Палкоўнік не вылез з машыны, адчыніў толькі дзверцы i паклікаў пальцам да сябе падпаручніка.
— Чые? — строга запытаў.
— Шостага грэнадзёрскага палка, ваша высокаблагароддзе,— казырнуў i аддана выпаліў той. Відаць, зусім нядаўна прыехаў сюды, бо быў чысценькі, адпрасаваны, бадзёры, яшчэ без змучанасці, што былі ўжо не толькі ў салдат, але i ў афіцэраў, якія ваявалі з першага дня вайны i за гэты час удосталь сербанулі ліха. Гэты, канечне, прагнуў сутычак з ворагам, подзвігаў, узнагарод, але ў сапраўдных баях яшчэ не быў.
— За што арыштаваны салдаты?
Тыя — адзін высокі i вусаты, другі малы ростам i бязвусы, абодва ў зношаных шынялях i абутку, маршчыністыя, загарэлыя, але з блеклымі вачыма — абыякава адвярнуліся і, моршчачыся, адрачона пазіралі ўбок.
Хадзілі да варожых пазіцый i абменьвалі хлеб на табак i гарэлку, ваша высокаблагароддзе.
— Жах! — выкрыкнуў у гневе палкоўнік,— I гэта— грэнадзёры! Любімцы яго вялікасці! Што ўжо гаварыць пра іншых?!
— У суседзяў, ваша высакаблагороддзе, яшчэ горш. Салдаты ходзяць да непрыяцеля ў госці i прымаюць непрыяцельскіх салдат. Вядуць антываенныя размовы, дэзерціруюць...
Палкоўнік змаўчаў, толькі рэзка адкінуўся — ад натугі ды злосці аж пачырванелі яго вушы i шыя.
— Вядзіце арыштаваных, падпаручнік,— буркнуў ён не ў меру шчыраму маладому афіцэру і, не зважаючы на яго казыранне, ляпнуў дзверцамі, кіўнуў шафёру, каб ехаў далей. Не налічыў патрэбным ні з падначаленым, ні з цывільным Васілевічам гаварыць пра толькі што пачутае, сядзеў надзьмуўшыся як індык, толькі час ад часу нервова i дакорліва хітаў сам сабе галавой.
Васілевіч таксама не сказаў ні слова, хоць у яго аж зрываўся з языка кпін на «любімцаў яго вялікасці», «сапраўдных рускіх воінаў». Стрымаўся. Ведаў: з вайскоўцамі, ды яшчэ высокага чыну, жартаваць не варта. Ды яшчэ ў т а к i час пра т а к о е армейскае!
3.
Калі справіў клопаты ў штабах Першай i Другой грэнадзёрскіх дывізій (пра фураж i харч для арміі) i вяртаўся назад, Васілевіч міжволі наткнуўся ў вёсцы Вольная на сходку.
На сонечным двары вялікай казармы-акопа, рассеўшыся абапал некалькіх радоў даўжэзных дашчаных сталоў, палуднавала, відаць, сама меней паўроты. Салдаты i унтэр-афіцэры ca смакам сёрбалі суп (гарохавы, як пасля агледзеў Васілевіч). Афіцэраў побач з імі не было. Яны, канечне, пайшлі ў сваю сталоўку.
З краю пляца, пасярэдзіне, стаяла некалькі вайскоўцаў. Але прышлых, як адразу было відаць. Яны перакідваліся жартоўнымі рэплікамі з тымі, хто сядзеў i палуднаваў — раз-пораз чуліся па-мужчынску залівістыя i здаровыя ўсплёскі смеху.
Калі падышоў блізка, Васілевіч заўважыў: сярод афіцэраў i салдат, якія стаяць, знаходзіцца i яго мінскі знаёмы, статыст Міхайлаў. Бачыў ужо не раз i тых, хто быў побач з ім, ды толькі не ведаў усіх па прозвішчах. Толькі вось падпалкоўніка, які стаяў побач з Міхайлавым, запомніў: Каменшчыкаў, з мясцовага палка.
Міхайлаў — сярэдняга росту, каржакаваты, не то з шэрымі, не то з блакітнымі вачыма, з каштанавымі вусікамі, у афіцэрскай форме, але без пагонаў — найбольш i жартаваў з салдатамі. Ён, як ужо ведаў Васілевіч, умее спачатку праз пацешкі ды кпіны, а пасля i ўсур'ёз распытаць ці расказаць усё, што трэба. Вось услед за іншымі зірнуў на яго, здаецца, паказаў сябрам нейкі супакаяльны знак, махнуў яму для прывітання рукой i зноў павярнуўся да салдат.
— A які, хлопцы, апетыт?
— На апетыт не скардзімся, ды абед не ахвоць...— адказаў вусаты пажылы салдат, які сядзеў насупраць. Відаць, «стары» альбо прызыўнік другога разраду.
— A ў суседніх, не ў прывілеяваных, часцях, увогуле па ўсім фронце амаль няма хлеба i мяса,— пахітаў галавою Міхайлаў.— Даюць гнілую воблу, поснае чачавічнае пойла...
— I ў нас, вашблагародзь, не густа. Гарошына, жырынка не могуць знайсці адна адну...
— A калі яшчэ паўгода, год ці болей пасядзім у акопах, дык не будзе ні гарошыны, ні жырынкі...
— Што праўда, то праўда, вашаблагародзь... — уздыхнуў вусач.
«Бач, як спрытна, праз салдацкі жывот, дабіраецца да душы...— падумаў Васілевіч.— I гэтыя размовы — не размовы земца...»
— Ваша высокаблагароддзе,— падняўся з-за крайняга стала i павярнуўся да падпалкоўніка Каменшчыкава пажылы фельдфебель.— Асмельваюся заўважыць: гэта — зусім непажаданыя для фронту, азбуральныя размовы... I вы, як старэйшы па званні, асмелюся заўважыць, павінны спыніць ix...
Міхайлаў зірнуў на «вернага служаку» пагардліва, а потым з запытаннем акінуў красамоўным позіркам салдат: што — не хочаце гаварыць пра свае беды, жадаеце i далей карміць у акопах вошай?!
Читать дальше