— Жыві як хочаш,— глытаючы слёзы, вякнуў ён,— але будзь мая жонка...
— Цяля!— пагардліва сыкнула Зося, абмінуўшы яго, напрасткі падалася на сваё поле.
Янка з хвіліну пастаяў, з жаласцю пазіраючы на свайго такога нямоглага суперніка, але, калі хацеў моўчкі павярнуцца i пабрыць адгэтуль, той затрымаў.
— Янак,— слёзна папрасіў,— не чапай яе... Калі цябе не было дома, была як чалавек. А як ты вярнуўся, яна як адмянілася. Жаніся скарэй, бяры каго — i жыві. Не рэж мяне без нажа.
— Ты першы паласнуў мне па сэрцы нажом...— адказаў ён.
— Не ведаю, не ведаю...— загундосіў той.— Я яе люблю. Я жыць не магу без яе...
Янка нічога больш не сказаў, моўчкі пакрочыў на свой загон. За маладым хвойнікам — а тут быў канец усіхных загонаў — усюды высіліся «бароды» — не кранутыя сярпом каліў трыццаць жыта, зверху, каля каласоў, перавязаныя чырвонаю стужкаю. Апошнюю «бараду» пазаўчора завівалі (а гэта значыць спраўлялі першыя альбо малыя дажынкі) на Гарбацэвічавым загоне: амаль паўвёскі прыходзіла адрабляць яму за зімовыя i вясновыя пазыкі; якраз каля Гарбацэвічавай «барады», між сцяблін якой Вікця клала хлеб i соль, дзяўчаты, спяваючы, плялі вянок з каласоў i палявых кветак i пасля пачапілі яго на галаву «багіні». За яе сёлета абралі Вольгу Чорную — тая хораша вылюднела за апошні год. Жнеі на чале з «багіняю», несучы апошні дажынкавы сноп, у сярэдзіну якога паклалі зрэзаную «бараду», з песнямі ішлі да Гарбацэвіча, i той, з паклонам узяўшы сноп i з павагай аднёсшы яго ў клець, паклікаў у хату i частаваў усіх жней. Яны ж, Нямкевічы, «бараду» i сёлета пакінулі на полі, для птушак — якраз тыя, як кажуць старыя людзі, прынеслі чалавеку першае зерне...
Калі яны, бацька, Янка i Алесь, тады стаялі ў сваім двары i пазіралі на Гарбацэвічавых гасцей, Алесь, здаецца, любуючыся Волькай Чорнай, прачытаў ім верш Янкі Купалы:
Як сама царыца
Ў залатой кароне,
Йдзе яна ў вяночку
Паміж спелых гоняў.
З каласкоў вяночак —
Моладасці сведка —
На ёй зіхаціцца,
Як у садзе кветка.
На грудзях шчаслівых
Каптанок ружовы,
У руцэ сярпочак
Зублены сталёвы.
Вецер абнімае
Стан яе дзявочы,
Сонца ёй цалуе
Шыю, твар i вочы.
Каласкі хінуцца
Перад ёй паклонна,
Дзівіцца ігруша
На мяжы зялёнай.
А яна — царыца —
Весела, шчасліва
Карануе песняй
Залатое жніва.
Смела йдзе у сонцы,
Уся сама — як сонца,
Гэта жнейка наша
Ў нашай старонцы.
— О то праўда! — хітаючы галавою, прамовіў тады бацька.
— Каб мне сказалі, каго ты хочаш уславіць, дык я найперш помнік жняі паставіў бы...— дадаў яшчэ Алесь.
...Цяпер, ідучы па калючым пацямнелым іржышчы, Янка ўспомніў усё тое ды мігам пастараўся адпіхнуць у думках, бо ў гэтыя хвіліны цешыла i мучыла душу іншае.
Па пагонцы вярталіся з вёскі парожнія калёсы. Вось на іхні загон звярнуў свайго гнядога бацька — па новыя мэндлікі, каб перавезці i скласці ix у гумно.
Бацька, седзячы на калёсах (ён прасунуў ногі між лястак драбіны, i яго падэшвы лапцей шоргалі па ржышчы), не то з цікавасцю, не то з насцярогаю пазіраў туды, на Гарбацэвічава поле, па якім паперадзе ішла Зося, а крыху воддаль за ёю плёўся зняможаны Віця, а пасля, здаецца, з той жа цікавасцю i насцярогаю зірнуў i на яго, здзіўляючыся, што i ён выйшаў з лесу. I ўжо, калі развярнуўся, запыніўся каля мэндліка, злез з калёс, не зусім строга, але дакорліва запытаў:
— Ну што — запарвалі?
Янка не засаромеўся, не пыхнуў чырванню — адвёў вочы.
— Не лезь у чужую сям'ю, хлопец,— нібы папрасіў бацька.— Слоў няма, харошая, спрытная гэтая Зося, але ж так бог даў, што яна гэтаму Віцю дасталася. Дык няхай i будзе яго, няхай мужа свайго глядзіць, а не круціць хвастом.
6.
Цягнік запыніўся далека перад вакзалам. Разам са здзіўленымі i абуранымі пасажырамі выйшаў i Алесь; перон быў запоўнены салдатамі — у выцвілых гімнасцёрках, са згорнутымі шэрымі шынялямі, з вінтоўкамі, з ранцамі на баку. Побач стаяла, пыхкала дымам некалькі чыгуначных эшалонаў.
Калі хтосьці з пасажыраў запытаў, што тут робіцца, адзін з крайніх салдатаў, невысокі, рабаціністы, адказаў:
— Да не пущают вот...
— Куда — не пущают?
— Да на Петроград...
— А чего — на Петроград?
— Чево-чево?! Усмирить бунтовщиков... Да и Керенский — предатель же...
Читать дальше