— Дзякую,— сказаў i яму Сяргеенка. Зноў абвёў позіркам люд: хто хоча яшчэ прамовіць?
Як убачыў Янка, мужчыны з Сяла i з Глінішча заштурхалі «палітыка» Сцяпана Чорнага — скажы сваё слова!
Сцяпан спачатку ўпіраўся, а потым, сцягнуўшы аблезлую вушанку i блішчучы жоўтай лысінаю, выйшаў наперад, пакланіўся.
— Я ўчора быў у Крычатах, вунь у ix,— кіўнуў на групку мужчын-крычатоўцаў, якія прыладкаваліся ззаду.— У ix цяпер няма настаўніка, лекара, у ix не стаяць салдаты, дык яны яшчэ не вераць нават, што скінулі цара. Зусім не ведаюць, што гэта такое — рэвалюцыя...
— Ну, а як вы яе ўяўляеце, грамадзянін? — паблажліва ўхмыльнуўся Петракоў.
— Гэта, я думаю, вятрыска, пасля якога бывае бура, вырывае старыя дрэвы з каранямі...
— Вы, грамадзянін, паэт i філосаф! — пацвеліўся Петракоў.— Ну, а па-навуковаму, бацька, гэта — мірны альбо насільны пераварот ва ўсёй сацыяльна-эканамічнай структуры грамадства, спосаб пераходу ад гістарычна састарэлай грамадска-эканамічнай фармацыі да болей прагрэсіўнай...
Сцяпан спачатку разгубіўся ад «навукі», аж ніжнюю губу адвесіў i закамячыў у руках вушанку, а пасля, ратуючыся (іначай пазней веска засмяе!), прызнаўся:
— Я, пане, не ўмею гэтак разумна гаварыць. Але вот што, скажу я вам, даходзіць i мне, цёмнаму чалавеку: ага, прайшла бура, вывернула дуб-велікан, распагодзілася... Добра. Але дзе, выбачайце, перамены?
— Што вы маеце на ўвазе? — ужо не ўхмыльнуўся з «дамарослага філосафа», a схмурыўся Петракоў, асцерагаючыся, што той — не звычайны балабон-языкачос, якіх нямала ў кожнай вёсцы.
— Можа, я не тое гавару, выбачайце,— i заасцярожнічаў, i захітрыў заадно Сцяпан, заваёўваючы павагу ад вяскоўцаў.— Скажэце, шаноўны чалавек, нам ясна: калі будзе той Устаноўчы сход? I што ён можа рашыць? Вот, скажам, для малазямельных?
— Я не магу дакладна сказаць вам, калі будзе Устаноўчы сход i што ён рошыць...— паціснуў плячыма Петракоў.
— А чаму яго чакаць? Чаму не цяпер, увесну, дзяліць зямлю?
— А вы ведаеце, ад каго i як яе забіраць, каму i колькі даваць? — пачаў збіваць яго з панталыку важны госць.
— Дык сто — моза, гаварыльня пра зямлю застанецца толькі гаварыльняю? — прыйшоў на падмогу родзічу Пятро Чорны. Яго ткнула пад бок жонка, каб не лез на ражон, але той ужо не зважаў на перасцярогу.
— Навошта ж вы так цынічна? — нібы пакрыўдзіўся, а на самай справе, мусіць, затрывожыўся Петракоў. Каб неспадзяваныя прамоўцы не зглумілі сход.
— А — сто? — Пятро выйшаў наперад i шапкі не зняў.— Там у вас, моза, неста i змянілася. A ў нас нічога не мяняецца. Наш Сяргеенка зыраваў i зыруе, Гарбацэвіч быў i ест багатыр, а я як ніцога не меў, так ніцога i не маю... Дык сказы ты мне: сто ж палепшыла ваша хвалёная равалюцыя?
Янкавінцы анямела маўчалі; салдаты выбухнулі ў знак згоды з Пятром:
— Вы тоіце рэвалюцыю!
— Глухія да мужыка!
— Махляры!
— Багатыя — толькі для багатых!
— Канчай вайну!
I Сяргеенка, i павятовы госць цярпліва выслухалі непрыязны салдацкі гул.
— Дык вот наша слова, чалавек, такое: няма наго цягнуць ката за хвост, выцэкваць! — героем выпнуў грудзі Пятро.— Давайце перамены! Давайце зямлю! Норму мы самі ўстановім. У каго колькі душ, хто ў каго на вайне...
— Грамадзяне! — папрасіў ужо Петракоў.— Калі ласка, не пад'юшчвайцеся! Чакалі дзесяцігоддзямі, пачакайце i яшчэ крыху! Зямельнае пытанне гвалтам не вырашыш. Насілле народзіць новае насілле. A насілле — гэта заўсёды кроў, слёзы...
— I старыя, i новыя адно i тое ж: здзы ды здзы! — махнуў рукою Пятро Чорны.— Здзы Пятра — сыр з'ясі...
— Грамадзяне! — пачаў намагацца ўціснуць страсці ў берагі Петракоў.— Сяляне маюць рацыю: трэба не словы, а справы. I мы пачынаем ужо дзелаваць. Вось ужо сёння, напрыклад, мы павінны абнавіць кіруючае ядро вашай воласці. Па-другое...
— Прабачце,— падняўся з-за стала Пернікаў, старшыня мясцовага батальённага салдацкага камітэта.— Вы, грамадзянін Петракоў, прадаўжаеце загаворваць усім зубы. Сякія-такія перастаноўкі ў валасным праўленні альбо перайменаванне яго — гэта ўсяго толькі нейкія паўмеры. А вось сяляне, што выступалі, законна запыталі: чаго марудзім, чаму не адбіраем зямлю ад паноў, папоў i кулакоў? Чаму не дзелім яе між беззямельнымі? Сапраўды, якая ж гэта рэвалюцыя без рэвалюцыйных змен?
— Вы — не за змены, вы — за разбурэнне! — падскочыў i крыкнуў штабс-капітан Сухарукаў, які ўжо не мог цярпець Пернікава, якога батальён больш слухаў, чым яго.
— Мы ведаем, што вы, штабс-капітан, за манархію,— абсек яго Пернікаў.— Адпаведна, вы будзеце за ўсё старое.
Читать дальше