Але найбольш яго прыцягваў, як магнітам валок да сябе, зубр — уладар лясных гушчароў ды краса наднёманскіх пушчаў, аб якім, як Лаўрэн сябе памятаў, на вёсцы адно і гаварылі — з захапленнем ды з пашанай.
2
Памалу дзед з унукам прытэпалі на месца.
У акенцы касы Лаўрэн купіў білет і накіраваўся да аблюбаванага вальера. Нібы адразу апынуўся ў сябе ў аборы ці стайні з мілым сэрцу цяплом ад каровінага дыхання ды моцным, як спірт, пахам аміяку і гною.
Спаткаўшыся з суровым позіркам вялікіх чорных вачэй, Лаўрэн адразу ажывіўся, павесялеў і закрычаў зубру:
— Здароў, кавалер!
Здароў! — падхапіў унук дзедаву гульню ды запусціў у звера каменьчык:
— Бум-м!
— Усё цябе не пускаюць? А-а, бедны, сядзіш тут і сядзіш у гэтым катуху! Вядома, табе падавай прастору — паляны ды пушчы падавай, я цябе добро ведаю! Але ж ніц ужэ не зробіш, калі папаўса! Цярпі, браце, бо гэто — надоўго! Цяпер вэндзіцца табе тут і вэндзіцца ўвесь свой зубровы век, хочацца табе ці не хочацца!
Лаўрэн спахапіўся:
Ах, шкада, Ігар, хлеба з табой не захапілі!
Бум-м!
I як гэто, Ігар, мы далі маху?
Дзеду, а якая ў яго го-орба на пляча-ах!
Што-о ты, уну-учак,— волат! Шчэ глядзі, які ў яго перад моцны! А якое падгарле!
А чаму-у?
Бо ўся моц там сядзіць — во чаму! Халера, сілы ў ім, мусіць быць, столькі, бы ў добрых дзесяцярых коней, не менш! Пэўне будзе! Нават тыгр і слон адчуваюць яго моц і вельмі баяцца — па тэлевізары нядаўна выступаў дрэсіроўшчык Ціханаў і казаў пра гэто! I ўся сіла без карысці тут марнуецца!.. А які хітры, каб ты, унучак, адно ведаў!
Бум-м! — малы пацэліў у звера трэцім каменьчыкам.
А ўпарты! Па дарозе трапіць яму бяроза, ён яе не абмінае — ого! — як танк, падло, падміне пад сябе і — пайшоў! На балоце знойдзе стажок сена, то па парадку есці пе стане — дзе ты бачыў! Бо ведае, гіцаль, што зверху ад сонца і дажджу выцвіло, таму мало пажытку з такой ежы! Усадзіць сваю булаву аж па самую грудзіну, адным махам такі стажок разверне і свежанькае сянцо, бестыя, сабе выбірае!
Чаму?
Бо не дурны!
Бум-м! — паляцеў чацвёрты каменьчык.
А яшчэ старыя людзі апавядалі — перапыніць у лесе фурманку, папрэ з воза ездака ды выбірае з палукашка, што смачнейшае! Ты са траху на бярозе сядзіш, ляскаючы зубамі, а ён конскую торбу разрывае. Тады рассыпае аброк ды носам — чмых! чмых! чмых! — сечку выдуе ўсенькую і авёс выесць падчыстую — языком нават выліжа! Язык у яго жорсткі — бы рашпіль! А коні яго баяцца, Ігар, ой як баяцца,— страх!
Ён іх есць?
Дурань! Можа падчапіць сваёй рагацінай каня пад жывот ды кінуць за сябе — гэто просто для яго! Трактар у злосці перакуліць можа! Самы сільны звер на зямлі, унучак! Бегае як ды надто матацыклаў не любіць, а калі дагоніць — амба таму!
Дзеду, а во — другі!
То — бізон.
Ён — кепскі?
Зусім не тое! Э-э, зусім! Хай амэрыканцы схаваюцца з ім!
Чаму?
А прыглядзіса сам — сключаны ўвесь, бы стары дзед! Галава зусім не тая! Дый намного меншы! I падгарле зусім не тое! Такі трактара не перакуліць — ні-ігды не пераверне!
— Бум-м!
Ты што робіш, галэпус? Шчэ зазлуе!
А я яго не баюся — ён у клетцы!
— Дурню яловы, што значыць для яго гэтая клетачка, калі такая гара і дубы валіць! Лбом пад прэнцікі садане, і яны пырснуць ды паразлятаюцца, што запалачкі, ва ўсе бакі! Тады, унучак, будзе нам тут абодвум!
Малы раптам страціў да звера цікавасць.
Тым часам дзед не супакойваўся:
А твая, Ігар, баба Ніна, калі мама з табой яшчэ цяжарнай хадзіла, у суседак зубровы пояс распытувала, каб ты здаровенькі нарадзіўса.
А дзе пояс цяпер?
Гм, дзе...
Падумаўшы хвіліну:
Адно не памятаю ўжэ — пазычыў тады хто з бабаў яго нябожчыцы ці Нінка так пояса і не знайшла... Не, хоць страляй у мяне, а прыпомніць не магу... А каб ты ведаў, якія пацешныя малыя зубраняткі — бародкі і рожкі, як у чарцянятак, шэльмоўскія мысачкі, лахматая поўсць, і сабака туды не залезе, куды ўваб'юцца яны!
Гэта ўнуку здалося нецікавым.
Ы-ы-ых, дзе-ед, а там што, глянь!
Каля малпоўніка тоўпіўся народ — пераважна школьнікі ды дзеці з бабулямі і мамамі. Сярод квяцістага тлуму рагатаў ды корчыў з сябе блазна чырванатвары лысы мужчына. Дзеці таксама смяяліся — нерашуча, стрымана.
Дзе-ед, хачу туды-ы, ідзё-ом!..
Усё азіраючыся на вальер з зубрам і надта шкадуючы, што і дробную частку не паведаў унуку з таго, што ведае пра звера, Лаўрэн неахвотна павалокся за малым.
3
За густымі кратамі — шымпанзэ з цыгарэтай. Прысеўшы на пянёчак, малпа, бы заядлы курыльшчык, зацягвалася дымам, пацешна пускаючы яго ўверх. Ад задавальнення аж стагнала:
Читать дальше