Алесь збочыў i амаль ушчыльную каля самых будынкаў i жалезных загарод пачаў ціснуцца наперад, да вакзала, каля якога, як убачыў, насупраць пыхкае паравоз, пры адчыненых дзвярах аднаго з вагонаў стаіць невысокі, з невялікімі вусікамі чалавек у вайсковай форме, але без пагонаў i не то ўгаворвае, не то кліча да развагі вялізны грозны салдацкі натоўп.
— Грамадзяне салдаты i афіцэры! — пачуў ужо Алесь голас маладога, але, здаецца, сталага прамоўцы (а гэта, як праз хвіліну-другую пазнаў ён, быў Фрунзе, які зноў, выходзіць, вярнуўся ў Мінск).— Не спяшайцеся несціся стрымгалоў на Петраград, не спяшайцеся малаціць доўбняю па галовах. Варожыя контррэвалюцыйныя сілы штурхаюць вас патапіць у крыві сталіцу, лепшых сыноў i дачок нашага часу. Керанскі i Карнілаў дагэтуль разам, як два ваўкі лася, абкладвалі рэвалюцыю, плялі інтрыгі, употай душылі за горла дэмакратыю, волю, нашы правы, разам хацелі доўжыць зацягнутую ўжо бойню, а цяпер, не паладзіўшы, аб'явілі адзін аднаго ворагамі народа. Генерал Карнілаў штурхае вас не столькі «ўтаймаваць Керанскага-здрадніка», як, паўтараю, чорны генерал i той, хто з ім, хочуць вашаю сілаю разграміць народныя заваёвы.
З прыціхлага натоўпу, над якім плыло воблака тытунёвага дыму, пачуліся рэзкія, непрыязныя выкрыкі:
— А ты хто?
— Вайсковец ці не?
— Я, грамадзяне, начальнік мінскай міліцыі, член Мінскага Савета i камітэта Заходняга фронту, а цяпер яшчэ i адзін з адказных за падаўленне карнілаўскага мяцяжу...
— Прозвішча?
— Міхайлаў.
— A! Чулі!
— Бальшавік i нямецкі шпіён!
— Сябры! — Фрунзе падняў руку, папрасіў увагі.— Калі мы будзем гарлапаніць усе разам, то мы адзін аднаго не пачуем, наробім глупства. Дазвольце мне сказаць вам пару слоў, патлумачыць, што цяпер дзеецца. Я скажу шчыра: вайна змучыла вас, салдат, абяскровіла народ. Нам патрэбен мір, воля, праца. Мы, бальшавікі, цяпер адмовіліся ад лозунга «Уся ўлада Саветам», бо лідэры Петраградскага Савета аддалі ўладу буржуазіі, вайны не запынілі, зямлі сялянам не далі. Але мы не адмовіліся ад ідэі пераўтварыць Саветы ў сапраўды народныя органы ўлады. Нават больш — мы гатовыя да таго, каб мы не былі пры ўладзе, але каб яна была ў руках Саветаў. Ды калі ў гэты цяжкі час вы, грамадзяне салдаты i афіцэры, рынецеся са штыкамі на Петраград, пераб'яце рэвалюцыйныя сілы i прыведзяце да ўлады Карнілава i яго сяброў кадэтаў, то вы самі ж загубіце сваю светлую будучыню. Вашыя дзеці, унукі ніколі не даруюць вам за гвалт, праклянуць вас...— Фрунзе зняў фуражку, выцер насоўкаю ўспацелы лоб.— Генерал Карнілаў подла аддаў немцам Рыгу, каб абвінаваціць нас, бальшавікоў, за тое, што мы разбэсцілі армію, i каб развязаць сабе рукі. Ён паслаў на Петраград 3-ці конны корпус генерала Крымава, у тым ліку «дзікую дывізію» з каўказскіх горцаў. У Петраградзе народ утварыў Чырвоную гвардыю, каб абараніць рэвалюцыю. ЦК нашай партыі просіць нас, рэвалюцыянераў, вас, салдат, каб мы ізалявалі Стаўку, штаб Заходняга фронту i не пусцілі пагромную сілу на Петраград i Маскву, дзе яе чакае рэакцыя. Сёння на пасяджэнні Выканкома Мінскага Савета i камітэта Заходняга фронту мы ўтварылі Часовы рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту i бяром уладу на Заходнім фронце ў свае рукі. Нашы таварышы ў гэтыя хвіліны вядуць перамовы з вашым братам салдатам у Гомелі, Віцебску, Жлобіне, Оршы, Бабруйску, расказваюць праўду, i, як мы маем ужо звесткі, многія батальёны, часці цалкам адмаўляюцца быць карнікамі. Адмаўляйцеся i вы, грамадзяне, тапіць у крыві свой народ. Вяртайцеся на свае пазіцыі, абараняйце Айчыну, няхай вашы душы i рукі будуць чыстыя. А заадно не змушайце нас, мінскую Чырвоную гвардыю, ужыць супраць вас зброю, праліць кроў...
Дзіва: шматтысячны натоўп загудзеў, заварушыўся, пачаў гыркаць на «афіцэраў-абманшчыкаў» i сапраўды паволі вяртацца ў вагоны — i неўзабаве сонечны, усыпаны недакуркамі перон апусцеў. На ім засталіся толькі Фрунзе i міліцыянеры, салдаты з чырвонымі павязкамі, а таксама два пажылыя генералы i пяць маладых афіцэраў.
— Гнюсны балбатун! — тыцнуў тоўстым пальцам на Фрунзе маленькі сівы генерал.— Вы, вы разбэсцілі i армію, i Расію!
Фрунзе, схмурыўшыся (відаць, быў стомлены), на міг адрачона зірнуў на крыклівага ваяку, а пасля махнуў рукою сваёй ахове:
— Арыштаваць! Усіх!
Міліцыянеры i салдаты кінуліся да генералаў i афіцэраў (а некаторыя з ix ужо выхоплівалі пісталеты), a ў гэты час самы блізкі цягнік крануўся і, пыхкаючы клубамі дыму, папоўз не на ўсход, а на захад, да акопаў, i з праёмаў дзвярэй ды з падножак вагонаў салдаты махалі рукамі, абсвіствалі сваё вышэйшае начальства, якому ўжо закручвалі рукі...
Читать дальше