з «айнзатцгрупы» адпусціў на волю прыгажуню бандытку!.. Расплыўся перад славянкай, гаўнюк!.. Шчэ прыпруць камісію для праверкі і афіцэрыку — трыбу-нал!..»
Камендант раптам махнуў рукой за агароды і свайму цэрберу закамандаваў:
Читать дальше