«Што — грамадзянская вайна?» — затрывожыўся Лашковіч, кожнаю жылкаю ўжо адчуваючы дух крывавай сутычкі.
У камяніцу, дзе размяшчаўся Франтавы камітэт, было не прайсці з-за салдацкага ўзброенага натоўпу. Лашковіч толькі тады здолеў туды трапіць, калі падскочыў конны афіцэр на белым кані i крыкнуў: «Разойдись! Главнокомандующий!» Мігам утварыўся вузкі калідор — i Лашковіч прашмыгнуў па ім паперадзе аўтамабіля.
Каля дзвярэй будынка яго затрымалі афіцэры, але калі назваўся, хто ён i адкуль, прапусцілі — праўда, пасля Балуева ca світаю генералаў i афіцэраў. За гэтымі вайскоўцамі ён падняўся на другі паверх, трапіў у досыць прасторную, з завешанымі вокнамі i электрычным святлом залу, дзе ўжо сядзела нямала вайсковага i цывільнага люду. Вось з трэцяга рада падняўся i паклікаў яго да сябе Скураны — той сядзеў побач з пажылаватым генералам, здаецца, з Доўбар-Мусніцкім.
Калі Лашковіч прысеў на вольнае чырвонае крэсла каля важнага, сёння павесялелага Скуранога, той назваў яго генералу.
— А, гэта вы — неслух?! — моцна паціснуў яму руку Доўбар-Мусніцкі, калюча кальнуў яго прыплюшчанымі вочкамі i зларадна ўхмыльнуўся:— Ну што, спадар, сышліся нашы сцежкі?
— Цяпер ужо, э-э, яны павінны супасці...— за яго адказаў Скураны i сціснуў Лашковічу калена — значыць, каб маўчаў.
У гэтую хвіліну з першых крэслаў падняўся сярэдняга росту мужчына ў чорным гарнітуры — камісар Часовага ўрада на Заходнім фронце меншавік Жданаў.
— Грамадзяне! — хрыплавата сказаў ён.— Мы паклікалі вас, прадстаўнікоў арганізацый i ўсіх палітычных партый (апроч бальшавікоў), на веча. Як вы ведаеце, сталічныя бальшавікі, не лічачыся з народнай воляй, з воляй Саветаў, сілаю зрабілі пераварот, арыштавалі законны Часовы ўрад. Яны перашкодзілі яму замацаваць у краіне рэвалюцыйную перамогу, давесці да лагічнага канца вайну. Бальшавікі штурхаюць Расію да хаосу, каб прадаць яе немцам. Са сталічнымі бальшавікамі, само па сабе зразумела, у змове бальшавікі, што акапаліся ў Мінску i на фронце. Калі наш Франтавы камітэт, выбраны воляю амаль двухмільённага люду Заходняга фронту, выступіў супраць узурпатарскага перавароту ў Петраградзе i ў Мінску, бальшавікі задзірліва выйшлі з нашага камітэта, самадумам выпусцілі салдат-здраднікаў з турмы, парушаючы ўсе законы, нахабна абрабавалі мінскія склады, узброілі гэтыя элементы i самачынна захапілі ўладу ў горадзе. Сёння яны ўтварылі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт i без ніякага сумнення аб'явілі яго вышэйшым кіруючым органам Мінска i фронту. Гэты Рэўком мае каля дзвюх тысяч штыкоў, яшчэ такую-сякую спачувальную сілу, у нас на сёння каля 20 тысяч штыкоў. Параіўшыся, мы рашылі ўтварыць «Камітэт ратавання рэвалюцыі». Вы не супраць, паны вайскоўцы i грамадзяне цывільныя?
— Не,— з месца, не падымаючыся, падаў голас Балуеў.
— Галасуем,— прамовіў Жданаў i першы ўскінуў руку.
За ім паднялі рукі i ўсе прысутныя ў зале.
— Дзякую за свядомасць i вернасць рэвалюцыі! — чулліва альбо вельмі па-артыстычнаму схіліў галаву Жданаў, прытрымліваючы другою рукою пенснэ.— Цяпер давайце выберам нашага старшыню. Ёсць думка, каб камітэт узначаліў сацыял-дэмакрат (меншавік) Калатухін. Не супраць?
Калі прагаласавалі, то за Калатухіна былі амаль усе. Пасля Жданаў сеў, а з першага рада падняўся гэты Калатухін — высакаваты, маладжавы, лысаваты. Ён падзякаваў «за давер», а пасля мякка, нават напеўна сказаў:
— Само па сабе зразумела, мы павінны адабраць ад узурпатараў уладу ў Мінску i на фронце, часова ўзяць яе ў свае рукі. Ёсць два шляхі для гэтага. Першы: даць бой Саветам i разграміць ix. Другі: ультыматыўна запатрабаваць ад Савета капітуляцыі. Вось член Франтавога камітэта грамадзянін Штэрн,— паказаў на чарнявага мужчыну, які сядзеў побач са Жданавым,— раіць весці перамовы i гатовы быць паслом паміж намі i гэтым самазванцам Рэўкомам... А што скажаце вы?
Усе прамаўчалі.
— Што параіце вы, пан генерал? — запытаў Калатухін.
— Рашайце вы, палітыкі, самі,—хмурна адказаў Балуеў.— Мы, ваенныя, не хацелі б умешвацца ў вашу фракцыйную барацьбу. Але калі вы рошыце ўжыць сілу, я аддам адпаведны загад.
— Пан генерал! —шустра падхапіўся з першага рада Штэрн.— Па-першае, паасцерагаемся рускага кровапраліцця, па-другое, жорсткасцю мы настроім народ, Расію супраць нас. Па-трэцяе, не забывайма: многія акопнікі сімпатызуюць бальшавікам...
— Дазвольце! — рэзка падняўся грузны Доўбар-Мусніцкі, зірнуў на генерала Балуева.— Выбачайце, ваша высокаправасхадзіцельства, цяпер армія не павінна быць убаку, аддаваць Расію злыдням. Карацей, не трацьма час на дыскусіі! Сілаю адбірайма ўладу! Не боймася праліць чужую, чорную кроў! Давайце ратаваць ад бальшавікоў i край, i Петраград, i Расію!
Читать дальше