Паліцай сцішыў голас:
— Бо загад быў такі, грамадзяне суддзі!.. Што вы ад мяне, прос-тага чалавека, хочаце? Пытайце ў начальнікаў!.. Я пры паляках слу-жыў панам, а прыйшлі немцы, і пры іх стаў служыць! Што загадалі, тое і рабіў, хіба ж я вінаваты ў гэтым?
— Шчэ адзін сірата! — рэпліка з залы.
У час перапынку выйшаў я ў калідор. Прабіраючыся цераз шчыльны натоўп узбуджаных гараджан, я пашукаў паліцаяў, каб пагаварыць з кім-небудзь з вока на вока. Не цярпелася даведацца, як цяпер такі чалавек адносіцца да страшнага перыяду сваёй біяграфіі і да сваіх учынкаў, бо не толькі важна, якую кару адмерае яму наш закон, самы галоўны суддзя чалавеку — ён сам.
Я доўга не мог знайсці патрэбнага мне сведку. Нарэшце ля туалета, у падвале, надышоў я на сходку якіхсьці людзей. На бочках ад піва і тары з-пад бутэлек сядзелі ні то грузчыкі, ні то землякопы. А былі яны ўсе якіясьці памятыя, шэрыя, невыразныя з твараў; цьмяныя вочкі гэтых мужыкоў неспакойна бегалі па баках.
Прыгледзеўшыся лепш, я раптам пазнаў нядаўніх сведкаў-паліцаяў — тых, хто былі на свабодзе. Тут ім ніхто не перашкаджаў, яны былі самі сабой і спакойна гутарылі. Я хутчэй выцягнуў блакнот, ручку і шмыгнуў у цень.
— Не выпусцілі б тады гэтай дзеўкі з «сінімі кішачкамі» жывой, і зараз не было б каму на нас капаць! — сцвярдзіў «сірата».
— Ды трэці ўзвод якраз кінуўся сцягваць барахло з бабаў! — з абурэннем дадаў яго сусед.
— Бытта не паспелі б! — заўважыў той, хто казаў «...ішлі, ішлі і бачым — вёска. Падпалілі...».
А незнаёмы мне паліцай, паказанні якога я правароніў, пахваліўся:
— Адзін наш Кнап у той час аказаўся на вышыні! Мішка хапіў «дзягцяр», упаў каля пня і з двух дыскаў паклаў усіх... Потым немец нас паслаў дабіваць тых, хто шчэ варушыўся!..
— Ну! Загадаў — і куды дзенешся?..
— I трэба ж было ёй чапаць гэтую спадніцу! Было там на што глядзець, было б у яе што прыкрываць — адны жылы! — абураўся забойца.— А скажы, халера, якія гэтыя бабы жывучыя — бы тыя кошкі! Ідзі, заткні цяпер ёй рот!..
— Чаго яны тут да нас чапляюцца? — абураўся нехта невідочны для мяне.— Мы падстрэлілі там адно пару чалавек, астатнія былі ўжо ўсе трупы, праўда, братва?.. Няхай Кнапа цяпер і судзяць за яго работу!
— У «бляшанай шапцы», пхі-хі!..
— А я скажу вам от што — па савецкаму закону за адну справу два разы не судзяць! Нас жа судзілі ўжо пасля вайны, і мы сваё адпакутавалі! Хто ім дасць права парушаць савецкія законы? — з глыбокім перакананнем пытаўся яшчэ нехта.
I тут яны толькі ўбачылі мяне ды спалохана змоўклі.
— Не рабей, рабяты! — са штучнай бадзёрасцю кінуў «сірата» ды палез у кішэню: — Давай закурым!
Гэтыя тыпы яшчэ нават цяпер былі тымі самымі паліцаямі. Іх не грызла ніякае сумленне, а мучыў толькі жывёльны страх за свае шкуры.
Пра што з імі гаварыць?
1
Маміны дзядзькі — Волесь і Юляк — жылі ў маленькай вёсачцы Папоўцы.
Яна ляжала ад майго Страшава на палавіне дарогі ў Беласток. Ад нас да яе было аж дваццаць кіламетраў, таму маміных сваякоў перад вайной даводзілася бачыць рэдка.
Браты аднойчы прыехалі на вялікдзень у госці. Папоўскія бабы адразу адправіліся на кухню да мамы хваліцца дзецьмі, а мужчыны засталіся на падворку. Юляк з бацькам прысеў ля калодзежа на цэментавую балейку і павёў размову пра палітыку. Затое сухі і вы-сокі, як дрыль, яго старэйшы брат пачаў жыва ды голасна, каб чулі нават суседзі, правіць нам, як у «царскую» вайну ён абдурыў генерала, а такі быў стралок з вінтоўкі, што «з калена» біў і зайцаў.
Маміны дзядзькі ад'ехалі, і бацька даў ім такую апінію:
— Юляк — хлапец фартовы і — «сімпатык»[ 33 33 Так у Заходняй Беларусі называлі тых, хто дапамагаў падпольшчыкам, не будучы членам кампартыі.
] А Волеся адно слухай. Ён табе нагаворыць — «сем вёрст да нябёс і дарога усё лесам»! А наогул — і ён чалавек людскі.
Калі зусім пацяплела ды зазелянела трава, бацька прывязаў да воза гадавалую цялушку, пасадзіў у палукашак мяне з братам, і ў госці да маміных дзядзькоў адправіліся цяпер мы.
У Папоўцы я налічыў усяго шэсць дамоў. Паводле надпісаў над вокнамі, у пяці жылі Дзянісікі, а ў самай крайняй хаце — сям'я Майсакоў.
Вёску з трох бакоў ахінаў Жэдненскі лес, да чацвёртага — прытыкаў роўны прасцяг поля з балоцечкам. На балоцечку пасвіліся каровы, і там прабягала грэбля шашы Беласток — Ваўкавыск.
З братам мы ўзяліся распрагаць каня, а бацька з Юлькам прыселі на бервяно ды сталі адразу «палітыкаваць» зноў. Выйшла з пінжаком адно крыху маладзейшая за нас дзяўчынка, загадала:
Читать дальше