— Дык помніце, хлопцы, пра тое, што пачулі! — нібы не заўважаючы, што адбылося з паслужлівым фельдфебелем, напомніў Міхайлаў.— Бо, паўтараю, скора, можа, прыйдзецца i нам, Заходняму фронту, сказаць сваё слова, вырашаць лёс усёй Расіі.
Міхайлаў замоўк: падпалкоўнік Каменшчыкаў тузнуў яго за локаць i паказаў вачыма на доўгую вуліцу. На ёй, узбоч сялянскіх хат, гародаў i садоў (платоў не было, ix, канечне ж, разабралі салдаты на паліва), паказаўся афіцэрскі гурт. Міхайлаў, пасяброўску ўсміхаючыся, махнуў рукой салдатам (некаторыя з ix таксама прыязна памахалі яму ў адказ) і, накульгваючы, пакінуў пляц. Услед за ім падаліся i яго сябры — малады вусаты салдат падхапіў пад локаць фельдфебеля i павёў з сабою. Зводзіў, каб той не пабег наюджваць начальству пра агітатараў. Васілевіч пашпарыў наўздагон, каб апынуцца побач з Міхайлавым.
Дагнаў, пайшоў побач.
— Ну здарова, калега! — усміхнуўся, хітра прыплюшчыў той свае цёплыя, але ўчэпістыя вочы.
— Здароў, Міхась,— паціскаючы невялікую, але дужую руку, усміхнуўся i Васілевіч. Ён які ўжо час абеларушваў імя Міхайлава, i гэта цешыла таго.— Сёння ўжо не адмовішся, што «разгаварыўся выпадкова», «сказаў шчыра, па-чалавечаму»... Сёння ты паказаў ужо свой сапраўдны твар...
— Ну i хто я, Сямён Апанасавіч? — хітра прыплюшчыў вочы Міхайлаў, які называў яго на «ты», але калі-нікалі, найчасцей пры вясёлым настроі альбо пры спрэчцы, i, як кажуць, выкаў.
— Самае меншае — сацыял-дэмакрат...
— А вы не так думаеце пра цара i яго зграю? — зусім не збянтэжыўся, а па-ранейшаму з усмешкай запытаў Міхайлаў, чыкільгаў, спяшаўся, каб хутчэй сысці адгэтуль.
— Амаль,— прамовіў Васілевіч.
— Дык i вы, Сямён Апанасавіч, сацыял-дэмакрат!
— Смелы ты! Агітуеш у самых вернападданніцкіх часцях!
— Сёння — што?! — махнуў рукою Міхайлаў.—
У час збеглі! A ўчора рэакцыйнае афіцэрства ў суседнім палку хацела арыштаваць як «правакатара», «нямецкага шпіёна» i пад канвоем завезці ў Мінск, у штаб фронту. I арыштавала б, каб не яны,— кіўнуў на таварышаў, якія ішлі паперадзе i ззаду,— ды не салдаты-спачувальнікі...
Азірнуўшыся i ўбачыўшы, што таварышы вядуць з сабою i перапалоханага нізкага тоўстага фельдфебеля, Міхайлаў зморшчыўся:
— Адпусціце, хлопцы, гэтага пса. Ён будзе трымаць язык за зубамі, каб рана-позна ад сваіх жа не атрымаць кулю ў спіну...
Паблізу сасновага маладняку фельдфебеля сапраўды адпусцілі, i той, раз за разам азіраючыся, подбегай пашпарыў у вёску — ці ўцякаў з бояззю, каб, дай бог, не накухталялі, ці імкнуўся, каб далажыць начальству пра сённяшніх візіцёраў. Астатнія вайскоўцы па-ранейшаму суправаджалі Міхайлава—відаць, каб правесці праз усе армейская заслоны i пасадзіць на цягнік.
«Калі Міхайлаў гэтак агаліў сваё сэрца, дык папраўдзе ў Петраградзе выбух...» — падумаў Васілевіч.
— Слухай, Сямён, які ўжо час хачу запытаць у цябе пра адну рэч,— перапыніўшы яго думкі, ужо без жартаў, а сур'ёзна загаварыў Міхайлаў.— Як бачу, ты знаёмы з Пятлюрам з Земгарсаюза. Філасофствуеце, ходзіце разам на літаратурна-тэатральныя вечары і, як кажуць, абодва вы тут лідэры па нацыянальных пытаннях... Дык хто ён, гэты твой цёзка?
— Як i ты — земскі служачы,— усміхнуўся Васілевіч.
— Толькі што ты выявіў: я — сацыял-дэмакрат. А хто Пятлюра? Сур'ёзны літаратар? Тэатральна-рэстаранная багема? Дэмагог? Пазёр? Авантурыст?
Украінскі нацыяналіст? Карацей, што за птах?
— Хто ведае, Міша, якія птахі i дзеля чаго наляцелі сюды за апошнія гады з усёй імперыі?! — пажартаваў Васілевіч.— Адзін бог знае, хто такі Пятлюра альбо, скажам, хто такі на самай справе ты ці твае сябры — Любімаў, Магілеўскі, Ландар ці вось падпалкоўнік Каменшчыкаў, з якім таксама бачу вас часта?! Kaгo ў нас цяпер няма! I рускія, i ўкраінскія, i польскія, i латышскія, i яўрэйскія дзеячы самых розных адценняў! Паспрабуй разбярыся ва ўсіх, калі не можаш разабрацца нават у самім сабе!
— Я сур'ёзна, Сямён,— прамовіў Міхайлаў.— Я ніяк не зразумею, што тут робіць якраз гэты певень. i ў Мінску, i асабліва тут, у Другой арміі, у Нясвіжы, у 5-й пяхотнай дывізіі, дзе шмат маларосаў, вядзе нейкія шэпты-гешэфты са сваімі землякамі, збірае тайныя сходкі, кажуць, нават мае нейкую сваю праграму. I да ўсяго гэтага яры антысеміт.
Чэснае слова, Міша, я не магу сказаць пра яго нешта пэўнае,— прызнаўся Васілевіч,—Я знаёмы з ім праз Муху. Вось з Мухам яны сябры, нібы браты. Я ведаю толькі, што ён i нешта піша, i багемнічае i, як ты кажаш, мае моцныя ўкраінскія настроі... Не раз гаварыў мне: «Кідайце хукаць на сваю задрыпаную беларусчыну, давайце лепш разам дабівацца вялікай i моцнай Украіны!»
Читать дальше