«Исполняя волю (...) съездов, Совет Народных Комиссаров решил положить в основу своей деятельности по вопросу о национальностях России следующие начала:
1. Равенство и суверенность народов России.
2. Право народов России на свободное самоопределение, вплоть до отделения и образования самостоятельного государства.
3. Отмена всех и всяких национальных и национально-религиозных привилегий и ограничений.
4. Свободное развитие национальных меньшинств и этнографических групп, населяющих территорию России.
Вытекающие отсюда конкретные декреты будут выработаны немедленно после конструирования комиссии по делам национальностей».
Гэтую «Декларацию...» я прачытаў, можа, i пяць разоў. Далібог, не верыў вачам сваім!
Дагэтуль рускія цары, здаралася, саступалі тое-сёе сваім меншасцям, але ў нацыянальным сэнсе — ніколі альбо амаль ніколі, няўхільна бераглі ідэю «единой и неделимой империи». Калі пасля 1905-га крышачку адрэзалі ca скібы, то перад вайною i ў вайну тое вырвалі з рота разам з языком.
А тут... Столькі i ўсё адразу... Аж галава кружыцца!
Сёння сабраліся разам (Шуляк, Васілевіч, Муха, Нядоля, Нямкевіч i я), чыталі гэты новы дакумент.
Шуляк, як i я, разгублены; Васілевіч, Нядоля i Нямкевіч засімпатызавалі бальшавікам, толькі мудрагелісты Муха з ухмылкаю пазіраў на нас усіх, а пасля пацвеліўся:
— Лішне не цешце сябе надзеяй, хлопцы! Глядзіце ў корань: новы ўрад улічвае хібы папярэдняга, усімі сіламі хоча ўтрымацца, запыніць вайну i навесці лад у эканоміцы. Адгэтуль — яго прыгожыя абяцанкі-цацанкі: дэкрэты пра мір i зямлю, «Дэкларацыя...». Абяцаецца адразу ўсё, чаго народ даўно ўжо чакае... Але заўважце: зноў канкрэтнага мала, нешта некалі будзе... Калі? Што? А па-другое, будзьма рэалістамі: ва ўсе часы ўрады ішлі на самыя нечаканыя ўступкі, але толькі не па нацыянальным пытанні... Hi з чым так не загульваюць, як з ім! Нічога так не топчуць, як яго!
Мы анямела пазіралі на Муху, а ён хітра пасміхоўваўся i чамусьці пераможна пазіраў на нас.
Бог яго ведае! Не толькі мяне з Шуляком, але i Васілевіча, Нядолю, Нямкевіча астудзіў, растрывожыў гэты ўніклівы, не з сялянскім розумам, недаверлівы i скептычны Муха. Ды не зважаючы на сумненні, рашылі рыхтавацца да новага нашага з'езда, дзе ужо с в а ё п ы т а н н е паставіць с у p' ё з н а! З сённяшняга ж вечара пачалі пісаць запрашальныя лісты ва ўсе беларускія неакупаваныя гарады, у вялікія мястэчкі i за межы краю.
Новы з'езд думаем сабраць i правесці прыкладна 5 снежня.
...Позна вечарам да мяне зайшоў малады армейскі капітан. Наш зямляк, Еўзікаў з Магілёўшчыны. Мы з ім пазнаёміліся нядаўна. Дык вось ён сказаў мне, што яны, землякі-вайскоўцы, утварылі Беларускую вайсковую раду, збіраюць нам на помач ваенную сілу.
6 лістапада
Як пішуць мінскія газеты, бальшавікі смела i ўдала бяруць у свае рукі Заходні фронт. Пад іхняй эгідай прайшлі з'езды II, X i III армій.
Кажуць, новы Рэўком вобласці i фронту ўзначаліць Мяснікоў.
Адкуль у яго столькі сілы, каб мець гэтулькі клопатаў, усё рабіць? Што — яны двухжыльныя, гэтыя бальшавікі?! Ці яны дабіваюцца свайго найперш агромністаю сілаю волі, дысцыплінаю?
8-10 лістапада
Гэтыя дні Мінск зноў загуў, як патрывожаны вулей.
7 лістапада Савет Народных Камісараў на чале з Леніным паслаў у Магілёў тэлеграму Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму генералу Духоніну, параіўшы яму пачаць з немцамі мірныя перамовы. Але генерал не паслухаў i адмовіўся ад такой «ганебнай» місіі.
9-га Савет Народных Камісараў апублікаваў новую радыётэлеграму, дзе дае права самому салдацкаму люду паклапаціцца пра мір, дазваляе заключаць яго дывізіямі, карпусамі. У гэты дзень Савецкі ўрад аб'явіў, што адхіляе Духоніна ад пасады. Значыць, новая ўлада рашуча бярэцца за армію! А што адкажуць генералы?
У Мінску гавораць: на Магілёў, на Стаўку, з Петраграда ідзе зводны ўзброены атрад на чале ўжо з савецкім Вярхоўным галоўнакамандуючым (здаецца, нейкім Крыленкам-бальшавіком). Сёння сам бачыў, як з Мінска адышоў воінскі эшалон на Магілёў. Прыязджалі да нас сябры, знаёмыя з Віцебска i з Гомеля, дык казалі: i адтуль, а таксама з Оршы, Полацка, Бабруйска, Жлобіна бальшавікі накіроўваюць часці супраць Духоніна, а таксама Карнілава i іншых мяцежных генералаў, якія цяпер сядзяць у быхаўскай турме.
12 лістапада
Сёння мінскі Рэўком выгнаў са штаба фронту i з Мінска генерала Балуева: ён, як i Духонін, наадрэз адмовіўся перамаўляцца з немцамі.
В. а. камандуючага Заходняга фронту, як таму ні замінаў генерал Доўбар-Мусніцкі, Рэўком назначыў бальшавіка, падпалкоўніка Каменшчыкава. Значыць, цяпер адсюль будзе яшчэ большая падмога Петраграду, новай уладзе.
Читать дальше