Якраз надышоў на такое...
Сам бачыў, ага?! Паслу-ухай адно, Лаўрэне, раскажу табе шчэ лепшае дзіво! Дзісь на ранку адзін такі прахвост падаў слану бутэльку пустую — шкляную бутэльку, ці дасі ты веры? Выпіў, гіцаль, тут піво ды падаў, уяўляеш сабе? Нашаму Сураку толькі сёмы рок, шчэ зусім-зусім дурненькі, хоць і выгнаўсо, бы тая цыстэрна, і жарэ ў дзень ведаеш сколькі? То паслухай! Аднаго хлеба — дванаццаць буханак! Восемдзесяць кіляў травы ў трыбух набівае, трыццаць — буракоў...
Адзі-ін?
Во, а ты, Лаўрэн, веры не даеш! Ды дзівішса! Хібо ж гэто ўсё? Шчэ кожны дзень яму паўтары пуды бульбы даем! Па шэсць кілі капусты ў вантробу бічкуе! Аўсянкі з гарохам, вотруб'я і аўса чыстаго ды першагатунковаго, і аж два пуды зялёных галінак валім пад нос! I ўсё-ўсё есць — аж за вушамі трашчыць у яго! А цукру сколькі жарэ — жартачкі, такая гара цела!
Жанчына паказала на свайго любімчыка, які зводдаль цераз сталёвыя бэлькі звесіў зморшчаную халяву хобата ды рахмана міргаў светлымі вейкамі з рэдзенькім іглістым шчаціннем і нібы з цікавасцю прыслухоўваўся, што пра яго гавораць. Сонька са здавальненнем паўзіралася на выхаванца, тады — на земляка і пасмакавала, якое ўражанне зрабіла яе інфармацыя.
Вытрымаўшы паўзу, прадоўжыла:
Ну, во! Выжлукціў перад клеткай тое піво і бутэльку падаў! Малады наш дурань хобатам за шыйку яе хапіў, пяткай трахнуў аб цэмент ды панёс жывыя, бы агонь, вострыя асколкі сабе ў рот, ці дасі ты гэтаму веры, га? Як убачыла ўсё я, так і струхлела — на аман амярцвела! Ах, бо-ожа ты мой, сколькі наеласа страху — думала, памру! Добро, што якось тую шыйку паспела вырваць у апошні момант, бо Сурак рахманы, бы іншая карова!
Зямляк аж зацокаў языком.
А зараз падыходжу да клеткі, каб пачысціць малпоўнік, і што ты тудамеш? Бачу другого абармота!
Успомніўшы, бабуля аж хапілася за шчокі:
А-а, дак ты ж яго, Лаўрэне, ведаць павінен! Напэ-эўно ведаеш! Шпакоў Здэнак — сын нашаго Васіля, што да войска з табой за палякамі прызываўса, а потым зарэзаўсо касой у сваім хлеўчыку над Нёманам. Малады Шпак з адной развёўсо і ўзяў другую. Але піць не пераставаў, покуль і тая жонка гуляцы не дала каленам пад зад. Бо цяперашнія бабы, скажу табе, Лаўрэне, па шчырасці, не такія пакорныя, якімі былі калісьці мы, дурніцы! Ха-а-а, Лаўрэн! Цяпер, калі мужык надто п'е і ніякія ўгаворы ўжэ не дапамагаюць, баба такого прапірае — авэк з хаты, і ўсё! Каб нават не смярдзеў! Таму і разводаў цяпер столькі — і на вёсках ужэ.
Хвіліну яна прыпамінала, што хацела сказаць.
Ага! Вярнуўса Здэнак з Поўначы, грошай поўныя кішэні, то во ходзіць і распускае іх, гунцвот, замест таго каб дзецям што купіць — у яго ж іх двое! Па бацькавай лысіне ў апошні момант пазнала! I бачыш, ад няма чаго рабіць шымпанзіху ўздумаў нам угробіць ды шчэ кажа — яму амоцыю паказуваю! А што ён, валацуга стары, хацеў бы ад мяне бачыць, га-а? Па галоўцы за такое гладзіць? Вярблюда з канарэйкай прыплёў ні к сялу ні к гораду, абы зубы загаварыць!
Пад'юдзіць цябе спрабаваў.
Я і кажу! А людко-ове, які цяпер свет настаў! Скажы, як нам жыць з імі?!
Лаўрэн спачувальна толькі паківаў галавой. Праз хвіліну ўспомніў:
Слыш, а як вы пантэру тую злавілі — гэто ж не кошка?!
Багі-іру? О-о, і задала ж яна нам амбарасу! Нават з міліцыяй кожны куточак у заапарку абшарылі, і — ніц! Далі аб'яву па радзіву, па цілівізару, то лепш бы яе і не давалі! О-ой, людко-ове, як пачалі, як пачалі-і адусюль званіць і дакладуваць, а ўсё — няпраўда! Бо ўбачыць хто дзе ката ці сабаку і бярэцца нам круціць — ціліфонаў цяпер поўно! А пад вечар учора наш дырэктар гутарыць па ціліфоне з адным такім круцільшчыкам. Вядзе гутарку, вядзе, але штосьці яго цюкнуло кінуць вокам у акно. Кінуў ды вачам сваім не даў веры! Падумай — каля самюткай прахадной будкі з-за мосціка вусатая мысачка выглядувае! Ну, паказалі мы для Багіры клетку — адразу і пайшла ў яе.
— Сама-а?
Вядомо! А чаго ж ты дзівішса? Выгадаваны ў няволі драпежны звер, Лаўрэне, жыць на свабодзе не можа нават і мінуты — у клетку ад свабоды ўцякае адразу.
— Што ты ка-ажаш?!
— Дальбо, праўда!
Лаўрэну нагадаліся ўцёкі з турмы рэцыдывістаў, і яго вельмі ўразіла падабенства выпадкаў.
У 19З9 годзе, адразу пасля ўз'яднання, мужыкі з панскімі парабкамі падзялілі Вішпінгаў маёнтак. Адзін парабак панскіх надзелаў браць не захацеў, як яго ні ўгаворвалі. З памешчыкам на Захад уцёк і потым, казалі, у яго лёкаем служыў...
Успомніўшы цяпер даўняе, Лаўрэн і ў гэтым выпадку ўбачыў падабенства. Толькі ў чым яно выяўлялася, вытлумачыць сабе не мог. Ужо праразалася думка, што ў гэтую хвіліну цьмяна і неакрэслена брадзіла, ужо цьмяную тую нітачку, здавалася, лавіў, а яна ўсё не паддавалася — хоць ты што хочаш рабі.
Читать дальше