Пасля процьму часу патрацілі на тое, каб Злобін зачытаў тую лістоўку, патлумачыў яе i каб Алібегаў даў адказ.
Я ўпершыню ўбачыў гэтага чарнявага каўказца (ён старшыня Мінскага камітэта РСДРП (б), член Выканкома Мінскага Савета i бюро яго бальшавіцкай фракцыі), але здзівіўся: гэты сын людзей з «гарачай» крывёю надзіва разважлівы, спакойны. Непарушна выслухаўшы эсэраўскі лямант, ён падняўся i спакойна сказаў, што Мінскі Савет абараняе ўсе пункты пагаднення, сочыць за ладам у горадзе, затрымлівае падбухторшчыкаў. Таму i Злобіна затрымалі, бо ў лістоўках, што ён раздаваў, антыбальшавіцкі i антысавецкі настрой. Але калі даведаліся, хто ён, адпусцілі. Мінскі Савет, верныя яму войскі, перасцярог Алібегаў, i далей будуць лаяльныя, але непахісныя да парушальнікаў ладу i пагаднення.
Пасля гэтага шум, лямант апалі. Затым задыскутавалі пра іншае: калі ёсць «камітэт ратавання» i яму далі ўладу на Заходнім фронце, дык патрэбен ці непатрэбен гэты Рэўком? Правыя меншавікі Жданаў i Калатухін, правыя эсэры Несцераў i Мікалаеў дабіваліся, каб распусціць гэты Рэўком, левы меншавік Штэрн, бундаўцы Вайнштэйн, Марахавецкі, Парэль, наадварот, згаджаліся, што гэты Рэўком можа быць як сувязное звяно i падмога.
Па тым, як усцешна блішчэлі вочы ў Алібегава i Пярно, я адчуў: тыя радаваліся, шго ў «камітэце ратавання» рознагалосіца. Яны будуць падкідаць жарок адным i другім, спажываць сітуацыю...
29 кастрычніка
Цэлы дзень таўклі ваду ў ступе пра рознае побытавае. Але ўвечар успыхнула баталія.
Калі ўжо меліся разысціся, нечакана ў залу ўбеглі Жданаў i Злобін. Жданаў адразу ж запатрабаваў слова для «внеочередного заявления». Старшыня пасяджэння, Вайнштэйн, перапыніў сход i дазволіў камісару Заходняга фронту выступіць.
— Паны! Грамадзяне!—узбуджана, крыкліва залапатаў Жданаў.— Мы рабілі ўсё, каб выратаваць рэвалюцыю, асцерагаемся лішняга кровапраліцця, сумленна стрымліваем сваё слова, а вось Мінскі Савет гуляе з намі ў кошкі i мышкі. Ёсць звесткі: ён збіраецца арыштаваць нас усіх i разграміць штаб Заходняга фронту. Я сам толькі што бачыў: па горадзе выстаўляюцца пікеты Мінскага бальшавіцкага палка, а сам полк, навёўшы зенітныя гарматы, ужо рухаецца на штаб. Я патрабую: неадкладна даць загад нашым войскам даць адпор, a ўвесь Мінскі Савет арыштаваць...
Пасля яго гэтых слоў завіраваў такі гармідар, што аж заклала ў вушах ад крыку. Можа, чалавек з дваццаць у адзін голас запатрабавалі слова. Алібегаў i Пярно (гэты прыбалтыец, як я ўведаў, член Выканкома Мінскага Савета i член Мінскага камітэта РСДРП (б), камісар збройных майстэрняў 10-й арміі, i якраз ён памог узброіцца палку Мінскага Савета) збялелі.
Калі Вайнштэйн упрасіў залу суцішыцца i павёў сход, то ўзбуджаныя прамоўцы (эсэры Пашкевіч, Мікалаеў, Несцераў) былі за тое, што i Жданаў,— каб арыштаваць Мінскі Савет, а яго полк раззброіць. Можа, пад усіхныя эмоцыі галасавалі б ужо за такую пастанову, каб не гэты мудры Штэрн. Ён параіў паслухаць, што i як будзе тлумачыць Алібегаў альбо Пярно, а пасля ўжо ўсё рашыць.
Алібегаў пачаў адварочваць гэтыя «здрадніцкія» абвінавачванні ад Савета, папрасіў, каб яму i Пярно дазволілі сазваніцца i пагаварыць з Ландарам, а таксама выйсці адгэтуль i праверыць, што за пікеты выстаўлены ў горадзе.
Пасля такога слова разважлівага Алібегава зала пацішэла, але Мікалаеў усё роўна не мог суняцца, крычаў: «Не трэба верыць Савету! Варта паслаць з яго дэлегацыяй i некага з нас». Пасля доўгіх дэбатаў паслалі яго, Мікалаева, i Алібегава.
Ix доўга не было. Пасля, пад апоўнач, калі яны вярнуліся, ад ix мы ўведалі: пікеты ў горадзе выставіў не Мінскі Савет, а — самачынна 37-мы полк. Камісар гэтай часці зрабіў такое для самаабароны: яго хтосьці перасцярог, што «на Савет i на яго войскі збіраецца наступаць «камітэт ратавання». Цяпер, калі пагаварыў з Алібегавым i Мікалаевым, пікеты з горада забірае.
Пасля гэтай весткі ажыятаж у зале спаў. Але калі Мікалаеў да слоў Алібегава дадаў, што агульны сход 37-га палка адмовіўся прысягаць «камітэту ратавання» i «прыняў рэзалюцыю ў савецкім духу», сход узбудзіўся зноў i пастанавіў: полк Мінскага Савета раззброіць. Алібегаў i Пярно былі рашуча супраць гэтага. Ім страціць ваенную сілу — значыць страціць цяпер кантроль за ходам падзей...
30 кастрычніка
Сёння зноў страсна, з крыкамі i лаянкаю задыскутавалі пра Рэўком. Ён, як заявілі эсэры I меншавікі, мірны толькі на словах, рыхтуе грамадзянскую вайну. Як яны ведаюць, Рэўком паслаў на фронт бальшавікоў Фаміна, Шчукіна, каб тыя ўпотай перамовіліся з палкамі, настроенымі па-бальшавіцку, прывялі ix у Мінск i расправіліся з «камітэтам ратавання».
Читать дальше