Лаўрэн з крыўдай на сэрцы адчуў, што для хлопцаў сваіх больш не існуе. Гэта калісьці бытаваў з імі адной сям'ёй, і ўсе тады разумелі адзін аднаго з паўслова. Але ж тое было надта даўно — ой, даўно. По-тым хлопцы адпачкаваліся, сталі жыць па-свойму, а ён ездзіў у госці і толькі назіраў. Хай сабе было б і далей так. Ды во — да яго завіталі самі і зрабілі гэтак, што адчувае сябе ўжо госцем ва ўласнай хаце.
Чорныя цельцы, памерам з гурок, аж блішчаць ад глянцу, а лычыкі, халера на іх, ды пярэднія лапы лапаткамі — ружовыя, бы ў сытых грудных дзяцей! Ах вы, паразіты, што мне з вамі зара рабіць? Зноў чухаю макаўку. Якраз стаяла пустая бочка пад акапам хлеўчыка і трапіла на вочы. Я тых кратоў — пац! пац! — туды пакідаў. Праз два тыдні прыгнаў машыну з Горкаго, заглядваю — пакойнічкі. Во, маеце за сваё! I цяпер агарод расце — ы-ых, расце, аж буіць, хар-р... адно хар-р-р...
Язык у Франака раптам пачаў заплятацца, але ён знайшоў выйсце — цяжкія для вымаўлення словы пачаў дзяліць.
Толькі, ха-ле-ра, маці кожны вечар прэ паліваць, а гэто мне — нож у сэрцо самае! Маці стар-рая, то стар-рая, але помніць добро, дзе ў яе што па-са-джа-но! О-о, добро помніць, тут яе не пераплюне ніхто! Ведае, што і калі трэ рабіць — пас-прабуй не пас-лу-хай-са, і такі ўзды-ме адра-зу ў хаце тар-ра-р-рам, што шыбы задзвэнгаюць і ты рады не будзеш! Але мне трэ ўжэ ісці!
Тады — аглаблёвы!
Давайце каўтнём!
Ні адзін чалавек сіл сваіх не ведае, покуль яму не спатрэбяцца. Затое тады не можа з сябе надзівіцца, які цярплівы і дужы. У гэтым не раз пераконваўся і Лаўрэн. Але якім бы цярплівым ні быў, а вы-трываць кампанію гэтых вясёлых «сваячкоў» больш не змог нават і ён.
У Лаўрэнавай галаве цясніліся зноў нявыказаныя словы крыўды, але ён устаў, нічога не кажучы, абышоў стол ды, не заўважаны нікім, павалокся непаслухмянымі нагамі на двор.
1
Маладыя дамовіліся афармленне пачынаць з панядзелка і пад вечар сабе паехалі.
На развітанне ўнучка папрасіла:
— Дзеда-а, хутчэй да нас прыязджа-ай! У кіно з табой пойдзем, бо мамка нас з Ігарам адных не пускае! З Інкай Пятровай жыве дзед, то ім можна марожанага есці — сколькі Інка з брацікам хоча! З горкі з'язджаць могуць і нават па лужах шлёпаць! Прыязджа-ай, дзеда, мы будзем чакаць!
А ноччу ўнучка снілася.
Затым Лаўрэну здалося, што ляжыць у ложку з Нінай. Ад поўнага і мяккага яе цела зрабілася яму вельмі горача, але і прыемна. Стаіўся, каб прыемнасць прадоўжыць. Жонка капрызна, бы дзяўчынка, папрасіла:
«Ты-ы. пачухай мне пле-ечы!»
Лаўрэн аніяк з-пад сябе чамусьці не мог выняць рук.
Бытта іх хто звязаў! I жонка ўжо з прытворнай нездаволенасцю, як Нінка гэта часамі любіла рабіць, накінулася:
«Шчэ і мармыча! Э-э, маруда ты старая, не калупайса, бы сляпы ў торбе, хутчэй, бо свярбець перастане!»
Тут ён і прачнуўся ды вельмі пашкадаваў, чаму ўсё адбылося не наяве.
У гэты дзень настала нядзеля. Лаўрэн хвіліну паваляўся ў ложку, паўспамінаў прыемны сон, цяжка ўздыхнуў ды прымусіў сябе ўстаць, хоць было яшчэ даволі рана. Для гаспадара, каторы стане цяпер тут жыць, мусова было ў агародзе прарэдзіць моркву, абматыкаваць ды падвязаць да колікаў памідоры: ну і што, калі есці будуць іншыя людзі — паміраць збірайся, а жыта сей.
Яшчэ трэба было насекчы бацвіння, прысыпаць мукой ды накарміць парсюка, каб не пішчаў, заадно і сыпануць што-небудзь курам. Пару штыкецін меўся прыладзіць, бо выпадалі з прасла — свінні лычамі выважылі.
Падняўся і таму рана, бо гэтак уставаў усё жыццё — іначай не мог. Так уставаў і да калгаса. Потым, калі выбралі старшынёй, затым, як узялі на ферму падвозчыкам, навалілася на яго столькі клопату, што не хапала і дня.
Неўзабаве ўвялі тэхніку.
Аднак і па-ранейшаму людзі не сядзелі склаўшы рукі. Вакол Лаўрэна, бы тыя мурашы, увіхаліся зялёнадалінцы, заражаючы дзейнасцю і яго. Не заўважаў нават, як надыходзіў і вечар. З Нінай яны на гэта крыўдаваць і не думалі, бо зазубрылі сабе з малога, што кожны чалавек нараджаецца двойчы: калі выбіраецца з чэрава маці на божы свет і калі ўцягнецца ў нейкую справу. А ўцягнутыя абое былі ў справу незвычайную.
Нялёгкая сялянская праца — не пазбаўленая элементаў рызыкі, бо залежыць і ад надвор'я, насення, пары года, інтуіцыі, нават — звычайнага чалавечага шчасця. Менавіта таму і фізічная праца часта бывае творчай, бо справа не ў фізіялогіі работы, а ў тым, ці нясе ў сабе навізну дзеяння альбо складаецца з адных паўтораў.
Работа іх ап'яняла, а дзень кожны рабіла да краёў напоўненым ды значным. Лаўрэн тады быў упэўнены, што ва ўсім свеце не магло быць занятку больш важнага і цікавага, чым — яго. Пад вечар агортвала адная прага — хутчэй дапасці да пасцелі і забыцца да раніцы ў салодкім сне, каб заўтра акунуцца па самыя вушы ў любімы занятак зноў.
Читать дальше