«Праклятая вайна! — ішоў i гарэў ад гневу, болю.— Хутка ўжо тысячу дзён мучыш, губіш свет...»
2.
Пад абед Васілевіч выйшаў з цягніка на невялікай станцыі Пагарэльцы Аляксандраўскай чыгункі, непадалёку фронту, пад Баранавічамі.
На расчышчаным ад снегу, шчодра аблашчаным сонцам, цёплым тупкім пероне яго, як i іншых пасажыраў, сустрэў вайсковы патруль, праверыў дакументы, а на станцыі ваенная камендатура дала яму часовы пропуск, каб яго пусцілі туды, дзе стаялі першая i другая дывізіі патрэбнага Грэнадзёрскага корпуса. Праўда, сёння i тут адчуліся петраградскія «чрезвычайные обстоятельства»: яго старанна абмацалі з ног да галавы, шукаючы крамольных папер. Капітан, які аддаваў загад фельдфебелю абшукаць, так i запытаў: «Подстрекательских бумаг, листовок, воззваний не везете?» Праўда, знаёмы пісар, выпісваючы пропуск, зычліва падказаў, што можна пад'ехаць — на аўтамабілі палкоўніка ca штаба корпуса.
Гэты аўтамабіль стаяў за старой i пахіленай драўлянай агароджай станцыі, паблізу ўзброенага вартавога. За рулём ваеннага легкавіка сядзеў малады, з заліхвацкімі вусікамі прапаршчык i чытаў тоўстую, абгорнутую газетай кнігу. На Васілевіча зірнуў пагардліва, буркнуў, што ўзяць пасажырам без дазволу не можа. Яго ж начальнік, пажылы, арыстакратычнага выгляду палкоўнік, заявіўся тут не хутка, калі Васілевіч ужо i патаптаўся, i абгледзеў да драбніц некалі далёкую i невядомую, а цяпер слынную для ўсёй Расійскай імперыі станцыйку — вузкія, доўгія мурзатыя склады, штабелі шпал i рэек, блізкі бярозавы гаёк i сасновы лес за ім, дзе, як ведаў, стаяць зеніткі,— нагледзеўся, як з радасцю смакуюць галубы талую ваду ў невялічкай лужыцы пры шпалах.
Палкоўнік паблажліва i зверху зірнуў на яго, невысокага, ды на ягоны злямчаны капялюшык i старое паліто, як можа пазіраць напоўнены армейскай уладай i самалюбствам вайсковец высокага чыну на розных «лайдакоў» — цывільных, якія «мала сочаць за сабой, разбэшчаныя i сапсаваныя людзі». Махнуў рукой на задняе сядзенне («Садзіся!») i пасля, калі паехалі, маўчаў. Васілевіч толькі пазіраў на яго падпацелую спадыспаду фуражку i шынель, на бялюткі каўнерык i маршчыністую, але гладкую, файна выгаленую шыю.
Па сваёй службе Васілевіч не быў у Трэцяй (штаб у Полацку) i Дзесятай (штаб у Маладзечна) арміях, але вось сюды, за Стоўбцы i пад Баранавічы, у Другую армію (штаб у Слуцку), прыязджаў досыць часта, дык ужо ведаў, якія стаяць тут часці i як яны ваююць, якое ў ix побытавае жыццё-быццё. Ён ужо не здзіўляўся, што грэнадзёры, надта афіцэры, да якіх ён ехаў, фанабэрыстыя. Амаль усе грэнадзёры — са старадаўняга прывілеяванага корпуса, падабраныя з Маскоўскага гарнізона, «Масквічы», як на ix казалі. Афіцэрамі былі дваране i кадравікі. Корпус сярод часцей Другой арміі, хоць таксама знаходзіўся недалёка ад ворага, займаў выгадныя мясціны: па-першае, трымаўся паблізу важнай чыгункі, па якой яму прысылалі свежую пошту, пасылкі з Масквы i Петраграда, а высокае начальства магло i пад'ехаць у абодва цэнтральныя ў Расіі гарады альбо тут сустрэць родзічаў, гасцей (у тым ліку i замежных), а па-другое, прыкрываючы пазіцыі па Слонімскім тракце, корпус стаяў на вузкай умацаванай артылерыяй, i галоўнае, сухой плошчы. Калі i іхнія блізкія суседзі, казакі ля Нясвіжа i Туркестанскія часці на стаўбцоўскай i налібацкай землях, таксама не маглі вельмі наракаць на кепскі побыт, дык іншыя суседзі гаравалі па-сапраўднаму. Нават больш — апынуліся ў пекле. Да слова, 3-ці Сібірскі корпус сядзеў паўночней, у лесе i каля Нёманскай нізіны альбо па ёй, a некалькі іншых карпусоў, у тым ліку дзевяты i пяцідзесяты, макрэлі, гнілі ў палескіх балотах. Дык вось, можа, i ад гэтай шчаслівейшай, долі, як гаварылі, «у грэнадзёраў моцны дух», яны тут — «апора рускай арміі».
Мінаючы фальваркі, вёсачкі, Васілевіч бачыў знаёмы панылы краявід, ужо які час неад'емны ад гэтай зямлі: пазіцыі ў лесе, на ўскрайку альбо на полі — укапаная артылерыя, бліндажы, акопы, пакручастыя хады-норы паміж лініямі абароны, дамы-штабы ca сцягамі часцей, даўжэзныя акопы-казармы, выкладзеныя з тутэйшага страявога лесу альбо гаспадарскіх гумнаў, кухні, салдаты i салдаты ў шэрых шынялях...
Калі ні едзь, дык заўсёды i ўсюды поўна ix, небарак. То ідуць пахмурныя з вінтоўкамі да першай лініі акопаў ці ад яе строем, то сядзяць гуртам ля агню, грэюцца i кураць, то маршыруюць па тупкім пляцы ці сякуць дровы, чысцяць коней, то блындаюць па вясковых вуліцах з падвешанымі рукамі.
Паблізу вёскі Вольная, што была вёрст за пятнаццаць ад Баранавіч, аўтамабіль спыніўся нечакана, дык Сямён у задуменні аж ткнуўся лбом у палкоўніцкі наадэкалонены карак. Шафёр з'ехаў з гладкай, садранай салдацкімі рыдлёўкамі ледзь не да зямлі дарогі крыху правей, да накіданай гурбы снегу, а злева, таксама ля снежных узгоркаў сталі вайскоўцы: узброены малады салдат i зусім яшчэ юны падпаручнік трымалі пад канвоем двух пажылых абяззброеных i без папруг салдатаў.
Читать дальше