Старэйшыя салдаты пазіралі з разуменнем, але не спяшаліся выяўляць свае думкі, а маладзейшыя, навабранцы, зыркалі з цікаўнасцю ды з некаторай насцярогаю.
Парушыў маўчанне вусач-гаварун:
— Што ні кажы, зацягваецца гэтая каша...
— Вось іменна, паны грэнадзёры! — падхапіў яго словы Міхайлаў.— Вайна, разруха не толькі зацягваюцца. Яны ўжо становяцца невыносныя, пагібельныя. Прызнаемся: усе мы, апранутыя ў армейскія шынялі, цывільныя, чакалі 14 лютага як збавення. Спадзяваліся: вось зноў начне засядаць Дума, дык урэшце мудра ўсё ацэніць, пачне шукаць міру, запыніць народныя пакуты, падбае пра хлеб, зямлю. Але ні цар, ні Дума так не разважалі i не разважаюць. Нас зноў хацелі атуманіць прыгожымі словамі, патрыятычнымі прамовамі. Ды расійскі рабочы люд, найперш петраградскі, не такі ўжо сляпы i даверлівы, як быў дванаццаць гадоў назад. Ён у свой час дорага заплаціў за свой давер. Дык цяпер не кінуўся да Таўрычаскага палаца салідаравацца з буржуазіяй (праўда, яе лібералы апраўдваліся: бачыце, люд не супраць нас, бо не замінае нам. Як i мы, хоча весці вайну да канца). A ці гэта так на самай справе? Прызнайцеся: вам вельмі хочацца гінуць, марнець тут без пары без часу? Не пад'юшчвае ўжо злосць тупнуць нагою альбо i наставіць штык: годзе, цар-бацька, паны, бойні! Мы не ведаем, за што, за каго кладзём галовы, льём кроу, пакутуем! Нам надакучылі вашы гульні! Мы хочам дадому — да сям'і, да мірнай работы!
Міхайлаў на хвіліну замаўчаў — усе пазіралі на яго з увагаю, з уражлівым здзіўленнем.
— Што добрае прынесла нам вайна? — запытаў нібы кожнага Міхайлаў.— Нічога. Бо мы страцілі ўжо мільёны людзей, здаровых, дужых, ператварылі ў калек, вар'ятаў, сірот, удоў, набылі ваеннае прыгоннае права на заводах, рабства i разарэнне ў вёсках, голад, дарагавізну... Карацей, наша слаўная Русь-матухна п'е горкую чашу пакут i пагібелі. Толькі жменька жываедаў хоча доўжыць вайну, бо нажывае на народнай крыві багацце. Тарбахваты ўсіх сартоў спраўляюць баль на касцях рабочых i сялян, салдат. На варце ўсёй гэтай драпежнай браціі непарушна стаіць цар.
Міхайлаў яшчэ раз на міг перапыніў размову, каб паўза памагла салдатам зразумець тое, пра што ён гаворыць. I ён дабіўся свайго. «Які смелы!», «А праўду гаворыць!» — здаецца, гаварылі ўсіхныя вочы.
— Маўчаць i назіраць ужо злачынна,— пачаў далей прамаўляць Міхайлаў (у яго прамове апроч сваіх былі словы i з лютаўскай лістоўкі Пецярбургскага камітэта РСДРП(б).— Іншага выйсця, акрамя народнай барацьбы, няма. Трэба разагнаць царскі ўрад, скінуць самога цара i, не адкладваючы, запыняць вайну. Заадно трэба дабівацца: Расійскай дэмакратычнай рэспублікі, 8-мі гадзіннага рабочага дня, перадачы ўсіх памешчыцкіх зямель сялянам! Таму, зразумейце правільна, цяпер н а с т а ў ч а с а д к р ы т а й б а р а - ц ь б ы з самадзяржаўем!
Узрушаныя салдаты аж перасталі есці, слухалі з прагнасцю.
— Рабочы люд Петраграда, кажу, выйшаў ужо па рашучую бітву за сваё чалавечае жыццё. Сёння-заўтра там, можа, возьмуцца нават i за зброю. І ўрад, i рабочы люд. Сёння-заўтра, бадай, i рошыцца: хто каго?! У барацьбе, бітве, можа, пераможа i народ. Упершыню за нашу шматпакутную гісторыю. Таму, браты па шынялях i пакутах, паду-майце, што гэта за бітва, дзеля чаго, i не згаджайцеся, калі вам альбо такім жа, як вы, загадаюць ісці задушыць рэвалюцыю альбо яе перамогу. Ад нас, армій Заходняга фронту, цяпер многа значыць. Мы сваёй вытрымкай, спачуваннем можам падтрымаць нашых жа петраградскіх братоў, але мы сваім паслушэнствам, жорсткасцю, сваёй вялізнаю сілай можам i патапіць ix у крыві. Дык, паўтараю, не павернем штыкі супроць свайго народа i нікому не дазволім праліць народную кроў! Хопіць, каб армія была жандармам, катам!
Міхайлаў замоўк. Яго словы, здаецца, ашаламілі ўсіх. Можа, дагэтуль усе i не чулі такіх крамольных прамоў, такіх заклікаў.
«Ясна,—усміхнуўся сам сабе Васілевіч.— Не «проста сумленны грамадзянін» гэты Міхайлаў!»
У гэтую нямую хвіліну фельдфебель, які ўвесь час пацепваўся, курчыўся, нібы ад болю ў жываце, паспрабаваў ціха падняцца i неўпрыкмет знікнуць. Але, як выходзіць, з гурту Міхайлава пільна за ўсім сачылі: адтуль шустра вымкнуў малады, з заліхвацкімі вусамі салдат (Пралыгін) i тыцнуў у рабрыну фельдфебелю кулаком, абсадзіў на лаву.
— Спакойна, баця! — ціха, але цвёрда шапнуў.— Пасядзі.
Той, бачачы пільнасць агітатараў i спагаду да ix салдат, угнуўся i затаіўся як мыш пад венікам. Толькі калюча свідраваў нечаканых гасцей чорнымі вочкамі ды час ад часу кусаў свае невялікія, напалову ўжо сівыя, знізу падсмаленыя вусікі.
Читать дальше