Здарылася гэта трэцяга чэрвеня 1943 года цёплым летнім днём.
Арыштаваных — усяго 43 чалавекі (з пясчаніцкімі: іх немцы ўжо не адпусцілі, як хлопчыкі ні прасіліся!) — пасадзілі на падводы, ад-дзельна мужчын ад жанок, ды накіраваліся на конскія могілкі. Зараз сюды прывозілі на расстрэл уцекачоў з лагера ці — беглых з Германіі.
Прыбыўшы на мееца, немцы скінулі з фурманкі лапаты і павялі частку мужчын капаць яму. Афіцэр наском бота адкрэсліў на пяску квадрат — шэсць метраў на два, гыркнуў папоўцам, каб браліся за работу, ды пайшоў ставіць салдат у ачапленне. Размясціўшы сваіх немцаў, астатніх папоўскіх мужчын паклаў адзін да аднаго ўпрытык носам на зямлю, рукі загадаў ім узняць на патыліцу ды паставіў над імі аўтаматчыкаў. Малады афіцэрык рабіў усё без лішняй паспеш-лівасці, але ўпэўнена, рашуча,— як чалавек, які ва ўсім гэтым мае вопыт і ведае толк. Па ім было відаць, што немец паспытвае ціхую радасць за сваю сумленную стараннасць ды ад таго, што ўсё ідзе покуль што як належыць.
Папоўскія мужчыны, здавалася, капалі яму вельмі звычайна і без нервознасці, але што ў іх было на душы, апісаць не бяруся. Пэўна адно: не адзін з іх цяпер, вядома, касціў сябе за тое, што займаўся самаашуканствам, слухаўся жонкі і не спрабаваў шукаць ратунку, калі яшчэ было магчыма. Толькі на краі магілы яны выразна ўбачылі: можна ж было параспіхваць дзяцей, жонак па сваяках і знаёмых у суседнія вёскі, а самому ісці — куда хочаш. Цяпер заставалася здаволіцца тым, што жыццё сваё яны скончаць разам з сем'ямі. Зрэшты, гэта было не так і мала. Толькі ў падобных сітуацыях чалавек здольны адчуць: роднасць мае сілу большую за смерць.
Акружаныя паліцаямі жанкі з малымі ў гэты час чакалі свайго жахлівага моманту ў хваінках. З застылымі слязамі на вачах жанчыны стараліся забавіць малых, давалі ім з бутэлечак малако, паілі вадой, адна з адной развітваліся, старыя маліліся, і ўсе — як бы набіралі духу перад канцом.
Цяжка паверыць, але некаторыя дзеці, утккуўшыся мацяркам у прыпол, самым звычайным чынам... спалі.
Знаёмы Дзянісікам пажылы салдат, пашаптаўшыся з маладым афіцэрам, накіраваўся раптам да кабет. Усе замерлі, бо падумалі — немцы будуць іх гвалціць.
Вось каска салдата металам зазвінела аб цяжкія галінкі сасон-ніку, заскрыгаталі на жвіры цвікі яго падэшваў, і немец апынуўся каля іх.
З цеснага жаночага клубка салдат за руку вырваў Лену, піхнуў яе ў сасоннік, загадаў:
— Вэг!
Заплаканая дзяўчына няўцямна паўзіралася на немца, на сваіх.
— Вэг! Р-р-раус!..— зароў ужо салдат ды замахнуўся прыкладам.
Жанчыны салдата зразумелі першыя і дружна падхапілі:
— Ён цябе, мусіць, адпускае!.. То ідзі-і!..
— Я адна не хачу-у!..
— Ідзі-і, Леначка, ідзі-і!.. Ратуйся хоць ты і будзь шчаслівая!!
— Шчэ пясчаніцкіх хлопчыкаў адпусціце! — пракрычала немцу Майсачыха.— I ўсіх нашых малых!..
— Фэрфлюхтэ руссэ!!.— з грымасай пакрыўджанага дабрадзея, які пакутавае з-за свайго характару, салдат са здзіўленнем паціснуў плячыма, бытта сказаў: «Ты глядзі, а ім, выходзіць, гэтага яшчэ мала?!.»
Дзяўчына знікла, а жанчын бытта прарвала. Яны сталі галасіць, абзываць немцаў катамі, вылюдкамі і зверамі. Паліцаі прыняліся ма-лаціць іх прыкладамі. Мужчыны з лапатамі кінуліся жанкам на пад-могу. Афіцэр падаў каманду — салдаты адкрылі страляніну і навялі парадак.
Праз паўгадзіны магіла была гатовая.
Усім загадалі распрануцца, вопратку класці мужчынам асобна ад жанчын, збоку ставіць абутак, а яшчэ далей — акрываўленае адзенне. Мацяркі выпрасілі ў афіцэра дазволу ды сыры халодны пясок у яме выслалі цёплымі хусткамі, на іх паклалі сонных дзяцей, пасадзілі большых ды, як наседкі, падабралі малых пад сябе. Зверху жанок абнялі мужыкі (калі мой бацька з матчынымі братамі потым іх раскапалі, каб перахаваць на могілкі, целы так і ляжалі, а зверху ўсіх — дзядзькі Юляк і Волесь).
Стралялі папоўцаў у патыліцы, спіны. Над страшнай крывавай бойняй зноў узняўся жаночы лямант, але паступова згас.
Па немцаў неўзабаве прыкаціла брызентавая буда.
З кабіны выбраўся тоўсты фельдфебель з каністрай і адмераў салдатам па кубачку шнапсу, выдаў па кавалку каўбасы. Тады афіцэр папёр паліцаяў звалакчы ў яму і тых, каго забілі ў час страляніны, прысыпаць папоўцаў пясочкам, і пазабіраў лапаты. Затым ён па-садзіў салдат у кузаў, і грузавік ад'ехаў.
Паліцаі адправіліся ў Гарадок на ровэрах. У мястэчку ў гэты дзень яны пахваліліся, што, калі папоўцаў засыпалі, яшчэ варушыўся пясок ды выразна было чуваць, як у яме пішчыць дзіця.
Читать дальше