Цяпер вось прамаўляў Мяснікоў — чалавек невысокі, каранасты, але з гучным голасам. Тое, што ён гаварыў, добра чулася тут.
— ...Такім чынам, таварышы, вы становіцеся апораю Савета i маладой Савецкай улады...— абапіраючыся абедзвюма рукамі на поручань, патлумачыў ім іхні клопат Мяснікоў.— А цяпер пра тое, што дзеецца ў Мінску. Штаб фронту не ўмешваецца ў падзеі, прызнаў у Петраградзе i тут Савецкую ўладу, прыняў нашых камісараў — Шчукіна i Цалукарава. Мы будзем сачыць за палітычным духам, а штаб будзе займацца аператыўнай баявой работай. Франтавы камітэт пакуль, на жаль, супраць перавароту, i нам, бальшавікам, мусіць, прыйдзецца выйсці з яго. Для таго, каб замацаваць Савецкую ўладу, распаўсюдзіць яе па ўсім краі, каб не дапусціць войскі на Петраград, мы на днях утворым Ваеннарэвалюцыйны камітэт Заходняй вобласці i фронту. Ён возьме тут уладу ў свае рукі.
Ніхто, не зважаючы на дробны дождж, нават не варушыўся, хоць амаль усе былі ў гімнасцёрках — тыя намоклі ўжо i пацямнелі.
Лашковіч ткнуў Алеся локцем: хадзем адсюль!
— Вось як трэба браць уладу! — нервова прамовіў.— Рашуча! А мы...— зморшчыўся.— Баімся i грызёмся адзін з адным — хоць бы не зажадаць вялікага... Усё просім дужых свету гэтага зміласцівіцца i даць падачку!
Алесь нічога не адказаў. Лашковіч замаўчаў i задумаўся. Ён, трэба сказаць, апошні час высільваўся, стараўся сам зрабіць за дзесяцярых: да слова, на пачатку верасня ездзіў у Кіеў на з'езд Украінскай Цэнтральнай рады i дабіўся, што там агаласілі i рэзалюцыю «Пра беларусаў», у якой патрабавалася ад Часовага ўрада даць аўтаномію Беларусі. У канцы месяца разам з Васілевічам, Мухам i іншымі быў у Маскве на Першым Беларускім з'ездзе, дзе думалі знайсці адну для ўсіх нацыянальных сіл платформу. Але не знайшлі. Яны, мінчане, калі астатнія не згадзіліся на іхняе лідэрства ў руху, а таксама адмовіліся ад ідэі аўтаноміі, падбілі БСГ пакінуць з'езд у знак пратэсту. Якраз па волі Лашковіча 15 кастрычніка склікалі другую сесію Цэнтральнай рады, перайменавалі яе ў Вялікую раду, далучылі да сябе членаў Беларускай рады Заходняга фронту i выбралі камісію, якой даручылі весці дзяржаўныя справы. Праўда, за гэты тыдзень з паловаю камісія яшчэ не паспела штосьці зрабіць.
Урэшце ваўсю заявіў сябе Лашковіч на Трэцім з'ездзе БСГ, што пачынаў работу 14 кастрычніка ў Мінску. З'езд з першых хвілін павёўся бурна: запалемізавалі левыя i правыя. Адны нападалі на «згодніцкую палітыку ЦК БСГ, на контррэвалюцыйную дзейнасць буржуазных нацыяналістычных суполак», другія абараняліся i абвінавачвалі тых у «страце нацыянальнага пачуцця». Спрачаліся не толькі пра нацыянальнае, але i пра зямельны, рабочы пункты праграмы, пра беларускае войска. Левыя дабіваліся, каб яны «адмовіліся ад блоку з буржуазнымі партыямі i асудзілі палітыку Часовага ўрада», правыя, а сярод ix найбольш агрэсіўнічаў Лашковіч, намагаліся прыглушыць гэтыя «крайнасці».
Спрэчкі давялі да таго, што 18 кастрычніка наэлектрызаваныя дэлегаты пачалі адзін за адным пакідаць залу, выкрыкваючы папрокі: левыя — правым, правыя — левым. У гэты ж дзень Лашковіч сур'ёзна счапіўся з Гартным i Бурбісам, лічачы, што якраз тыя звыш меры левыя, «аслабляюць нацыянальны рух».
— Ну што ж, пабачым, як бальшавікі справяцца...— пасля зацяглага маўчання прамовіў Лашковіч. Мусіць, сказаў уголас тое, пра што найбольш уражана, а то i хваравіта думаў у гэтыя хвіліны.— Разам з уладаю яны ўхапілі i ўсе жахі Расіі...
На Захараўскай вуліцы ix сустрэў Васілевіч — у капелюшы i доўгім старым плашчы, запацелы.
— Дзе вы дзеліся? — напаў ён.— Пачуўшы пра бальшавіцкі пераварот у Петраградзе, дэлегаты сабраліся зноў i рашылі закончыць з'езд. Усе чакаюць вас.
— I левыя прыйшлі? — пацікавіўся Лашковіч.
— Прыйшлі.
...Неўзабаве Лашковіч, Васілевіч i Нямкевіч былі ўжо сярод дэлегатаў Трэцяга з'езда БСГ, зноў ca спрэчкамі, але ўжо i цярпіма давялі з'езд да канца, выбралі новы склад свайго ЦК (Лашковіча ў яго не дапусцілі, а з яго сяброў выбралі Васілевіча, Нядолю, Белякову, з іншых вядомых людзей вылучылі Гартнага, Тарашкевіча, Рак-Міхайлоўскага, Дылу i іншых). ЦК БСГ трэба было разгледзець усе «надзённыя пытанні», а таксама паднавіць праграму i статут партыі.
Праўда, левыя з Петраградскай, Маскоўскай i Бабруйскай суполак БСГ не падпарадкаваліся ЦК партыі. Яны палічылі сваёю вярховіцаю Петраградскі камітэт БСГ.
3.
Праз дзень, 27 кастрычніка, Мінск заліхаманіў.
Ідучы пасля абеду па прыцемненым i дажджлівым горадзе, Лашковіч убачыў: вуліцы запаўняе салдацкае мора. У горад, як падказалі яму, уваходзіць «дзікая» Каўказская дывізія. Казакі, а таксама i горцы рашуча адштурхоўваюць ранейшыя воінскія i міліцэйскія каравулы, верныя Савету, бяруць пад сваю ахову мінскія ўстановы, а на Саборнай i іншых плошчах ставяць гарматы, кулямёты, сцягваюць конніцу.
Читать дальше